У ААТ «Карэлічы-Лён» гатоўнасць тэхнікі да пасяўной складае 100%
Сезону сельскагаспадарчых работ традыцыйна папярэднічае актыўная падрыхтоўка тэхнікі да палявых работ. І ад таго, наколькі эфектыўнай яна будзе, залежыць не толькі якасць сельгасработ, але і бяспека на дарогах.
Менавіта да пачатку вясновай пасяўной кампаніі прымеркавана правядзенне дзяржаўнага тэхнічнага агляду машынна-трактарнага парку ў сельгаспрадпрыемствах Карэліччыны. Зацверджаны графік, у адпаведнасці з якім усе прадпрыемствы павінны прайсці гэтую працэдуру.
Кожная гаспадарка абавязана падрыхтавацца да прызначанай даты і выставіць трактары і іншую сельскагаспадарчую тэхніку на лінейку гатоўнасці.
На мехдвары ААТ “Карэлічы-Лён” трактары выстраіліся ў адзін шэраг. На першай лініі — энерганасычаныя “Беларусы-3022”. Каля кожнай сельгасмашыны стаяць загадзя падрыхтаваныя медыцынская аптэчка і вогнетушыцель. Механізатары падбадзёрваюць адзін аднаго, але кожны ўпэўнены, што з яго трактарам усё добра, і тэхагляд пройдзе без заўваг.
Камісія правярае знешні стан тэхнікі, спраўнасць рулявой і тармазной сістэм, светлавой і гукавой сігналізацыі, работу маячкоў, наяўнасць вогнетушыцеля і знака аварыйнага прыпынку. Паколькі сельскагаспадарчая тэхніка рухаецца па дарогах агульнага карыстання і з-за сваіх габарытаў стварае перашкоды іншым удзельнікам дарожнага руху, камісія звяртае ўвагу на наяўнасць святловяртальных элементаў.
Праведзеная ААТ “Карэлічы-Лён” работа па падрыхтоўцы тэхнікі атрымала высокую ацэнку спецыялістаў, якія ацэньваюць стан і спраўнасць трактароў.
Уся тэхніка, прадстаўленая да агляду, была спраўнай і камплектнай, не выклікаў нараканняў яе знешні выгляд, усе машыны ўкамплектаваны вогнетушыцелямі, аптэчкамі, пры неабходнасці супрацьадкатнымі ўпорамі.
Па дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама на 6 сакавіка, тэхагляд у сельскагаспадарчых арганізацыях Карэліччыны прайшло 325 трактароў (72,5% ад наяўных, 97% ад агледжаных), з якіх 53 энерганасычаных, 55 пагрузчыкаў, 190 прычэпаў. Не прайшлі тэхагляд 14 адзінак тэхнікі. Асноўныя прычыны, няспраўнасці рулявога ўпраўлення, светлавой і гукавой сігналізацыі, тармазной сістэмы і пашкоджанне лабавога і бакавога шкла.
Усе гэтыя хібы будуць выпраўлены ў кароткія тэрміны.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара