Галіна Калтунова: «Лёс мяне з раёнкай парадніў…»
З любімай газетай “Полымя” мы амаль аднагодкі, розніца ва ўзросце толькі два гады. Разам, можна сказаць, раслі, сталелі, набіраліся сіл. І невыпадкова лёс парадніў нас, распарадзіўся так, каб нашы жыццёвыя дарогі перапляліся, каб мы сталі самымі блізкімі сваякамі, у якіх шмат агульнага: трапяткія адносіны да друкаванага слова, улюбёнасць у прафесію журналіста, жаданне праслаўляць свой родны край і яго людзей, несці святло і цяпло сваёй душы чытачам. Гэтае шчаслівае сваяцтва доўжыцца ўжо больш за 60 гадоў, яно дапамагло мне, сумяшчаючы з працай настаўніка, увасобіць няздзейсненую па важкіх прычынах мару стаць журналістам у рэальнае яе ажыццяўленне: пастаянна супрацоўнічаць з роднай раёнкай, пісаць, друкавацца на яе старонках, адкрываць таленты сярод землякоў, выдаваць кнігі. Кожны ж год роднаснасці з «Полымем» — незабыўны, незвычайны, хвалюючы адрэзак майго жыцця. Менавіта таму адной з самых каштоўных рэліквій сямейнага архіва з’яўляюцца нумары газеты, выдадзеныя ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя, якія беражліва захоўваю да сённяшняга дня, не раз чытаю і перачытваю і зноўку жыву той даўняй радасцю, калі ўбачыла на старонках «Полымя» свае першыя творы. Пажоўклыя ад часу старонкі, сціплыя ў знешнім афармленні, змястоўнай напоўненасці, яны даюць мне права аналізаваць, параўноўваць, асэнсоўваць. І заўжды лаўлю сябе на думцы, што ўспрымаю раёнку як адушаўлёны прадмет: тая, даўняя, яна ўяўляецца сарамлівай дзяўчынкай, якая нясмела засвойвае складанасці і своеасаблівасці жыцця, паступова нарошчвае вопыт, упарта шукае шляхі да дасканаласці і ўрэшце рэшт набывае сённяшні свой непаўторны воблік, ператварыўшыся ў прыгажуню-жанчыну, упэўненую, адукаваную, духоўна багатую, цікавую, рознабаковую.
Міжволі задаю сабе пытанне, падводзячы падрахунак напярэдадні яе юбілею: «Чым вызначаецца любімая газета сёння?» Азіраючыся на пройдзенае і зробленае за 80 гадоў існавання, з упэўненасцю магу сказаць: зроблена шмат. Набытыя вопыт, мудрасць спрыяюць прафесійнаму росквіту, аздобленаму ўзорам творчага пошуку, адметнасцю свайго твару, што дазваляе чытачам успрымаць «Полымя» як аўтарытэтнае і паважанае выданне, якое з года ў год, выкарыстоўваючы асабістую багатую гісторыю і прафесіянальныя традыцыі, паспяхова асвойвае новыя творчыя вяршыні, дабіваецца значных поспехаў. Як доказ — шматлікія ўзнагароды абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, у тым ліку за перамогу ў XVI і права насіць званне лаўрэата ХVIII Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая літара». За гэтым — вялікая заслуга працаздольнага, згуртаванага калектыву пад кіраўніцтвам галоўнага рэдактара І. І. Лейкі. Сёння «Полымя» — мудры субяседнік, неацэнны інфарматар, кузня маладых талентаў і прафесійнага майстэрства, прыклад цеснай сувязі з пазаштатнымі карэспандэнтамі, таленавіты летапісец чалавечых лёсаў, адкрывальніца цікавых гістарычных старонак роднага краю, эталон любові да яго, энцыклапедыя дасягненняў сельскай гаспадаркі і прамысловых прадпрыемстваў, устаноў аховы здароўя, асветы, культуры, спартыўных поспехаў. Яна вучыць нас прававой грамаце, эканоміцы, агітуе за здаровы лад жыцця, удала супрацоўнічае з работнікамі РАУС і прадстаўнікамі службы па надзвычайных сітуацыях, яна нясе чытачам святло душы мясцовых паэтаў, нязменна выпускаючы літстаронку «Рэчанька», якая стала своеасаблівым брэндам раёна, прывівае любоў да малой радзімы, дапамагае тым, хто ў будучым марыць звязаць свой лёс з журналістыкай. Інакш кажучы, выдае маладым аўтарам пуцёўкі ў жыццё. Уцешна і тое, што старонкі газеты з’яўляюцца своеасаблівай пляцоўкай для дыялогу паміж уладай і грамадствам, паміж прадстаўнікамі розных яго груп, дзе людзі шукаюць адказ на злабадзённыя пытанні, пішуць аб набалелым, уносяць свае прапановы. Сярод іх пажаданне выкарыстаць вопыт мінулых гадоў і разнастаіць суботнія нумары публікацыямі для вольнага часу і адпачынку (накшталт «Клуба выхаднога дня «Верасок», які існаваў у 70-я гады), узнавіць рубрыкі «Калонка дэпутата», «Рэдакцыя атрымала адказ», «У блакнот спецыялісту», «Антось Пякучкін» і інш. Адным словам, наперадзе, як і заўжды, работы непачаты край.
Схіляю з удзячнасцю галаву перад былымі супрацоўнікамі газеты, перад яе галоўнымі рэдактарамі, з кім мне пашчасціла ўзаемадзейнічаць і якія пакінулі глыбокі след у душы, перадалі эстафету неймавернай працаздольнасі і адданасці сваёй справе сённяшняму дружнаму, таленавітаму калектыву «Полымя», пра кожнага з членаў якога хочацца пісаць з вялікай літары. Таму і ўпэўнена: газета наша застанецца цікавай і шматграннай, бо яе ствараюць людзі, упэўненыя, што іх праца прыносіць плён, служыць стварэнню гісторыі роднага краю для цяперашняга і будучага пакаленняў. Улічваючы, што журналістыка сёння — адзін з важнейшых ідэйна-палітычных жанраў мастацтва, хачу ўзгадаць меркаванне К. С. Станіслаўскага: мастацтва павінна раскрываць вочы на ідэалы, самім народам створаныя; напомніць словы кампазітара Глюка аб тым, што прастата, праўда і натуральнасць — вось тры вялікія прынцыпы цудоўнага ва ўсіх творах мастацтва; пагадзіцца з выказваннем М. В. Гогаля аб тым, што «… у пісьменніка (чытай: журналіста) толькі і ёсць адзін настаўнік — самі чытачы». У сувязі з гэтым звяртаюся да галоўнага рэдактара «Полымя»: «Дзякуй Вам, Іна Іосіфаўна, за Вашу душэўную вялікасць, за тое, што Вы стварылі творчы, дружны калектыў, які захоўвае закладзеныя гадамі каштоўныя рысы сям’і аднадумцаў і поўнасцю адпавядае спрадвечным духоўным вартасцям, сфармуляваным у вышэй прыведзеных словах класікаў мастацтва. З юбілеем вас, родныя! Новых поспехаў, натхнення, рэалізацыі творчых задумак, здароўя, невычэрпнага энтузіязму, вялікага тыражу і прызнання чытачоў.
Галіна КАЛТУНОВА