Начальник Кореличского РОВД Алексей Гаврош: «Служить закону — быть ответственным за жизнь людей»
Штогод 4 сакавіка сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, людзі, якія ахоўваюць нас ад злачынных замахаў, забяспечваюць грамадскую бяспеку, выконваюць іншыя задачы па падтрыманні парадку і спакою. Ва ўсе часы служба ў міліцыі лічылася адной з самых адказных, небяспечных і напружаных, але ў той жа час і ганаровых. У дзяжурную часць аддзела ўнутраных спраў кругласутачна паступаюць званкі, а за кожным зваротам – рэальныя сітуацыі, жыхары раёна, якія маюць патрэбу ў дапамозе і якім дапамагаюць людзі ў пагонах. Напярэдадні прафесійнага свята начальнік Карэліцкага РАУС, палкоўнік міліцыі Аляксей Гаўрош расказаў аб працы аддзела.
– Аляксей Іванавіч, якімі якасцямі, на Ваш погляд, павінен валодаць супрацоўнік міліцыі?
– Гэтыя якасці не памяняліся з часоў утварэння праваахоўнай сістэмы, застаюцца і будуць непарушнымі. Чалавек павінен быць сумленным, працавітым, мець моцны характар. Важна не быць абыякавым у адносінах да людзей, да праблем, з якімі яны звяртаюцца ў органы ўнутраных спраў. Бо галоўная задача супрацоўніка міліцыі – аказанне дапамогі грамадзянам у цяжкіх сітуацыях.
– З якімі вынікамі калектыў Карэліцкага РАУС прыйшоў да прафесійнага свята?
– Мы абавязаны апраўдваць давер грамадзян, і таму робім усё магчымае, каб у раёне панавалі закон і парадак. Вынік працы стаў магчымым дзякуючы зладжанай працы ўсіх супрацоўнікаў аддзела. Кожны з іх – частка адзінага механізму, дзе ўсе працуюць на вынік, дзеля дасягнення галоўнай мэты, каб кожны жыхар раёна адчуваў сябе ў бяспецы.
У выніку зладжанай і мэтанакіраванай работы ўсяго калектыву стан законнасці і правапарадку на тэрыторыі раёна хвалявання не выклікае. Усе запланаваныя мерапрыемствы па забяспячэнні правапарадку, у мэтах барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй былі рэалізаваны і спрыялі паляпшэнню крымінагеннай абстаноўкі.
Адзначаецца зніжэнне агульнай колькасці злачынстваў са 161 да 148, а гэта на 8,1% менш да ўзроўню мінулага года. Таксама адзначаецца зніжэнне колькасці злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку з 96 да 74 (-22,9%). Не было зарэгістравана цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў супраць жыцця і здароўя ў сферы сямейна-бытавых адносін. Але, на жаль, недапрацавалі з непаўналетнімі: ёсць адно цяжкае злачынства, здзейсненае падлеткам.
— Які від злачыннасці ў нашым раёне хвалюе больш за ўсё?
— З года ў год больш за ўсё турбуюць крадзяжы. Нельга не згадаць і пра кіберзлачыннасць, якая апошнім часам замацоўвае свае пазіцыі не толькі на тэрыторыі раёна, але і па ўсёй рэспубліцы. На жаль, многія жыхары раёна сталі ахвярамі махляроў, страціўшы пэўныя сумы грошай. Нягледзячы на сістэмную растлумачальную работу супрацоўнікаў РАУС, якія на сустрэчах з працоўнымі калектывамі расказваюць пра розныя схемы, выкарыстоўваемыя зламыснікамі, назіраецца іх рост: з 13 да 16 выпадкаў у параўнанні з мінулым годам.
— Якім выдаўся мінулы год для Карэліцкага РАУС?
— У цэлым, у 2023 годзе аператыўная абстаноўка характарызавалася пэўнай стабільнасцю. Радуе, што па выніках года зменшылася колькасць зарэгістраваных зваротаў аб злачынствах, зніжана агульная колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення і здзейсненых раней асуджанымі асобамі. Не назіраецца рост супрацьпраўных дзеянняў і хуліганства ў грамадскіх месцах.
— Ці лёгка цяпер з адборам кадраў на службу ў органы ўнутраных спраў? Ці ёсць абмежаванні для паступлення?
— Той, хто выказаў жаданне звязаць сваё жыццё са службай у праваахоўных органах, не павінен мець канфліктаў з законам. Не дапускаюцца асобы, прыцягнутыя раней да крымінальнай адказнасці. Улічваюцца таксама здароўе кандыдата, яго маральна-псіхічны стан, гатоўнасць да выканання службовых задач, звязаных з рызыкай для жыцця.
— Ці паляпшаецца сацыяльная абароненасць супрацоўніка міліцыі?
— Служба ў МУС падтрымліваецца дзяржавай на належным узроўні. З кожным годам паляпшаюцца ўмовы службы: павышаецца грашовае забеспячэнне, прадастаўляецца арэнднае жыллё, ёсць магчымасць будаўніцтва жылля з выкарыстаннем ільготнага крэдытавання. Вучоба курсантаў падтрымліваецца поўным дзяржзабеспячэннем. Супрацоўнікі праваахоўных органаў маюць права выхаду на заслужаны адпачынак у 48 гадоў, пенсійнае забеспячэнне ў іх вышэй, чым у грамадзянскіх асоб, ёсць і перспектыва кар’ернага росту. Хто вырашыў звязаць сваю будучыню са службай у міліцыі, звяртайцеся ў Карэліцкі РАУС.
— У ваша прафесійнае свята давайце пагаворым аб калектыве райаддзела — людзях, якія служаць на карысць усіх нас.
— Калектыў працаздольны і згуртаваны. Супрацоўнікі нацэлены на эфектыўнасць работы па папярэджванні злачыннасці, імкнуцца задзейнічаць усе магчымасці і заўсёды гатовы да павышэння прафесійнага ўзроўню. Іх адрозніваюць высокая патрабавальнасць да сябе, адказнасць, самакантроль, эрудзіраванасць. Дастатковым вопытам і прафесіяналізмам валодае начальнік штаба РАУС Аляксей Камашыла. Аўтарытэтам у калектыве карыстаецца маёр міліцыі Віктар Зінчанка. Даўно стаў прафесіяналам старшы ўчастковы інспектар Алег Заблоцкі.
Радуе і абнадзейвае тое, што за доўгія гады ў райаддзеле склалася сапраўдная дружная каманда з ліку аднадумцаў, якіх не палохаюць ніякія цяжкасці.
— Што Вы пажадаеце супрацоўнікам аддзела ў прафесійнае свята?
— Жадаю калегам моцнага здароўя, поспехаў па службе, надзейнага сямейнага тылу і мірнага неба над галавой.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара