В Кореличском райисполкоме подвели итоги работы сферы животноводства за 2023 год (+инфографика)
30 студзеня ў Карэліцкім райвыканкаме падведзены вынікі работы галіны жывёлагадоўлі за 2023 год і вызначаны задачы на бягучы.
На пасяджэнні прысутнічалі старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў, першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бусько, спецыялісты райсельгасхарчу, раённых ветэрынарнай і заатэхнічнай службаў, кіраўнікі і галоўныя спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Трывалая кармавая база – гэта аснова жыццядзейнасці ўсяго аграпрамысловага комплексу. Наяўнасць якасных кармоў гарантуе гаспадарцы атрыманне стабільных вынікаў у жывёлагадоўлі: як павелічэнне статку і прывагаў буйной рагатай жывёлы, так і надояў малака. А гэта ўжо эканоміка і рашэнне галоўнай сацыяльнай задачы галіны – забеспячэнне насельніцтва краіны харчаваннем.
Так важнасць і актуальнасць пытання ўмацавання кармавой базы гаспадарак, вынесенага на нараду, ахарактарызаваў кіраўнік раёна Генадзій Шатуеў.
– Так, сёння на канчатковы вынік па выкананні плана нарыхтоўкі травяных кармоў у вялікай ступені ўплывае кліматычны фактар, кіраваць якім мы не можам, – падкрэсліў Генадзій Мікалаевіч. – Але мы можам і павінны аналізаваць, рабіць высновы, урэшце, прыстасавацца пад сітуацыю, беручы пад увагу як станоўчы, так і адмоўны досвед папярэдніх гадоў.
Аб стане і мерах па развіцці кармавой базы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Карэліцкага раёна падрабязна расказаў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ілья Самуйлік:
– Па выніках працы за 2023 год тэмп росту валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў 104,5% пры заданні 106,0%, у тым ліку ў жывёлагадоўлі – 111,6%, у раслінаводстве – 96,1%.
Гаспадаркамі раёна выраблена прадукцыі на суму 292 млн руб., у тым ліку прадукцыі жывёлагадоўлі на 170,2 млн руб. (удзельная вага – 58,3%) і прадукцыі раслінаводства на 121,8 млн руб. (удзельная вага – 41,7%).
Сярод 9 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Карэліцкага раёна тры гаспадаркі забяспечылі выкананне даведзенага задання па тэмпе росту валавой прадукцыі за 2023 год: СВК “Свіцязянка-2003” – 107% пры заданні 101,9%, ДП “Племзавод Карэлічы” – 124,7% пры заданні 103,6%, СВК “Маяк-Заполле»– 112,7% пры заданні 107,1%. Тры гаспадаркі раёна забяспечылі прырост вытворчасці валавой прадукцыі да ўзроўню 2022 года, але не выканалі даведзеныя заданні: дзяржаўнае прадпрыемства “Малюшычы” – 104,1% пры заданні 107,5%, СВК “Жухавічы” – 101,5% пры заданні 103,2%, ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” – 132,2% пры заданні 144,2%. Не выканалі даведзенае заданне і не забяспечылі прырост да ўзроўню 2022 года тры гаспадаркі: ДП «Чарняхоўскі-Агра»– 98,1% пры заданні 102,8%, ДП «Царука» – 98,3% пры заданні 106,3% і ДП “Лукі-Агра” – 99,5% пры заданні 101,4%.
У 2023 годзе ў Карэліцкім раёне налічвалася 64130 га сельгасугоддзяў, з якіх 42047 га раллі. У структуры пасяўных плошчаў найбольшую ўдзельную вагу займаюць збожжавыя і зернебабовыя культуры – 20429 га, або 48,6 % (самы вялікі працэнт складае ў ДП “Чарняхоўскі-Агра” – 60,5%, або 2685 га, самы малы працэнт склаў у СВК “Жухавічы” – 39,8%, або 2190 га. У нашым раёне самы вялікі ў вобласці працэнт тэхнічных культур, які складае 23,1% ад агульнай плошчы раллі, або 9715 га (самы вялікі працэнт складае ў ДП “Племзавод Карэлічы” – 23,7%, самы малы — у ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” – 13%). Для забеспячэння галіны жывёлагадоўлі кармамі ў структуры пасяўных плошчаў (на раллі) 29,9%, або 12577 га займаюць кармавыя культуры (955 аднагадовыя травы, 5276 кукуруза на сілас, 5896 шматгадовых траў, 430 азімыя збожжавыя на зернесянаж).
У 2023 годзе для забеспячэння галіны жывёлагадоўлі травяністымі кармамі і стварэння трывалай кармавой базы ў раёне было падсеяна 2537 га шматгадовых траў, або 109% ад задання, з якіх 1157 га люцэрны, 730 га канюшыны і 650 га злакавых сумесяў. Перазалужванне пашаў і сенажацяў праведзена на плошчы 2050 га, або 65% ад задання (план выканалі СВК “Свіцязянка-2003”, “Жухавічы” і ДП “Племзавод Карэлічы”, не лепшым чынам ідуць справы ў гэтым накірунку ў ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” і “Малюшычы”).
У 2023 годзе ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна выраблена 105,1 тыс. тон збожжа ў вазе пасля дапрацоўкі пры сярэдняй ураджайнасці 59,8 ц/га, рапсу ў вазе пасля дапрацоўкі 15005 тон, што на 1240 тон больш за ўзровень 2022 года пры сярэдняй ураджайнасці 37,7 ц/га. Таксама вырашчана і рэалізавана 171,6 тыс. тон цукровых буракоў у заліковай вазе пры сярэдняй ураджайнасці 525 ц/га.
Гаспадаркі раёна ў дастатковай колькасці забяспечаны кармамі. Усяго нарыхтавана травяністых кармоў для грамадскага пагалоўя (у пераліку на кармавыя адзінкі) 92705 тон, або 94,2% да ўзроўню мінулага года.
Напрыканцы размовы Ілья Самуйлік адзначыў:
– У цэлым патэнцыял для развіцця галіны раслінаводства ў раёне маецца досыць вялікі. Для далейшага развіцця моцных гаспадарак неабходна ўкараненне новых тэхналогій. Слабыя гаспадаркі павінны пачаць менавіта з тэхналагічнай дысцыпліны.
Асноўнымі элементамі тэхналогіі, на якія мы звяртаем вашу ўвагу, з’яўляюцца: насенне, угнаенні, сродкі абароны і правільнае іх выкарыстанне, а таксама захаванне аптымальных агратэхнічных тэрмінаў на ўсіх відах работ.
Падчас пасяджэння Генадзій Шатуеў закрануў таксама пытанні ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў, падрыхтоўкі сельскагаспадарчай тэхнікі, якая будзе занятая на сяўбе, уборцы і нарыхтоўцы кармоў.
– Цяперашнія ўмовы надвор’я дазваляюць аграрыям прыступаць да яравой сяўбы і іншых работ нашмат раней вызначанага тэрміну. А гэта значыць, што не паспеем азірнуцца, як загудуць на палях трактары. Задачы стаяць сур’ёзныя, а значыць, іх трэба выконваць якасна, з поўнай аддачай, захаваннем тэхналагічных умоў, працоўнай і вытворчай дысцыпліны.
Пра вынікі работы жывёлагадоўчай галіны ў 2023 годзе расказала галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Валянціна Манько. Яна акцэнтавала ўвагу на пытаннях вытворчасці малака і мяса, колькасці буйной рагатай жывёлы, а таксама аналізе работы гаспадарак.
Па яе інфармацыі, у 2023 годзе прадпрыемствамі Карэліччыны было атрымана 93040 тон малака, ці 108,5% да ўзроўню мінулага года (+7267 т). Восем сельгаспрадпрыемстваў забяспечылі рост вытворчасці малака і толькі ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” не дасягнула ўзроўню мінулага года (-232,9 т). Тры прадпрыемствы не выканалі заданне: ДП “Царука” (97,6%), “Малюшычы” (98,2%) і “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” (87%).
Надой на карову склаў 7106 кг (+542 кг) – гэта шостае месца сярод сямнаццаці раёнаў Гродзеншчыны. Усе сельгаспрадпрыемствы забяспечылі рост гэтага паказчыка да ўзроўню 2022 года. Аднак тры сельгасарганізацыі не выканалі прынятыя абавязацельствы па выкананні росту надою на карову.
Рэалізацыя малака за мінулы год склала 83210 тон (+7762 т), або 110,3% да ўзроўню 2022 года. Дагаворы паставак малака на ААТ “Малочная кампанія “Навагрудскія Дары” выкананы на 106%. Тры гаспадаркі раёна не справіліся з пастаўленай задачай. На 2024 год заключаны дагаворы на пастаўку 85510 тон малака, гэта на 102% больш, чым у мінулым годзе. Таварнасць за 2023 год склала 89,4% пры заданні 90%. Павялічылася на 10% да ўзроўню мінулага года рэалізацыя малака «Экстра» і склала 68,4%. Гаспадаркам раёна неабходна больш увагі надаваць таварнасці малака.
Валянціна Паўлаўна акцэнтавала ўвагу:
– Сельгаспрадпрыемствамі раёна забяспечаны рост аб’ёма вытворчасці буйной рагатай жывёлы да ўроўню 2022 года – 106,7%, які склаў 6985,6 т пры заданні 6770 тон. Да ўзроўню 2022 года толькі СВК «Жухавічы» нязначна недаатрымалі, усяго 2,7 т, або 99,9%. На працягу апошніх трох гадоў стабільна развіваюцца і нарошчваюць аб’ёмы вытворчасці СВК «Свіцязянка-2003», ”Маяк-Заполле”, ДП “Племзавод Карэлічы” і “Лукі-Агра”. Нягледзячы на зніжэнне росту да 2020 года, аднаўляе вытворчасць ДП “Малюшычы”, чаго нельга сказаць пра ДП “Царука”.
Аналізуючы сярэднясутачныя прывагі БРЖ, трэба адзначыць, што ў раёне яны склалі 746 грам (+29 г).
Спынілася спецыяліст і на рацыёне кармлення БРЖ, бо забеспячэнне збалансаванага, бесперабойнага кармлення дае магчымасць у поўнай меры праявіцца генетычнаму патэнцыялу жывёлы, што ў сваю чаргу дазволіла сельгаспрадпрыемствам раёна атрымаць годныя вынікі ў 2023 годзе.
“Кожны павінен разумець, што высокая малочная прадуктыўнасць, а таксама якасць і колькасць малака напрамую залежаць ад кармавой базы. Таму ўсе сельгаспрадпрыемствы павінны працаваць у цеснай звязцы з агранамічнай службай гаспадарак,” – гэты пастулат неаднаразова гучаў на працягу нарады.
Спецыялісты раённых ветэрынарнай і заатэхнічнай службаў далі рэкамендацыі па павелічэнні і захаванасці пагалоўя буйной рагатай жывёлы.
Падводзячы вынікі праведзенай работы, старшыня райвыканкама Генадзій Шатуеў засяродзіў увагу на тых паказчыках, якім сёлета трэба будзе надаць асаблівую ўвагу. Неабходна прыкласці максімум намаганняў для памяншэння страты жывёлы, павышэння надояў і сярэднясутачных прываг. А для дасягнення добрых паказчыкаў гаспадаркам раёна неабходна пры выбары відавога складу шматгадовых траў зрабіць стаўку на люцэрну.
Вытворчасць жывёлаводчай прадукцыі ў Карэліцкім раёне ў 2023 годзе
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара
Інфаграфіка «Полымя»