Пункт погляду журналіста: «Як слова ў сэрцы адгукнецца»

Усяго некалькі дзён засталося да юбілею раённай газеты «Полымя», які адзначаецца 13 лютага. Гэтая дата па-асабліваму ўскалыхвае душу: сваё жыццё прысвяціла працы ў любімай раёнцы. Была юнкорам і селькорам, затым на працягу шматлікіх гадоў і да сённяшняга дня нясу слова чытачам. Імкнуся, каб яно адгукнулася ў іх сэрцах.

Галоўны рэдактар Вячаслаў Хілімонаў і Галіна Смалянка на святкаванні 100-гадовага юбілею Вялікаслабодскай школы

Героі маіх публікацый — у пераважнай большасці вяскоўцы. Я люблю з імі сустракацца і слухаць іх аповеды пра жыццё. У іх шмат мудрасці, мова напоўнена народнымі выразамі. Яны любяць працу і сям’ю, усё прыгожае на зямлі. Сустрэчы пакідаюць глыбокі след у душы, і хочацца яшчэ не раз успомніць нашу гутарку.
Слова мае вялікую сілу — у гэтым пераконвалася не раз. Добрае і шчырае, яно дапамагае загаіць раны ў душы, а вострае і прыкрае, вывесці з раўнавагі. Менавіта таму хочацца, каб людзі перад тым, як штосьці сказаць, папярэдне добра падумалі аб сказаным.
У друкаванага слова яшчэ мацнейшая сіла. Газету ці часопіс чытае шмат людзей. Калі камусьці спадабаецца артыкул, могуць вярнуцца да яго не адзін раз. Як важна, каб словы неслі праўдзівую інфармацыю і былі напісаны на зразумелай мове. Прызнацца, зрабіць гэта не заўсёды бывае проста, але да гэтага трэба імкнуцца.
Слова — гэта ўчынак. Памятаючы словы вялікага мысліцеля, імкнуся падбіраць зразумелыя і шчырыя, пісаць на роднай і простай мове. Хто б ні чытаў мой артыкул, каб змог зразумець яго сутнасць і штосьці карыснае ўзяць для сябе. Сельскія жыхары надзелены вялікай мудрасцю, у іх шмат чаму можна павучыцца. Яны любяць жыццё, працу, дзяцей. Пагутарыш з імі — і быццам наталішся крынічнай вадой у спякотны дзень і так хораша стане на душы.
Колькі разоў пераконвалася ў тым, што раённую газету «Полымя» карэліччане любяць. Яна для іх жаданы госць у хаце. «Свая і родная, пра нашых людзей», — гавораць падпісчыкі падчас сустрэч, і гэта самая высокая адзнака нашай працы. Журналісты расказваюць пра падзеі ў раёне і лепшых працаўнікоў — і чытачы ў курсе ўсіх спраў.
Імкліва бяжыць час. Сёння раёнка ўпэўнена крочыць у заўтрашні дзень, імкнецца адпавядаць патрабаванням часу. На яе старонках змяшчаецца аператыўная і праўдзівая інфармацыя. У газеты з’явіўся надзейны сябар — сайт. Для яго карыстальнікаў гэта сапраўдная знаходка: тут яны могуць даведацца пра падзеі ў раёне, не выходзячы з хаты, у той жа дзень. Яны могуць быць карыстальнікамі і многіх сацыяльных сетак мясцовага выдання і даведвацца шмат цікавага.
80-годдзе раённай газеты «Полымя» — вялікае свята. У гэтыя дні яго раздзяляем разам з ветэранамі працы, падпісчыкамі газеты, сацыяльнымі партнёрамі і ўсімі, хто быў і застаўся для нас надзейнымі сябрамі. Шчыра віншуем са знамянальнай падзеяй і спадзяёмся на далейшае творчае супрацоўніцтва.

Галіна СМАЛЯНКА

1