Таісія Мухіна з агр. Райца, пазаштатны аўтар газеты «Полымя», віншуе раёнку з 80-годдзем
Наша раённая газета “Полымя” святкуе свой юбілей. Калі мы гаворым пра 80-гадовы ўзрост чалавека, то бачым перад сабой мудрую, паважаную, вопытную асобу, якая ўжо можа падзяліцца сваімі думкамі-развагамі і даць парады на далейшае жыцце. Тут жа 80 гадоў газеце! Але ж за гэтай сур’ёзнай датай таксама стаяць людзі. Людзі розных узростаў, думак, меркаванняў. А чытач… Ён кіне позірк часам на дробненькі шрыфт у нейкай заметцы – і няма ахвоты нават чытаць. Ці наадварот, прыходзіць газета з прыгожым афармленнем, у меру запоўнена здымкамі і арыгінальнымі загалоўкамі – і тады так хочацца хутчэй азнаёміцца з напісаным. А за ўсім гэтым стаяць людзі, якія афармляюць для нас інфармацыю. Што тычыцца пазаштатных карэспандэнтаў, то, мяркую, яны знаходзяцца ў самым выгадным становішчы, таму што свой матэрыял яны, перш чым падаць да друку, доўга выношваюць у душы, перачытваюць па некалькі разоў, самі з сабой спрачаюцца… І толькі выпеставаўшы свае дзецішча, дзеляцца з чытачамі, аддаючы на іх суд покліч сваёй душы. Непасрэдныя журналісты, карэспандэнты такой магчымасці не маюць. Ім трэба быць зоркімі, пільнымі, мець вастрыню чуцця, своечасова рэагаваць на ўсе падзеі і ёмка, даходліва перадаць нам на старонках газеты. Таму сёння ад душы віншую ўсіх, хто мае дачыненне да юбілею, з гэтай прыгожай датай і жадаю пленнай працы, творчага мыслення і легкага палёту думкі. Няхай у вашых сем’ях заўжды пануе мір, узаемаразуменне, будуць усе здаровымі, тады і будзе ўсім добра.
Таісія Мухіна, агр. Райца