Журналист районной газеты «Полымя» принял участие в отработке Лукского сельсовета

Журналіст раённай газеты «Полымя» разам з прадстаўнікамі аддзела адукацыі раённага выканаўчага камітэта і інспекцыі па справах непаўналетніх раённага аддзела ўнутраных спраў падчас адпрацоўкі Лукскага сельсавета наведалі сем’і, у якіх дзяцей выхоўваюць маці і айчымы. Па этычных прычынах не называю іх прозвішчаў і населеных пунктаў.

Сям’я як абярэг у жыцці

У многіх з сям’ёй звязаны самыя цёплыя ўспаміны. Бацькі аддаюць усю любоў сваім дзецям, а дарослыя сыны і дочкі імкнуцца зрабіць гэтае самае і для сваіх малых. Вось толькі не ва ўсіх усё і заўсёды атрымліваецца, як хацелася б: некаторыя сем’і распадаюцца, а дзеці пакутуюць. Праўда, сустракаюцца яшчэ смельчакі, якія ў пошуках шчасця ствараюць сям’ю ў другі раз, і ў іх доме пасяляюцца лад і ўзаемаразуменне.

Дружная сям’я — астравок вялікай любові. У ёй клапоцяцца адзін пра аднаго. Сюды заўсёды хочацца вяртацца, бо цябе тут  зразумеюць. Працягнуць руку дапамогі, калі ў гэтым будзеш мець патрэбу. Менавіта ў сям’і можаш быць самім сабой, і цябе будуць любіць такім, які ты ёсць, табе не патрэбна будзе прытварацца. Любоў сям’і немагчыма замяніць ніякімі каштоўнасцямі ў жыцці.

Інваліднасць не прыгавор

Наведваемся ў шматдзетную сям’ю. У ёй выхоўваецца трое дзяцей: 16-гадовыя двайняты і 15-гадовы юнак. Як высвятляецца, старэйшыя — выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна. Трэці — школьнік.

— Як cпраўляецеся з дзецьмі? — цікавімся ў бацькоў.

— Стараемся гэта рабіць належным чынам, — адказваюць яны. — Старэйшыя наведваюць карэкцыйны цэнтр. Раніцай у восем гадзін накіроўваюцца ва ўстанову адукацыі і пасля абеду, у 16.30, вяртаюцца дамоў.

Усе клопаты па выхаванні дзяцей кладуцца ў асноўным на плечы маці. Да таго ж, яна аформлена па доглядзе за дзецьмі-інвалідамі. Муж працуе ў мясцовым сельгаскааператыве, але ён не ўхіляецца ад выканання бацькоўскіх абавязкаў.

— Вам не заўсёды бывае проста? — спыталі ў мужа і бацькі.

— Дзеці як дзеці. Ведаючы звычкі і характары, імкнуся падтрымліваць і дапамагаць у іх справах, — адказвае суразмоўца.

Сапраўды, інваліднасць не прыгавор. Там, дзе ў сям’і пануюць лад і згода, можна прыйсці да агульнай высновы, а дзецям-інвалідам знайсці ў сабе сілы адчуць сваю патрэбнасць на зямлі.

З чыстага ліста

Члены рэйдавай групы не мінаюць і дом абавязанай асобы. Згодна з Дэкрэтам № 18, малады бацька павінен вяртаць даходы на ўтрыманне дзяцей. Дарэчы, іх двое, і яны знаходзяцца на выхаванні ў Сацыяльна-педагагічным цэнтры Карэліцкага раёна.

— Як зараз ідуць справы? — задаём пытанне гора-бацьку.

— На шлях выпраўлення стаў, — коратка адказвае ён і дадае, што хоча пайсці здаваць на вадзіцельскія правы.

Што ж, чалавек вызначаецца ўчынкамі. І ніколі не позна пачаць сваё жыццё з чыстага ліста. Гэтага жадаем і маладому бацьку, каб ён паверыў у свае сілы і знайшоў справу па душы. Менавіта праца ўзвышае чалавека і дае сродкі для існавання. Зрабіць гэта патрэбна як для сябе, так і для дзяцей.

«Ён мне як сын»

У маладой сям’і падрастаюць двое дзяцей: шасцігадовы хлопчык і дзяўчынка, якой споўнілася адзін год і тры месяцы.  Дачка нарадзілася ад сумеснага шлюбу бацькоў, а хлопчык — ад першага шлюбу маці.

— Вы яго не збіраецеся ўсынавіць? — цікавімся ў айчыма.

— Пакуль не зарэгістравалі, — адказвае суразмоўца. — Ён мне як сын. Мы распісаліся з яго маці, і ў нас адна сям’я.

Існуе меркаванне, што не той бацька, які даў жыццё малышу, а той, хто яго выхаваў. Хочацца верыць, што словы маладога мужчыны не разыдуцца са справай: ён будзе надзейнай апорай і падтрымкай для шасцігадовага хлопчыка, якога ўжо сёння назваў сваім сынам.

Двайная радасць

На парозе дома нас сустракае маладая маці. Яна расказвае, што яе спадарожніка жыцця няма дома, ён працуе дальнабойшчыкам.

У сям’і выхоўваецца двое дзяцей: шасцігадовая дачка ад іх сумеснага шлюбу, і васьмігадовы сын — ад першага шлюбу. Скаргаў на жыццё ў жанчыны няма, яе ўсё задавальняе, і яна радуецца кожнаму новаму дню.

Наша субяседніца  паведала і пра сваю цяперашняю справу: яна аніматар. Аказваецца, яна можа быць шчаслівай не толькі сама, але і дарыць хвіліны радасці іншым людзям. У яе гэта атрымліваецца.

Разам на працы і дома

— Пяты год разам, — адначасова гавораць мужчына і жанчына, калі пацікавіліся іх сумесным жыццём. Як аказалася, разам ходзяць і на працу.

У гэтай сям’і ўсё агульнае: радасці і цяжкасці яны дзеляць папалам. Усё вырашаюць на сямейным савеце. Падрастае 13-гадовы сын, і, як гавораць сужэнцы, у падлеткавым узросце ўсялякае бывае, як-ніяк пераходны ўзрост. Вось толькі яны клапоцяцца, каб справы ў малодшага ішлі належнам чынам, і дапамагаюць вырашаць складаныя пытанні.

Галіна СМАЛЯНКА