Пачуць, зразумець, дапамагчы – лейтматыў народных абраннікаў з Мірскага сельсавета
Данесці ідэю і знайсці аднадумцаў
Быць дэпутатам на вёсцы – значыць не толькі бачыць жыццё землякоў, але і пастаянна дапамагаць ім вырашаць надзённыя праблемы. Для Вольгі Космач, дэпутата Мірскага сельскага Савета дэпутатаў па Мядзвядскай выбарчай акрузе № 14, старасты вёсак Вялікая і Малая Мядзвядка, гэтыя абавязкі не ў навінку.
Вольга Уладзіміраўна лічыць, што дэпутат сельскага Савета – гэта давераная асоба жыхароў вёскі. Ён прадстаўляе інтарэсы вяскоўцаў і аказвае садзейнічанне ў вырашэнні хвалюючых пытанняў. Сёння жанчына ўжо і не ўспомніць, чаму ў 2018 годзе вырашыла стаць адным з кандыдатаў у дэпутаты Мірскага сельвыканкама. Хутчэй за ўсё аднавяскоўцы і старшыня сельсавета падштурхнулі да дэпутацкай дзейнасці. Нягледзячы на вялікую адказнасць, ні разу не пашкадавала аб прынятым рашэнні, бо жанчына дапамагае аднавяскоўцам, людзям, якія ёй не абыякавыя.
Асноўнае месца працы Вольгі Космач – установа “Музей “Замкавы комплекс “Мір”, але грамадская работа ёй не перашкаджае, а толькі дапамагае: з аднаго боку спрыяе далейшай рэалізацыі прафесійных якасцяў, а з другога – дазваляе зразумець мясцовых жыхароў, каб вырашаць іх надзённыя жыццёвыя пытанні.
Усяго ў Мядзвядскай акрузе пражывае 167 чалавек: 8 дзяцей, 108 працуючых і 51 пенсіянер. У летні час вёскі ажываюць, практычна павялічваюцца ўдвая за кошт прыезду сезонных жыхароў і дачнікаў. У любы час дэпутат гатова выслухаць сваіх выбаршчыкаў.
– Людзі на маім участку ініцыятыўныя – большасць пытанняў вырашаюць самастойна. Па дапамогу звяртаюцца нячаста. Ну а калі ўсё ж здараецца, то спачатку спрабуем вырашыць праблему сваімі сіламі. Калі не атрымліваецца, просім дапамогі ў кіраўніцтва рай- і сельвыканкамаў, – адзначыла жанчына.
На ўскраіне вёскі, на сельскіх могілках, у другой палове ХІХ стагоддзя быў пабудаваны храм Ушэсця Гасподняга. У апошнія гады будынак страціў свой першапачатковы выгляд, патрабаваўся капітальны рамонт. Жыхары вёскі дзякуючы арганізатарскім здольнасцям дэпутата сабралі грашовыя сродкі і сваімі сіламі адрамантавалі вокны і дзверы, правялі ўнутраны касметычны рамонт, а дзякуючы разуменню з боку органаў райвыканкама, мясцовага кіравання святыня набыла новы выгляд: быў адрэстаўраваны фасад храма.
Карыстаючыся павагай людзей, Вользе Уладзіміраўне ўдаецца зацікавіць землякоў у навядзенні парадку на роднай зямлі, пераканаць іх у неабходнасці пастаянна падтрымліваць чысціню на прыдамавых тэрыторыях, клапаціцца аб добраўпарадкаванні грамадскіх месцаў у населеных пунктах. Па першым закліку дэпутата вяскоўцы выходзяць на суботнікі, наводзяць парадак каля памятных месцаў: мясцовыя могілкі, помнік загінулым воінам, памятны знак у гонар Ігната Дамейкі, а таксама ахвотна падтрымліваюць і іншыя ініцыятывы дэпутата.
– Калі правільна арганізаваць любое пачынанне, данесці ідэю да людзей, абавязкова знойдзеш аднадумцаў. А калі за справу бяруцца разам хоць бы некалькі чалавек, вынік не прымусіць чакаць, – менавіта такім прынцыпам кіруецца стараста.
Як чалавек неабыякавы да лёсу сельскіх населеных пунктаў, Вольга Уладзіміраўна выступае за іх развіццё і дынаміку.
— Я лічу, што трэба ўмацоўваць пазіцыі малых населеных пунктаў, але для рэалізацыі такой ідэі патрэбна моладзь. Замацаванне на працоўных месцах маладых спецыялістаў у вёсках, сельскагаспадарчай арганізацыі пойдзе на карысць сельскай мясцовасці. А з тым, што ў вёсцы трэба жыць у згодзе, дапамагаць адзін аднаму, пераканана на сваім асабістым вопыце.
Нельга дыхаць прахалодай на людзей
Мірская гарадская бальніца даўно стала месцам грамадскага жыцця. Ды і як жа інакш, калі яе загадчык Жанна Брант з’яўляецца мясцовым дэпутатам.
Жыхары г.п. Мір ведаюць яе як актыўнага чалавека, які жыве не толькі сваімі праблемамі, але і клопатамі пра іншых. Урач нікому ніколі не адмаўляе, не таму, што з’яўляецца дэпутатам, а таму, што не можа інакш.
– Медыцынскія работнікі – людзі асаблівыя, сабе не належаць. І місія ў іх таксама асаблівая: несці дабро людзям. Заўсёды прашу калег паважліва і ўважліва ставіцца да пацыентаў. У выздараўленні немалую ролю адыгрывае псіхалагічны камфорт і цеплыня зносін, – упэўнена Жанна Станіславаўна.
Як дэпутат Мірскага сельвыканкама, выбіралася жыхарамі гарпасёлка тройчы.
За працяглы час работы ва ўстанове аховы здароўя жанчына ведае амаль кожнага міраніна, ды і не толькі. Прыязджаюць лячыцца пацыенты і з іншых вёсак: у зоне абслугоўвання Мірскага медыцынскага ўчастка знаходзіцца 18 населеных пунктаў, а гэта 3320 чалавек.
– Добра знаёмыя мне мясцовыя жыхары, іх надзеі і праблемы. Дзеляцца яны са мной усім: душэўнымі перажываннямі і асабістымі сакрэтамі. Просяць парады, як па здароўі, так і садзейнічання ў нейкіх іншых пытаннях. Часцей за ўсё яны датычацца рамонту дарог, вулічнага асвятлення, добраўпарадкавання.
Жанна Станіславаўна адзначыла, што жыхары гарадскога пасёлка — дастаткова актыўныя людзі, працавітыя. Таму ініцыятывы — выйсці ўсім разам на суботнік, акультурыць тэрыторыю — успрымаюцца на “ўра”.
— Заўсёды на сувязі з намі сельсавет, прадпрыемствы і арганізацыі. Калі трэба, яны аказваюць нам садзейнічанне. Мы таксама дапамагаем ім. Пры неабходнасці аб’ядноўваемся і вырашаем наспелую праблему. Робім усё максімальна хутка, каб чалавек не чакаў, — дадае суразмоўца.
Сапраўды, і ў жыцці, і ў працы яна кіруецца прынцыпам урача эпохі Адраджэння, швейцарскага алхіміка і філосафа Парацэльса: “Сіла лекара – у яго сэрцы”. Увогуле, Жанна Брант для людзей, сярод якіх жыве і працуе, не толькі медработнік, ад якога людзі чакаюць аказання меддапамогі, але і лепшы сябар, з якім можна пагаварыць на розныя тэмы, спытаць парады, папрасіць дапамогі.
Дэпутат, педагог, дарадца…
Апошнім часам усё больш маладых, мэтанакіраваных, граматных людзей прыходзіць у структуры выканаўчай улады. Яны поўныя ідэй і планаў, рэформаў і крэатыўных рашэнняў, упэўненыя, што ўсе задумкі можна рэалізаваць, трэба толькі правільна выпрацаваць стратэгію іх увасаблення.
Сапраўдны педагог заўсёды адрозніваецца актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Ён не замыкаецца ў межах сваёй установы адукацыі, свайго калектыву і заўсёды знаходзіцца ў цэнтры грамадскага жыцця. Такую неабыякавую жыццёвую пазіцыю займае і Наталля Купрыенка – дэпутат Мірскага сельвыканкама па Мірскай выбарчай акрузе № 9. З’яўлялася дэпутатам 27 і 28 скліканняў. Па роду асноўнай дзейнасці – загадчык ДУА “Дзіцячы сад г.п. Мір”. Яна не толькі вопытны і адораны педагог, але і чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, які заўсёды вывучае і бачыць праблемы людзей. Па яе ініцыятыве быў наведзены парадак каля крыніцы, што недалёка ад спіртзавода ў г.п. Мір.
— Хочацца сказаць, што звароты ад грамадзян рэдка паступаюць як да дэпутата, у асноўным пачуць праблемы можна на бацькоўскіх сходах у садку, бывае, на вуліцы сустрэнуць, часам патэлефануюць, — падзялілася Наталля Мікалаеўна. — Каб нешта зрабіць на карысць, неабходны ўдзел усіх і кожнага, неабходна сумеснае вырашэнне пытанняў, а дакладней, патрэбна адзіная згуртаваная каманда, у якую ўваходзяць сельсавет, дэпутацкі корпус і самі жыхары. Людзям важна зразумець, што мясцовае самакіраванне — гэта, перш за ўсё, самі жыхары, ад якіх залежыць іх будучыня.
У грамадскай рабоце дэпутату вельмі дапамагае асноўная педагагічная дзейнасць.
— Напрыклад, пры наведванні праблемных сем’яў, у якіх пражываюць непаўналетнія, праводзіцца прафілактычная работа з іх бацькамі. Веданне педагогікі і псіхалогіі дае магчымасць выслухаць кожнага, і нават дапамагчы, калі не матэрыяльна, то маральна. А яшчэ зараз наша ўстанова адукацыі працуе над рэалізацыяй праекта “Праз гульню да здароўя”. Ужо аднавілі пяць гульняў з серыі “Гульні народаў свету”. Мерапрыемствы разлічаны для ўсіх узростаў і падыходзяць для асоб з асаблівасцямі развіцця і людзей з інваліднасцю. Наша задача — ахапіць удзелам у праекце як мага больш жыхароў пасёлка, — адзначыла дэпутат.
Наталля Мікалаеўна для сваіх выбаршчыкаў — прыклад дарадчыка і памочніка ў іх штодзённых справах. А неабыякавасць — адна з галоўных яе якасцяў. І да вырашэння ўзнікаючых пытанняў заўсёды падыходзіць гэтак жа адказна, як да сваіх. Напэўна, гэта і ёсць пакліканне абраных людзей.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара