В Кореличах поздравили с 90-летием Галину Васильевну Данильчик

На Карэліччыне з павагай і клопатам адносяцца да людзей залатога ўзросту. Іх запрашаюць на раённыя святы і віншуюць з юбілеямі. Што да доўгажыхароў, да іх адносіны своеасаблівыя: прадстаўнікі раённых службаў наведваюцца дамоў, каб выказаць словы ўдзячнасці за іх бездакорную працу на карысць грамадства, пажадаць шчаслівага жыцця на пенсіі, уручыць падарункі.

22 лютага са святочным візітам да Галіны Васільеўны Данільчык з райцэнтра ў сувязі з яе 90-гадовым юбілеем завіталі супрацоўнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. Лютаўскі пахмурны дзень у доме доўгажыхаркі змяніўся светлымі фарбамі, а вочы ў юбіляршы і гасцей засвяціліся агеньчыкамі. Як гаворыцца, дабрыня чалавечых сэрцаў можа растапіць нават самыя моцныя льдзіны.
У Галіны Васільеўны адна з самых высакароднейшых прафесій на зямлі: яна сейбіт разумнага, добрага, вечнага. Многім дзяўчынкам і хлопчыкам у тыя далёкія гады настаўніца падарыла трывалыя веды, любоў да Радзімы, веру ў заўтрашні дзень. Сёння яе былыя вучні ўпэўнена крочаць па жыцці, служаць абранай прафесіі і з удзячнасцю ўспамінаюць любімую настаўніцу.


Шчырыя словы ў адрас Галіны Васільеўны выказала загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна», старшыня пярвічнай арганізацыі гэтай установы РА РГА «Белая Русь» Алена Арцюх:
— Такі юбілей вельмі важная і значная падзея. Далёка не кожнаму ўдаецца сустрэць такі шаноўны ўзрост. Колькі ў Вас мудрасці, цярпення і здароўя, бадзёрасці! Ад душы жадаем наймацнейшага здароўя, яснага розуму, сіл і энергіі. Няхай кожны дзень прыносіць штосьці новае, цікавае, захапляючае, а сучасны свет глядзіць на Вас і зайздросціць. Вы прамы доказ таго, што магчымасці чалавека нічым не абмежаваныя. Можна і ў 90 гадоў быць цудоўным, прыгожым, мудрым і разумным чалавекам, мець добры выгляд і вылучаць пазітыў. Усяго Вам самага добрага. Няхай кожны дзень дорыць радасць і станоўчыя эмоцыі. Гэта і ёсць залог доўгажыхарства.
Алена Анатольеўна ўручыла юбіляру падарунак ад РА РГА «Белая Русь».

Свае віншаванні выказалі інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ЦСАН Карэліцкага раёна Аляксандра Валасевіч і сацыяльны работнік Вольга Лагута.

— Галіна Васільеўна, для пачатку, калі ласка, коратка паведайце пра сябе.
— Нарадзілася ў вёсцы Каменны Барок Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. Закончыла Белдзяржуніверсітэт імя У. І. Леніна. Выкладала ў Карэліцкай сярэдняй школе рускую мову і літаратуру. Працоўны педагагічны стаж складае 42 гады, а мой муж Мікалай Мікалаевіч Данільчык адпрацаваў на педагагічнай ніве 56 гадоў.
— Які след у душы пакінула прафесія?
— Прыемна сустракацца з былымі вучнямі. Яны з удзячнасцю адносяцца да мяне як да свайго настаўніка за тое, што навучыла не толькі граматна пісаць, але і жыццёвым мудрасцям. Неаднойчы ўспамінаюцца вялікія класы, у якіх было па 40 і больш вучняў. Іх сшыткі з сачыненнямі ледзь-ледзь змяшчаліся ў маім вялікім партфелі. Калі скласці ўсе вучнёўскія сшыткі, то, напэўна, атрымалася б дарога да Мінска. Гэтыя цёплыя ўспаміны ўскалыхваюць душу і дапамагаюць быць у добрым настроі.
— Чым любіце займацца на заслужаным адпачынку?
— Чытаю кнігі і газеты, разгадваю крыжаванкі, працую ў агародзе. Усё гэта робіць маё жыццё разнастайным і не дае магчымасці сумаваць.
— У чым сакрэт даўгалецця?
— Трэба быць добрым, сумленным і карысным чалавекам, любіць Радзіму, быць адданным ёй і народу, любіць людзей і імкнуцца дапамагаць ім у любым узросце і пры любых абставінах.

— Хто дапамагае Вам у паўсядзённым жыцці?
— Маім надзейным памочнікам з’яўляецца сацыяльны работнік Вольга Віктараўна Лагута. Яна для мяне як дачка і ўнучка. Клапоціцца пра мяне: прыбірае ў доме, прыносіць прадукты і лекі, дапамагае на агародзе, выконвае іншыя работы, разам ходзім на прагулку. Гэта вялікай душы чалавек. Яна сагравае маю старасць. Не забываюць пра мяне і мае ўнукі Міша і Каця, нявестка Ганна.
— Каму хочацца выказаць асаблівыя словы ўдзячнасці ў дзень юбілею?
—У першую чаргу дырэктару Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Інэсе Мікалаеўне Сямібратавай і супрацоўнікам установы за дапамогу: усе мае просьбы вырашаюцца своечасова і якасна. А таксама дзяржаве за яе клопат: я атрымліваю добрую пенсію, і магу жыць дастойна. Напрыканцы хачу заклікаць прадстаўнікоў службаў, якія ў адказе за людзей паважанага ўзросту, каб не забывалі пра адзінокіх, наведвалі, падтрымлівалі, дапамагалі. А за свята супрацоўнікам Цэнтра вялікі дзякуй, яно для мяне стала сапраўдным сюрпрызам.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ