Празднование Дня Конституции в Кореличах началось с товарищеского футбольного турнира
У Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у Карэлічах адбыўся таварыскі футбольны турнір. На футбольнай пляцоўцы СШ №2 г.п. Карэлічы сустрэліся каманды карэліцкіх праваахоўнікаў, выратавальнікаў, работнікаў раёна электрычных сетак і зборная каманда дзяржаўных устаноў.
Адкрываючы турнір, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Генадзій Карпаленка выказаў упэўненасць, што падобныя таварыскія гульні стануць на Карэліччыне добрай традыцыяй:
— Такое важнае свята, як Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — выдатная нагода сустрэцца на футбольным полі, чарговы раз паціснуць адзін аднаму рукі і атрымаць задавальненне ад сяброўскай гульні.
— Сённяшняе сапраўды вясенняе надвор’е зычыць нам добрай гульні, — дадала першы сакратар Карэліцкага РК ГА “БРСМ” Аксіння Ждан. — Жадаю, каб сёння вы правялі гэты час з карысцю і падарылі нам цудоўную гульню.
Па выніках чатырох матчаў упэўненую перамогу ў сяброўскім турніры атрымала каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. На другім месцы — футбалісты Карэліцкага раёна электрычных сетак. “Бронза” ў зборнай дзяржустаноў. Дыпломы за ўдзел атрымалі гульцы каманды Карэліцкага РАУС.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара і Юліі ЛІХУТА