Комфортно, современно и доступно: в Кореличском районе завершилась модернизация сельских медучреждений

Дзякуючы сістэме аховы здароўя, выбудаванай у Беларусі, медыцынская дапамога даступная кожнаму жыхару нашай краіны. Дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў будаўніцтва і перааснашчэнне медыцынскіх устаноў, падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў, вырашэнне праблемных пытанняў медабслугоўвання.  Нарада па актуальных пытаннях аховы здароўя, якую правёў Прэзідэнт у маі 2023 года, падштурхнула кіраўнікоў галіны і мясцовыя органы ўлады звярнуць  увагу на стан спраў ва ўстановах аховы здароўя ў невялікіх гарадах, раённых цэнтрах, вёсках і навесці там бездакорны парадак. Каб своечасовасць і якасць меддапамогі не залежалі ад адрасу прапіскі.  Карэспандэнт раённай газеты “Полымя” пацікавілася,  як выканана пастаўленая задача ў Карэліцкім раёне.

Сельскія медустановы ўжо не адно дзесяцігоддзе дапамагаюць аказваць медыцынскую дапамогу людзям, якія знаходзяцца ў аддаленых ад раённага цэнтра  населеных пунктах.  Як адзначыла галоўны ўрач УАЗ ”Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца” Данута Скварада,  на сённяшні дзень у нашым раёне налічваецца  5 амбулаторый урача агульнай практыкі і 11 ФАПаў. Праца па іх абнаўленні ішла пастаянна, але з гадамі  будынкі “старэлі” і маральна, і фізічна. Гэта  тэндэнцыя характэрна не толькі  для нашага раёна,  яна паўсюдная. Таму пытанне аб стане сельскіх медустаноў у прамым сэнсе слова “наспела”. І Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, патрабуючы ад адказных асоб узмацніць якасць і даступнасць медыцынскай дапамогі на вёсцы, акцэнтаваў увагу на тым, што сельскія медустановы   павінны быць месцамі, куды прыемна прыйсці, дзе ўсё чыста і акуратна,  можна  купіць неабходныя лекі, атрымаць кваліфікаваную кансультацыю па лячэнні той ці іншай хваробы. Таму ў апошні час да рамонту і ўладкавання нашых амбулаторый урача агульнай практыкі і ФАПаў падключыліся не толькі медработнікі і мясцовая ўлада, але і  гаспадаркі,  і  прадпрыемствы раёна. Так што  пастаўленая задача — забяспечыць належны санітарна-тэхнічны стан усіх гэтых аб’ектаў да пачатку 2024 года ў раёне выканана.

Рамонтныя работы былі запланаваны  і праведзены ва ўсіх сельскіх медустановах. Акрамя  91 тысячы рублёў  бюджэту розных узроўняў, на гэтыя мэты было зрасходавана  36 тысяч рублёў спонсарскіх сродкаў.

Варта адзначыць, што ўсе сельгаспрадпрыемствы не толькі ўзялі на сябе некаторыя фінансавыя выдаткі па рамонце, але і выдзелілі  свае будаўнічыя матэрыялы,  брыгады і тэхніку. Так, з іх дапамогай былі зроблены  рамонты ў Райцаўскай, Лукскай і Турэцкай амбулаторыях, шмат зроблена ў Ярэміцкім, Пагарэлкаўскім, Некрашэвіцкім, Ушанскім і Горнаруцкім ФАПах.

Трымаю свой шлях у аграгарадок Ярэмічы,  дзе размясціўся аднайменны фельчарска-акушэрскі пункт.  Парадак відаць ужо з парога — прыгожыя  дыхтоўныя дзверы,   пластыкавыя вокны,  зацененыя з густам падабранымі жалюзі.  І ўнутры заменены ўсе дзвярныя групы,  абноўлена падлога, пафарбаваны сцены і адрамантавана столь.  У мясцовай здраўніцы яшчэ стаіць пах новай мэблі, а  мясцовыя жыхары ўжо паспелі ацаніць працу новага медыцынскага абсталявання.

    

 — Усё зроблена для зручнасці пацыентаў і камфортнай працы медработніка: па-гаспадарску, сучасна і якасна, — падзялілася загадчык ФАПа Марына Мельнікава.

Загадчык Ярэміцкага ФАПа Марына Мельнікава

Ярэміцкі  фельчарска-акушэрскі пункт абслугоўвае 11 вёсак,  у якіх пражывае 595 жыхароў. Падчас  візіту ў мясцовую здраўніцу аграгарадка  тут  было нешматлюдна. Адзін за адным ішлі пацыенты з самага ранку,  але бліжэй да 11 гадзін  на ФАПе стала ціха.  Але мне ўсё ж удалося пагутарыць з жыхаркай  вёскі Вялікая Вобрына  Ганнай Сіманка, якая  сказала:

— Жыхары навакольных вёсак вельмі ўдзячныя ўсім,  хто дапамог абнавіць наш ФАП. Цяпер  тут  усё па-сучаснаму,  чысценька і акуратна, а галоўнае — ёсць неабходныя таблеткі. Для мясцовых жыхароў гэта вельмі зручна.  Спадзяёмся, што будзем прыходзіць сюды радзей з-за хваробы, а часцей для яе прафілактыкі.

Наступны прыпынак зрабіла ў вёсцы Пагарэлка. Тут,  на парозе абноўленага будынка ФАПа,  мяне і сустрэла ветлівая  фельчар Таццяна Гецман, якая правяла экскурсію па адрамантаваных памяшканнях.

Загадчык ФАПа ў Пагарэлцы Таццяна Гецман

— У рамках бягучага рамонту быў  праведзены шырокі спектр работ, як вонкавых, так і ўнутраных, — расказала медработнік установы  і дадала: — Наш  ФАП зараз не пазнаць. Вядома, з вялікім медцэнтрам не параўнаць: усё кампактна. Але ўнутры зроблены сучасны рамонт і пастаўлена новае абсталяванне.  Працаваць прыемна.   Цяпер пацыентам можна зрабіць на месцы кардыяграму, вымераць узровень глюкозы ў крыві.   Створаны  добрыя ўмовы і для прыёму вузкіх спецыялістаў. Для зручнасці пацыентаў абнавілі  пакрыццё дарожкі да будынка,  паводдаль паставілі лаўку,  тэрыторыю  абнеслі  новай агароджай.

А вось на парозе з’явіўся пацыент.  Вясковая жанчына прыйшла на ФАП памераць ціск, каб  ведаць, якія парашкі  ёй неабходна прыняць.

– Раней мы былі маладымі, больш мабільнымі. Цяпер ужо ўзрост, таму маем патрэбу ў медыцынскім назіранні. Гэта добра,  што зрабілі рамонт ФАПа, — дзеліцца  жыхарка вёскі Пагарэлка Ала Васіленка. — Мы, пенсіянеры, са сваімі балячкамі ў горад часта не наездзімся. Дапамагае фельчар: як толькі становіцца дрэнна — выклікаем, і яна малайчына, стараецца прыйсці як мага хутчэй. Нельга зачыняць ФАПы, бо гэта якаснае абслугоўванне насельніцтва на месцах. Так, у раёне  добрыя амбулаторыі, бальніцы, цудоўныя ўрачы,  але  ж пенсіянеру штодня ездзіць туды на тыя ж кропельніцы або ўколы праблематычна. А тут усё на месцы, да таго ж наша   Таццяна Аляксандраўна  кваліфікаваны спецыяліст: дасць кансультацыю, кожнаму дапаможа. У нас заўсёды быў нядрэнны ФАП, акуратны. А цяпер яшчэ і рамонт зрабілі. Вельмі рады!

На парозе Ушанскага ФАПа мяне сустрэла Ганна Ложачнік, якая  расказала, што  ў медустанове  абслугоўваюцца жыхары  чатырох вёсак: Уша, Трашчычы, Церабостынь, Пясочная.

Загадчык Ушанскага ФАПа Ганна Ложачнік

– Я вельмі люблю сваю прафесію і людзей, якія звяртаюцца да мяне па дапамогу.  Медыцыне прысвяціла  амаль 54 гады. Прадаўжаю працаваць загадчыкам Ушанскага ФАПа. Праца для мяне — любімы занятак, які прыносіць задавальненне. А зараз тут адно працуй. Вельмі хочацца выказаць словы ўдзячнасці  кіраўніцтву СВК “Жухавічы” і ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, будаўнічай брыгадзе ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” за  якасна праведзены касметычны рамонт кабінетаў, замену  электрычнай праводкі, а таксама  кіраўніцтву Карэліцкай ЦРБ  Дануце Скварадзе, Жанне Брант, Наталлі Сакаловай за супрацоўніцтва, узаемапаразуменне, дапамогу і падтрымку сельскіх медустаноў.

 

Жанна Палуян, фельчар Некрашэвіцкага ФАПа,  даўно стала сваёй для 213 чалавек вёсак  Крынкі, Беразавец і Некрашэвічы  і з’яўляецца прыкладам “народнага” або “сямейнага” доктара, як часта называюць фельчараў на вёсцы. Гэта  справядліва, таму што яны самыя блізкія і хуткія памочнікі ў клопаце пра здароўе вяскоўцаў практычна ў кожным доме. Яе паважаюць за тое, што з душой выконвае сваю працу. Вымераць ціск,  паставіць ін’екцыі, зрабіць прышчэпкі, прывезці лекі, аказаць першую дапамогу, агледзець дзяцей (іх, на жаль, усяго толькі  пяцёра), арганізаваць прыезд  брыгады спецыялістаў,  перасоўнага флюараграфічнага кабінета – гэта і многае іншае на плячах фельчара.

Загадчык Некрашэвіцкага ФАПа Жанна Палуян

– Зараз усё прыводзіцца ў адпаведнасць з санітарнымі нормамі і згодна пратакола. Касметычны рамонт памяшканняў, замена вокнаў,  дзвярэй, новая мэбля, устаноўлены воданагравальнікі, медыцынскае абсталяванне – усё тое, што было зроблена дзякуючы падтрымцы ДП ”Чарняхоўскі-Агра”, ААТ “Карэлічы-Лён” і сістэмы аховы здароўя раёна для вяскоўцаў і работніка сельскай медустановы,   – расказала  Жанна Леанідаўна.

Пасля такой вялікай працы, якая была праведзена за вельмі сціслыя тэрміны, многія ФАПы проста не пазнаць:  “маладосць” усім да твару. І яна, магчыма, будзе спрыяць у нейкай меры замацаванню кадраў. А гэтая праблема  не менш важная, бо нікому не сакрэт, што  львіная доля ў якасці аказання медыцынскай дапамогі — гэта кадры.

 

 

СКАЗАНА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:

—  Медыцына, як вядома, не толькі лячэнне пацыентаў, але і важны складнік бяспекі любой дзяржавы, тым больш нашай. Без здаровай нацыі ніякай эканомікі не будзе. З боку дзяржавы робіцца ўсё магчымае. Сродкі на медыцыну — рамонт, абсталяванне, заробкі, медыкаменты — выдзяляюцца каласальныя. І вядома, людзі маюць права бачыць аддачу. Даражэй здароўя ў чалавека нічога няма.

Тэрмін адзін  — 1 студзеня 2024 года. Усе недахопы да гэтага тэрміну павінны быць ліквідаваныя. За подпісам Прэзідэнта павінен быць дакумент, які абавязвае ўсіх —  ад Урада да ФАПаў. Не дай бог вы хоць коску не выканалі або пасля коскі, наракайце самі на сябе. Усюды павінны быць зрухі.

На нарадзе па актуальных  пытаннях аховы здароўя,   23 мая 2023 года

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара