Директор Кореличского РУП ЖКХ Николай Лукашков: «Уют и комфорт — черты профессионалов»

Цяжка ўявіць наша жыццё без стабільнай і кругласутачнай працы майстраў, вадзіцеляў, слесараў-сантэхнікаў, прыбіральшчыкаў тэрыторый, супрацоўнікаў ЖКГ, азеляніцеляў і кветкаводаў. Ад працы гэтых спецыялістаў залежыць і дабрабыт, і камфорт, і настрой кожнага жыхара рэгіёна. Прадстаўнікі сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва і ЖКГ нястомна ўносяць важкі ўклад у стварэнне камфортных умоў для далейшага развіцця, павышэння эканамічнага патэнцыялу і прэстыжу нашай краіны.

Напярэдадні прафесійнага свята  пра тое, чым жыве Карэліцкі РУП ЖКГ,  наша размова з дырэктарам прадпрыемства Мікалаем Лукашковым.

Дырэктар Мікалай Лукашкоў

– Мікалай  Мікалаевіч, значнасць працы работнікаў камунальнай службы складана пераацаніць. Попыт за гэтую працу сур’ёзны. Раскажыце  аб тым комплексе паслуг, якія ў цяперашні час прадпрыемства аказвае насельніцтву.

– Сапраўды, ад нашай працы залежыць цяпло ў дамах жыхароў пасёлка і раёна нават у самыя моцныя маразы, чысціня на вуліцах і ў дварах, парках, камфортнае пражыванне ў шматкватэрных жылых дамах, вываз цвёрдых камунальных адходаў, асветленасць вуліц у цёмны час сутак, навядзенне парадку на могілках. Наша прадпрыемства шматгаліновае, комплексна вырашаем усе пытанні па аказанні паслуг спажыўцам, пачынаючы з цеплазабеспячэння, абслугоўвання жылфонду, гасцінічнай і лазневай гаспадаркі да збору бытавых адходаў, добраўпарадкавання вуліц, дарог і г.д. Мы працуем і ў будні, і ў святы, і сваё прафесійнае свята многія сустрэнуць на працоўным месцы.

Вадзіцелі Вячаслаў Грыгілевіч і Вячаслаў Гайко

– Апішыце, калі ласка, які ён,  цэласны партрэт работніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі нашага раёна?

– У нашым выпадку сярэдні ўзрост работнікаў – 54 гады, моладзі да 31 года – 13 чалавек, каля 28 працэнтаў усяго складу – жанчыны. 70 працэнтаў супрацоўнікаў маюць сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю. Сёння ў сістэме ЖКГ працаваць павінны людзі спецыяльна падрыхтаваныя, адукаваныя. Паглядзіце, якое на нашай вытворчасці, у прыватнасці, у  кацельнях, сучаснае абсталяванне. Усе, хто жадаюць, маюць здольнасці, могуць вучыцца, прадпрыемства падтрымлівае такое імкненне.

– Спынімся на асноўных выніках працы за мінулы год. Дайце ім ацэнку.

– Мінулы 2023-ці можна ацаніць у цэлым як досыць стабільны. Спрацавалі мы без страт. Агульная выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг па прадпрыемстве склала 8,5 мільёнаў рублёў, тэмп росту да ўзроўню папярэдняга года – 109 працэнтаў.

Галоўны бухгалтар Ларыса Сазановіч

– На прадпрыемстве шмат людзей працуюць не адзін дзясятак гадоў. Раскажыце пра гэта.

– Сапраўды, у калектыве шмат заслужаных,  добрасумленных, паважаных работнікаў. Дзесяць з іх  сёлета занесены  на Дошку пашаны прадпрыемства. Трынаццаць працаўнікоў на ўрачыстасці, прысвечанай   прафесійнаму святу, будуць узнагароджаны   Ганаровымі граматамі, Падзячнымі пісьмамі розных узроўняў.

– Мікалай Мікалаевіч, што Вам хочацца пажадаць работнікам камунальнай службы ў гэты святочны дзень?

– Ад усёй душы жадаю калегам моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, новых поспехаў у нялёгкай справе на карысць людзей, эканомікі рэгіёна, краіны. Дзякуй за нястомную штодзённую працу. Менавіта ад вас шмат у чым залежыць камфорт жыхароў раёна. Няхай плён вашай працы заўсёды прыносіць толькі радасць, пакідае добры след на зямлі!

Вадзіцелем пагрузчыка  Карэліцкага РУП ЖКГ  Сяргей Мазур працуе ўжо дваццаць гадоў. Гэта вельмі адказны  работнік, які ў любы час сутак, у любое надвор’е заўсёды гатовы падставіць плячо дапамогі, выйсці на працу і зрабіць яе якасна. Нездарма за добрасумленную працу ў арганізацыі  сёлета ён узнагароджаны Ганаровай граматай Карэліцкага райвыканкама.

У адказ на хвалу Сяргей Савельевіч  толькі сціпла ўсміхаецца: не прывык ён да такой увагі. Куды больш упэўнена ён сябе адчувае ў кабіне трактара або пагрузчыка. Дарэчы, асновы  прафесіі атрымаў у свой час у Жыровіцкім сельгастэхнікуме, дзе вучыўся на механіка. Па выбранай спецыяльнасці працаваць не давялося, а вось  вывучыць карэннаму карэліччаніну нораў рознай тэхнікі прыйшлося, калі працаваў у СВК “Маяк-Заполле”, на Карэліцкім маслазаводзе.

Вадзіцель пагрузчыка Карэліцкага РУП ЖКГ Сяргей Мазур

– Работы на пагрузчыку  хапае круглы год. Гэта і пагрузка шчапы для кацельняў раёна, і  ўборка вуліц: зімой – ачыстка ад снегу, восенню – “бітва” з лістотай, а вясной –  з  назапашаным за зіму смеццем. І так з дня ў дзень, толькі паспявай,  – расказаў  пра тонкасці сваёй прафесіі суразмоўца.

Але ён не скардзіцца, бо ўпэўнены, што  сумленнай працай  можа славіцца чалавек. У гэтым яго падтрымлівае жонка Наталля Аляксандраўна, якая таксама працуе ў РУП ЖКГ. Працавітасць, старанне, добрасумленнасць і ўменне дасягаць пастаўленых мэт бацькі выхоўваюць і ў дачок, якія выбралі для сябе прафесію медыцынскага работніка.

Старэйшая  Надзея працуе ўрачом  у сталіцы, а малодшая Вікторыя – яшчэ студэнтка другога курса Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта. Так што цану працы і ўсіх выгод жыцця ў гэтай сям’і ведаюць не па чутках.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара