Наш земляк Вадим Куприянчик рассказал о своей службе в армии

Кожную вясну і восень тысячы маладых прызыўнікоў з усёй краіны адпраўляюцца служыць Радзіме, а праз пэўны тэрмін узмужнелыя вяртаюцца дадому. У кастрычніку 2022 года быў прызваны ў армію жыхар аграгарадка Лукі Вадзім Купрыянчык. Атрымліваючы павестку ў армію, Вадзім дзяліўся, што да службы ён гатовы:

— Хачу праверыць сябе, даведацца, на што я здольны маральна і фізічна, узмужнець.

Вадзім трапіў на службу ў 38-ю Брэсцкую асобную гвардзейскую дэсантна-штурмавую Венскую Чырвонасцяжную брыгаду, дзе адслужыў амаль паўтара года.

— Яшчэ ў 2018 годзе Вадзім разам з камандай ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” упершыню трапіў на тэрыторыю гэтай часці, — успамінае былы класны кіраўнік Вадзіма, кіраўнік клуба “Віцязь” Уладзімір Матусевіч. — Мы ездзілі туды на рэспубліканскую гульню “Зарніца”, цэлы тыдзень жылі на палігоне, начавалі ў палатках. Ужо ў першы дзень Вадзім пасябраваў з салдатамі, кожны вечар хадзіў да іх у палатку, яму было цікава паслухаць іх гісторыі, даведацца, як яны жывуць, як праходзіць служба. А цяпер ён сам служыць у той часці.

Уладзімір Уладзіміравіч расказвае, што Вадзім з малых гадоў быў фізічна развітым хлопчыкам, цікавіўся спортам, гуляў у валейбол і хакей:

— Калі ён вучыўся ў школе, прымаў удзел у многіх спаборніцтвах і ўсюды праяўляліся яго лідарскія якасці. Больш за тое, ён імкнуўся дапамагчы тым, каму складана. Нават, калі ўспомніць рэспубліканскую “Зарніцу-2018”. Адным з конкурсаў была паласа перашкод, а ў нашай камандзе былі дзве маленькія дзяўчынкі, якім пад канец дыстанцыі складана было бегчы. Вадзім узяў адну з іх на плечы, бег разам з ёю, бо ведаў, што рэзультат каманды залічваецца па апошнім чалавеку, які перасёк фініш.

Лідарскія якасці праявіліся ў юнака і падчас службы. Вадзім і ў арміі працягнуў займацца спортам і стаў падцягваць за сабой сваіх таварышаў.

— Ён прыйшоў да нас рухавым, фізічна моцным юнаком, — кажа камандзір узвода спецыяльных работ рамонтнай роты вайсковай часці 92616 гвардыі старшы прапаршчык Дзяніс Маразюк. — Пачаў фізічна падцягваць усю роту. На ранішняй зарадцы ён першы, а за ім падцягваецца і ўся рота. Да нас прыходзілі юнакі, якія пасля школы здавалі фізкультуру на “тройку”. Цяпер жа ўся рота здае на 4-5. Вось так незаўважна ў ім праявіліся лідарскія якасці.

У часці Вадзіма характарызуюць станоўча. У армію юнак прыйшоў на пасаду вадзіцеля-такелажніка, працаваў на “Урале”, зарэкамендаваў сябе са станоўчага боку. У часці навучыўся вадзіць больш цяжкую тэхніку, перавозіў асабісты састаў. Праз паўгода атрымаў званне малодшага сяржанта і быў назначаны на пасаду камандзіра аддзялення.

— Ён падрыхтаваў сабе замену, — кажа Дзяніс Віктаравіч. — Калі мы пераводзілі яго на пасаду камандзіра аддзялення, ён парэкамендаваў нам салдата, які цяпер ездзіць на яго машыне.

Сам юнак кажа, што ў арміі яму падабаецца і службай ён задаволены. Быў час, калі Вадзім хацеў застацца служыць па кантракце, але цяпер ёсць іншыя планы на жыццё.

— Да армейскага распарадку адаптаваўся хутка, знайшоў шмат новых сяброў, — расказвае юнак. — Мне спадабалася, што ёсць магчымасць займацца спортам, ёсць у чым сябе праявіць.

Да заняткаў спортам юнак прыцягнуў і сваіх таварышаў. Кажа, што яму хацелася, каб іх рота не адставала ад другіх:

— У арміі няма слова “адзін”. Патрэбна, каб усё рабілі разам. Пачаў з сябе, сваім прыкладам паказаў, што спорт — гэта здорава, а калі займацца гэтым сістэматычна, то і не складана. Займаўся сам, стаў браць з сабой таварышаў. Калі стаў камандзірам аддзялення, то з’явілася магчымасць паўплываць на астатніх. Усім гэта спадабалася, а значыць я дасягнуў сваёй мэты.

Сяргей СТОЛЯР

Фота Дзмітрыя Бялецкага