К 80-летию освобождения узников Озаричских лагерей смерти. Воспоминания Петра Сочивко

80 гадоў таму, 19 сакавіка, на тэрыторыі Беларусі пачалося вызваленне Азарыцкіх лагераў смерці.

 

Былы малалетні вязень Азарыцкага лагера смерці, жыхар аграгарадка Цырын Пётр САЧЫЎКА ўспамінаў:

— Водар гэтага велікоднага яйка я памятаю і цяпер, хаця з таго часу прайшло шмат гадоў. Нават вельмі многа ў параўнанні з працягласцю чалавечага жыцця…

Было гэта ў 1944 годзе пасля вызвалення нас з Азарыцкага лагера смерці. Мы прайшлі каранцін, потым таварным цягніком даехалі да Жлобінскага раёна. Пасяліліся непадалёк ад лініі фронту, у вёсцы Старая Рудня. Тут жа праходзіла другая лінія фронту. У вёсцы жылі салдаты, што былі гатовыя пайсці ў бой у любы момант. У кватэры, куды пусціла нас адна жанчына, жылі тры сям’і бежанцаў і некалькі салдат. Спалі на падлозе, не распранаючыся многа тыдняў. У гаспадыні было двое малых дзяцей, муж — на фронце. Сям’я жыла вельмі бедна. Такія сем’і, як і наша, жылі з міласціні мясцовага насельніцтва. Кожную раніцу я ішоў у якую-небудзь вёску, заходзіў у хаты і прасіў міласціну, хаця ў мясцовых на стале таксама было пуста. Давалі звычайна дзве-тры невялікія бульбінкі, якія мы варылі ў кансервавым слоіку на двары.

А тут наступілі велікодныя дні. Пра пост, зразумела, і гутаркі не было, ён быў у нас сам па сабе многа дзён. Але ж ідзе Вялікдзень! Мы думалі: як будзем разгаўляцца? Няўжо звычайнай бульбінай? І тут на дапамогу прыйшла гаспадыня. Не ведаю, адкуль, але яна знайшла некалькі яек. Яшчэ некалькі абмяняла на пару селядцоў каля эшалона. Жанчына прыгатавала святочны стол і запрасіла нас. Кожнаму, а нас было дзесяць чалавек, яна дала па маленькаму кавалачку велікоднага яйка. Зусім па маленькаму, бо больш не было. І па кавалачку селядца. І па лустачцы хлеба. Ну чым не велікодны сняданак?

Зразумела, што ніякой царквы тады не было і асвяціць велікодны сняданак не было каму. Але мой тата, пакідаючы лагер смерці, для аблягчэння ношы выкінуў многія рэчы, нават дакументы і шэраг фатаграфій, але збярог Евангелле, якое пранёс праз увесь лагер. Так над велікодным сталом і былі прачытаны ўрыўкі з Евангелля.

Да гэтага часу я памятаю пах таго велікоднага яйка. Незвычайны, смачны, запамінальны. Запамінальны на дзясяткі гадоў. І дагэтуль я часта ўспамінаю жанчыну, што падзялілася з намі апошнім.

ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА

У 1944 годзе камандаванне вермахта шырока прымяняла практыку выкарыстання грамадзянскага насельніцтва ў якасці прыкрыцця на шляху наступлення савецкіх войскаў. У пачатку сакавіка (1-3 сакавіка) 1944-га на акупаванай тэрыторыі, у непасрэднай блізкасці ад лініі фронту, непадалёк ад вёсак Азарычы, Дзерць і Падасіннік акупанты стварылі тры лагеры смерці, куды пад выглядам эвакуацыі былі дастаўлены больш за 50 тыс. чалавек з Гомельскай, Магілёўскай, Палескай абласцей Беларусі, а таксама Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расіі. Гэтыя тры лагеры атрымалі назву «Азарыцкія лагеры смерці».

Лагеры ўяўлялі сабой абнесеныя калючым дротам участкі балоцістай мясцовасці. Вакол было міннае поле. Людзі ўтрымліваліся пад адкрытым небам. Будаваць буданы або зямлянкі, збіраць галлё для подсцілу, разводзіць вогнішча катэгарычна забаранялася. Вязняў нічым не кармілі, не давалі пітной вады. У лагеры з бліжэйшых населеных пунктаў звозіліся хворыя на сыпны тыф і іншыя інфекцыі для распаўсюджвання хвароб сярод мясцовага насельніцтва і ў далейшым сярод байцоў Чырвонай Арміі. Вязняў днём і ноччу ахоўвалі нямецкія салдаты на вартавых вышках. Калі хто-небудзь набліжаўся да калючага дроту, ахоўнікі стралялі без папярэджання.

У ноч на 17 сакавіка фашысты пакінулі вязняў і адступілі на 7 км на захад. На наступны дзень частка вязняў паспрабавалі самавольна пакінуць тэрыторыю лагера, але ўсе яны загінулі на мінных палях.

18-19 сакавіка войскі 65-й арміі (генерал-лейтэнант П. І. Батаў) 1-га Беларускага фронту вызвалілі з Азарыцкіх лагераў 33480 чалавек, з іх — 15960 дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў, 13072 жанчын, 4448 старых.

У канцлагерах «Азарычы» забрана не менш за 20 тыс. чалавечых жыццяў.

Падрыхтавала Іна ЛЕЙКА