На Кореличчине ко дню Хатынской трагедии состоялся митинг-память «Здесь говорят одни лишь камни»

Хатынь. Гэтае слова на вуснах многіх, і яно болем адгукаецца ў сэрцах тых, хто любіць сваю Радзіму і шануе мір на зямлі. Гэта напамінак пра далёкія гады ліхалецця, страты і боль, якія вайна  прынесла нашаму народу.

На карэліцкай зямлі ёсць свая Хатынь — вёска Новае Сяло ў Ярэміцкім сельсавеце. Кожную вясну, 22 сакавіка, з нагоды дня Хатынскай трагедыі сюды прыязджаюць удзячныя нашчадкі, каб аддаць даніну павагі і ўспомніць пра гады ваеннага ліхалецця. Карэліччане памятаюць аб тым, якой цаной быў заваяваны мір.

Мітынг-памяць «Тут гавораць адныя толькі камяні» — прамы доказ таго, што землякі захоўваюць успаміны аб ваенным часе і ў знак удзячнасці прыносяць да помніка вянкі і кветкі. Тут гучаць словы-прызнанні,   мы яшчэ раз пераконваемся ў тым, што гэтых жахаў больш ніколі не павінны зведаць людзі.

У сваім выступленні старшыня Ярэміцкага сельвыканкама Сяргей Барычэўскі паведаў пра падзеі, якія адбыліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Карэліцкім раёне і той далёкі час, калі вёска Новае Сяло жыла сваім жыццём. Ніхто з жыхароў не чакаў страшнай бяды. Новае Сяло стала беларускай Хатынню, дзе карнікі здзейснілі вялікія зверствы. Прадстаўнік мясцовай улады выказаў удзячнасць прысутным за захаванне памяці пра землякоў, якія былі зажыва спалены.

— Смуткам прасякнуты нашы сэрцы, і не трэба забываць пра жудасныя дні далёкай вайны. Гэта патрэбна нам, нашым дзецям і ўнукам, каб мы жылі пад мірным небам, і ніхто  ніколі не змог парушыць спакойнае жыццё на нашай зямлі, — адзначыў Сяргей Барычэўскі.

Слова прадастаўляецца пракурору Карэліцкага раёна Віктару Аўдакушыну:

— Кожны народ ганарыцца перамогамі, якія атрымаў у барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы. І свята захоўвае памяць страт, панесеных у знак гэтых перамог. Сімвалам незлічоных выпрабаванняў беларусаў стала Хатынь, увасабляючая лёс некалькіх соцень беларускіх вёсак, знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны разам з яе жыхарамі. Яе назва стала сімвалам трагедыі народа Беларусі.

Прамоўца назваў Хатынскую трагедыю гістарычным фактам, бясспрэчна даказаным як матэрыяламі крымінальных спраў мінулых гадоў і архіўнымі дакументамі, так і вынікамі расследавання сучаснай крымінальнай справы аб генацыдзе. Нягледзячы на тое, што Хатынь стала адным з  прыкладаў бязлітаснай  палітыкі генацыду беларускага народа, да сённяшняга часу асобныя дэструктыўныя сілы прадпрымаюць спробы скажэння  гэтай трагічнай старонкі нашай гісторыі.

Злачынства ў адносінах жыхароў Хатыні ўчыніў 118 украінскі батальён ахоўнай паліцыі  — фарміраванне, створанае кіраўніцтвам СС, які складаўся ў пераважнай большасці з ліку ўкраінскіх нацыяналістаў. Хатынь далёка не адзіная вёска, чые жыхары былі знішчаны імі ў ходзе карных аперацый: да прыкладу, карнікамі гэтага батальёна зажыва спалены ў хлявах і расстраляны 35 жыхароў в. Вілейка, 78 жыхароў в. Асовы і іншых населеных пунктаў.

Віктар Аўдакушын адзначыў, што ў нашым раёне вёска, якая паўтарыла лёс Хатыні, —  Новае Сяло. Згодна з архіўнымі дадзенымі, а таксама матэрыяламі архіўных крымінальных спраў, у 1943 годзе ў выніку карных аперацый яна была спалена разам з 331 жыхаром.

Напрыканцы прамовы Віктар Васільевіч сказаў:

— Беларусы — народ-пераможца, які праявіў ахвярнасць, усенароднае супраціўленне нацызму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Абавязак кожнага з нас — свята захоўваць памяць аб загінулых і ўмацоўваць адзінства нашай краіны.

Удзельнікі ўзорнай дзіцячай студыі мастацкага слова «Эксперымент» (кіраўнік Міхаіл Башко) вярнулі прысутных у ваенны час.

Калакольны звон стаў данінай памяці ахвярам вайны.

Да падножжа помніка ўскладзены вянкі і кветкі.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ