Да 80-годдзя раённай газеты «Полымя»: шлях ад мінулага да сучаснага
80 гадоў наша раёнка ажыццяўляе сваю дзейнасць і нясе жыхарам навіны раёна, распавядае пра падзеі ў дзяржаве і вобласці. Жыццёвы шлях газеты ад мінулага і да сучаснага разнастайны: баявы, дзелавы, імклівы, пазнавальны. А пачынаўся гэты шлях так. У даваенны час новастворанымі Мірскім і Валеўкаўскім раёнамі праводзілася арганізацыйная работа па стварэнні друкаваных органаў, але яна была канчаткова не арганізавана. Тэрыторыя нашага раёна з 26.06.1941 года была акупаваная нямецка-фашысцкімі захопнікамі і ўключана ў склад Генеральнай акругі «Беларусь» рэйсхкамісарыята «Остланд». Надышоў час цяжкага жыцця і барацьбы насельніцтва раёна ў акупацыі. Ствараліся падпольныя райкамы партыі, якія прыступалі да арганізацыі барацьбы ў тыле з ворагам. На цяперашняй тэрыторыі раёна былі створаны Карэліцкі і Мірскі падпольныя райкамы КП(б)Б. Для правядзення агітацыйнай працы ў арганізацыі барацьбы з ворагам у падполлі патрэбныя былі друкаваныя выданні, бо тэлеграфы, тэлефоны і радыёпрыёмнікі для карыстання насельніцтвам былі забаронены акупантамі.
У сувязі з гэтым з 13 лютага 1944 года на акупаванай тэрыторыі цяперашняга Карэліцкага раёна, у падполлі, пачала выходзіць газета «Чырвоны партызан», орган Карэліцкага райкама КП(б)Б (рэдактар Радкевіч Р.С.) і газета «Сцяг свабоды», орган Мірскага райкама КП(б)Б, першы нумар якой выйшаў 15 сакавіка 1944 года (рэдактар Хілімонаў В.А.). У глыбокім падполлі газета «Сцяг свабоды”, адзіная ў вобласці, выпускала плакат сатырычнай накіраванасці “Партызанскае жыгала». Рэдагаваў і выпускаў яго наш зямляк Янка Брыль.
Друкаваліся газеты ў партызанскім лагеры за Нёманам, ва ўрочышчы Хідры, у наваколлі вёскі Антанёва, на амаль прымітыўным абсталяванні. Прыходзілася цяжка набываць паперу, шрыфт і фарбу. Партызаны выконвалі спецыяльныя заданні, каб усё гэта знайсці і даставіць у падпольную друкарню. На першай старонцы падпольных газет друкаваліся матэрыялы Савінфармбюро, на другой – баявыя дзеянні партызанскіх атрадаў, мужнасць партызан і злачынствы акупантаў. Хоць тыраж газет быў невялікі і залежаў ад колькасці паперы, але іх змест распаўсюджваўся насельніцтвам, людзі былі вельмі рады пачуць навіны з фронту і падзяліцца імі з вяскоўцамі.
08.07.1944 года тэрыторыя раёнаў была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пасля вызвалення ад акупацыі і аднаўлення дзейнасці партыйных і савецкіх органаў аднавілі работу і рэдакцыі раённых газет. У Карэліцкім раёне пачала выдавацца на рускай мове газета “Красное знамя”, орган раённага камітэта КП(б)Б (з 1952 года — КПБ) і выканаўчага камітэта Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных. Газету рэдагавалі Роза Сцяпанаўна Радкевіч, Яўгеній Ігнатавіч Крамко, Вольга Андрэеўна Гайдук, Алег Пятровіч Смальянаў, Барыс Іванавіч Малышаў. У Мірскім раёне — газета “Сцяг свабоды”, орган раённага камітэта КП(б)Б і выканаўчага камітэта Мірскага раённага Савета дэпутатаў працоўных. Газету рэдагавалі Іван Кірылавіч Кузняцоў, Іван Антонавіч Брыль.
Згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 17.12.1956 года Мірскі раён аб’яднаны з Карэліцкім, і карэліччане пачалі выпісваць і чытаць газету “Сцяг свабоды”, орган Карэліцкага раённага камітэта КПБ і выканаўчага камітэта Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных. Газету рэдагавалі Уладзімір Уладзіміравіч Налецька, Вікенцій Фаміч Жураўскі.
Згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 25.12.1962 года “Аб узбуйненні сельскіх раёнаў Беларускай ССР” па Гродзенскай вобласці Карэліцкі раён аб’яднаны з Навагрудскім. З гэтага часу карэліччане выпісваюць і чытаюць міжраённую газету «Новае жыццё» — орган Гродзенскага абласнога камітэта КПБ і абласнога Савета дэпутатаў працоўных, са студзеня 1963 года — орган партыйнага камітэта Навагрудскага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення і раённага Савета дэпутатаў працоўных.
Згодна з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 06.01.1965 года “Аб утварэнні новых раёнаў Беларускай ССР” у мэтах разукрупнення раёнаў утвораны ў Гродзенскай вобласці Карэліцкі раён з цэнтрам у г.п. Карэлічы. Пасля аднаўлення раёна газета з красавіка 1965 года атрымала назву “Полымя», орган Карэліцкага раённага камітэта КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (з 07.10.1977 года — Савета народных дэпутатаў. З 02.09.1991 года — газета «Полымя» — орган Карэліцкага раённага Савета народных дэпутатаў (з 15.03.1994 года — Савета дэпутатаў), з 24.02.1995 года — орган Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Карэліцкага выканаўчага камітэта. З 29.06.2001 года і на сённяшні дзень — установа «Рэдакцыя газеты «Полымя». Да снежня 1989 года ў Карэлічах існавала друкарня, дзе выходзіла ў свет раённая газета «Полымя», затым газета друкавалася ў Навагрудскай друкарні. У цяперашні час друкуецца ў Гродзенскім абласным унітарным паліграфічным прадпрыемстве “Лідская друкарня”.
У розныя гады з’яўляліся галоўнымі рэдактарамі газеты Радкевіч Р.С., Нікішын Н.С., Ламека Л.І., Мацко А.А., Глекаў І.П., Крамко Я.І., Гайдук В.А., Станюк А.І., Налецька Ул.Ул., Жураўскі В.Ф., Малышаў Б.І., Смальянаў А.П., Дораш І.І., Дубоўскі В.Л., Карпук Ул.І., Шлык І.А., Санчук І.М.
З юбілейнай датай, «Полымя»! Выданню — далейшага росквіту, а творчаму калектыву — рэалізацыі намечаных планаў, натхнення, прафесійных поспехаў і прымнажэння традыцый, здароўя і асабістага дабрабыту супрацоўнікам і ветэранам рэдакцыі.
Баляслаў НАВІЦКІ, ветэран працы, краязнаўца