На Кореличчине подвели итоги работы учреждений образования за 2023 год и наметили планы на текущий
Нельга не пагадзіцца з тым, што працэс творчага пошуку, калектыўнага роздуму і зацікаўленага абмеркавання гарантуе развіццё навучэнца, педагога, школы і адукацыі ў цэлым. Так, 27 лютага на Карэліччыне падвялі вынікі работы ўстаноў адукацыі за 2023 год і намецілі планы на бягучы.
Да пачатку афіцыйнай часткі быў арганізаваны своеасаблівы фестываль педагагічнага і вучнёўскага майстэрства. Установы адукацыі прадставілі свае творчыя напрацоўкі.
— Кожная школа, кожны дзіцячы сад павінны мець свой твар, а сённяшняя экспазіцыя — своеасаблівая рэклама установы адукацыі, — зазначыла падчас наведвання выставы начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч.
У пасяджэнні прынялі ўдзел намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Генадзій Карпаленка, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Вольга Базар.
Аб дасягненнях у сістэме адукацыі раёна, павышэнні якасці і даступнасці адукацыі, аптымізацыі расходаў у галіне, прыцягненні дадатковых сродкаў, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы расказала Ірына Асташэвіч.
— У 2023 годзе асноўныя намаганні былі накіраваны на забеспячэнне якаснай даступнай адукацыі, максімальную карысную занятасць непаўналетніх, аптымізацыю расходаў у галіне, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, рэалізацыю мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года міру і стварэння.
У раёне створаны ўмовы для атрымання якаснай дашкольнай адукацыі. Ахоп дзяцей ва ўзросце 6-7 гадоў выкананы і склаў 81,09% пры планавым паказчыку 81%. Захавана станоўчая тэндэнцыя ў аснашчэнні адукацыйнага працэсу сродкамі навучання, гульнявым і навучальным абсталяваннем.
ДУА “Дзіцячы сад №1 г.п. Карэлічы” і “Дзіцячы сад №2 г.п. Карэлічы” паспяхова рэалізуюць рэспубліканскі адукацыйны праект “Інфарматыка без разеткі”.
Выніковым быў удзел педагагічных работнікаў і выхаванцаў устаноў дашкольнага выхавання ў розных рэспубліканскіх і абласных конкурсах.
Дзейнасць сістэмы спецыяльнай адукацыі была накіравана на стварэнне ва ўстановах адукацыі адпаведных умоў па аказанні спецыяльных адукацыйных паслуг для рознай катэгорыі дзяцей з АПФР. Сетка спецыяльнай адукацыі штогод аптымізуецца. Так, з верасня 2023 года дадаткова адкрыты 1 клас інтэграванага навучання і выхавання ў сярэдняй школе г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай і адна спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення ў дзіцячым садзе № 2 г.п. Карэлічы. Пры гэтым зачынена група інтэграванага навучання і выхавання ў дзіцячым садзе № 2 райцэнтра.
У рамках рашэння задачы па павелічэнні долі ўстаноў з універсальным безбар’ерным асяроддзем у кастрычніку 2023 года ў сярэдніх школах №1 і №2 г.п. Карэлічы, у Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, у дзіцячым садзе г. п. Мір устаноўлены сістэмы выкліку персаналу з кнопкай са шрыфтам Брайля для інвалідаў за кошт сродкаў мясцовага бюджэту.
Прымаліся неабходныя меры па захаванні якаснай адукацыі ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Працягвалася ўдасканаленне сістэмы профільнага навучання.
Забяспечана правядзенне выніковых выпрабаванняў за курс сярэдняй школы ў новай форме ў выглядзе цэнтралізаванага экзамену для 68 навучэнцаў, па выніках якога 100-бальны вынік па беларускай мове атрымала вучаніца сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы. Рэзультаты выніковай атэстацыі паказалі, што пры павелічэнні на 4 колькасці выпускнікоў IX класаў, якія атрымалі пасведчанні аб базавай адукацыі з адзнакай 10 (5,9%), зменшылася колькасць выпускнікоў XI класаў, якія атрымалі атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём. Упершыню вучаніцы XI класа сярэдняй школы імя Г.І. Сташэўскай г.п. Мір сталі прызёрамі заключнага тура ўніверсітэцкай алімпіяды па беларускай мове, якая праводзіцца Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам, і па біялогіі, якая праводзіцца Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам.
Адзначаюцца станоўчыя тэндэнцыі (+5%) у арганізацыі летняга аздараўлення, працэнт якога склаў 112,6% ад планавага задання.
Прадоўжана работа па развіцці здароўезберагальнага асяроддзя і фізічнай культуры. Аб’ём фінансавых сродкаў, накіраваных на набыццё спартыўнага інвентару і абсталявання, склаў 49,7 тыс. руб., з іх 42,8 тыс. рублёў бюджэтных сродкаў выдзелена на асфальтаванне спартыўных пляцовак сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы і Турэцкай сярэдняй школы.
Працягнута работа па рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы “Лічбавае развіццё Беларусі”. Ва ўзаемадзеянні з Паркам высокіх тэхналогій у дзіцячым садзе № 1 і № 2 г.п. Карэлічы, сярэдніх школах № 1 г.п. Карэлічы і г.п. Мір рэалізуюцца адукацыйныя праекты “Праграміраванне ў асяроддзі Scratch”, “Інфарматыка без разеткі”. Працуе STEM-цэнтр у сярэдняй школе г.п. Мір.
Аб выніковасці работы па метадычным суправаджэнні педагагічных работнікаў сведчаць вынікі XX Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі: тры работы адзначаны дыпломамі Галоўнага ўпраўлення адукацыі (Красненская, Жухавіцкая і Турэцкая СШ) і дзве работы — дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет , СШ № 1 г.п. Карэлічы). Дыпломаў II і III ступеняў удастоены матэрыялы настаўніка Турэцкай СШ, заяўленыя на X Тураўскіх епархіяльных адукацыйных чытаннях. Дыпломаў I, I, III ступеняў удастоены конкурсныя матэрыялы педагогаў СШ № 1 г.п. Карэлічы ў рэспубліканскім экскурсійным марафоне “Дзіцячы аўтацягнік”.
Два дырэктары ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўключаны ў склад рэспубліканскай (Таццяна Шаплыка) і абласной (Таццяна Шаплыка і Алена Вярбіцкая) асацыяцыі кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, старшы захавальнік музейных фондаў Уладзімір Брант — у рэспубліканскае метадычнае аб’яднанне арганізатараў музейнай справы. Рэзудьтатыўна завершана работа раённай творчай групы настаўнікаў па стварэнні метадычнага рэсурсу па вучэбных прадметах “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне на ўроку”.
Праводзілася сістэмная работа па павышэнні якасці ідэалагічнай і выхаваўчай работы з навучэнцамі. Прыярытэты па-ранейшаму накіраваны на фарміраванне грамадзянска-патрыятычных якасцей навучэнцаў.
Не засталася па-за ўвагай работа па ўмацаванні і развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Сума сродкаў, затрачаных на мадэрнізацыю, капітальны і бягучы рамонты ўстаноў адукацыі, склала 396,4 тыс. руб., у тым ліку з раённага бюджэту — 367,4 тыс. рублёў. Сума прыцягнутых дадатковых сродкаў склала 128,4 тыс. рублёў. На набыццё матэрыяльных каштоўнасцяў выдаткавана 822,3 тыс. рублёў.
— Разам з тым, у ходзе аналізу мы бачым, над якімі пытаннямі варта яшчэ больш актыўна працаваць. Ёсць да чаго імкнуцца. Агульны наш педагагічны рэйтынг складаецца з поспехаў кожнага з вас, — заключыла начальнік аддзела адукацыі.
— Інавацыйная дзейнасць, моцныя веды, павышэнне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці навучэнцаў, любоў да Айчыны, — менавіта гэтыя задачы павінны стаць прыярытэтнымі ў працы сучаснага педагога, — такі пасыл прагучаў на выніковай нарадзе з вуснаў намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўгена Чычкана.
Па выніках працы лепшымі ў педагагічнай дзейнасці прызнаны ДУА “Дзіцячы сад г.п. Мір”, ДУА “Турэцкая сярэдняя школа”, ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”.
Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ірына Асташэвіч уручыла Ганаровымя граматы Карэліцкага райвыканкама метадысту РВМК Іне Лецка, дырэктару ДУА “Сярэдняя школа імя Г. І. Сташэўскай” г.п. Мір Таццяне Шаплыка, намесніку загадчыка ДУА “Дзіцячы сад № 2. г.п. Карэлічы” Галіне Жук і намесніку дырэктара ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы” Кацярыне Варанко.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара