В Кореличах отпраздновали Масленицу

На галоўнай плошчы гарадскога пасёлка Карэлічы ажыўлена. Тут арганізатары свята і яго ўдзельнікі — сабраліся ад старога да малога. Сонечныя промні і лёгкі ветрык прыбаўляе настрой, і тут ёсць што паглядзець, паслухаць, пасмакаваць.

Пра наша і роднае — ад душы

Як ласкава называюць Масленіцу! Да прыкладу, «Масленіца гадавая», «госцейка дарагая», «Масленіца-крывашэйка» і «шырокая Масленіца, мы табою хвалімся, на горках катаемся, блінамі аб’ядаемся». І гэта так: свята, наша і роднае, і адносіны да яго самыя паважлівыя.

Знайшлося месца і народным прымаўкам: «Каму масла, каму сала, каму сыр. Хто заплаціць — таму пір», «Чалавек галодны ні на што не годны», «З самавара валіць пара — прыкмячай, дзе вараць чай», «Блінок, маслены каток, сам каціся ў раток».

На свяце прагучала шмат цудоўных песень, сэрца кранала родная беларуская мова. Узнімалі настрой і гульні, а смелых і спрытных запрашалі прыняць у іх удзел. Да прыкладу, «Збі збан», «Бой мяхамі», «Круцік», калектыўнае выпяканне бліноў і іншыя. Як гаворыцца, тут сумоце было пуста, а жартам густа.

«Добры дзень, Масленіца!»

Такая назва ў тэматычнага падворка ў ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы». Яе дырэктар Алена Вярбіцкая расказвае: «У цэнтры — Спадарыня-Масленіца з бліноў. Вось сонейка, як калабок, калодзеж з бліноў з малінавым варэннем. Увогуле, вялікі асартымент бліноў: з ікрой чырвонай і чорнай, чырвонай рыбай, тварагом і разынкамі, яблыкамі, вяндлінай і сырам, а таксама зроблены ў выглядзе матылька, блінны пянёк з грыбочкамі і зелянінай, стосы бліноў для мачанкі і для варэння і смятаны. У нас і гарбата на выбар».

Сапраўды, уладальнікі падворка вельмі пастараліся: яго ўпрыгожылі саматканымі дзяружкамі і рушнікамі, самаробнымі сонцам і жаваранкамі. У карзінках — пячэнне з вясновымі пажаданнямі. Гасцей свята сустракае гаспадар і пяцёра гаспадынь-маслёначак. Па словах дырэктара ўстановы, гэта старанні ўсяго калектыву, крэатыўнага і   таленавітага, лёгкага на пад’ём, які ўмее і працаваць, і адпачываць.

На свята — не з пустымі рукамі

У правядзенні свята Масленіца актыўны ўдзел прынялі  сельгаскааператывы і арганізацыі раёна. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Малюшычы» Святлана Казак апавядае аб тым, што на раённае свята прыехалі сумесна з СВК «Свіцязянка-2003». Арганізавалі выставу «Наша хата прысмакамі багата». Частуюць гасцей і жыхароў Карэліччыны блінамі са смажанкай, гарачай гарбатай і булачкамі асабістага гатунку. Святлана Вітальеўна на такім свяце ў трэці раз, і яно, па яе словах, пакідае добры адбітак у сэрцы. Тут сустракаюцца прадстаўнікі розных арганізацый, гаспадарак і ўстаноў, абменьваюцца сваімі ўражаннямі і рэцэптамі. «Свята Масленіца — гэта развітанне з зімой і сустрэча вясны. А вясна — гэта надзея на жыццё, здзяйсненне нашых мар і задумак», — дадае намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК «Свіцязянка-2003» Алена Клаўсуць.

Ідэолагі Наталля Дасько з ААТ «Карэлічы-Лён» і Алена Макар з КУСП «Чарняхоўскі-Агра» гавораць аднагалосна: «Мы — суседзі. Вось вырашылі прыняць сумесны ўдзел у свяце. Сустрэліся і абмеркавалі, што будзем рыхтаваць да святочнага стала. Падрыхтавалі розныя пачастункі, але галоўны — бліны, а яны з каўбасой, шкваркамі, капустай, яблыкамі, шакаладныя, грэчневыя і нават з ікрой. А каб застаўся ўспамін аб свяце, зрабілі фотазону, і ўсе жадаючыя могуць сфатаграфавацца на памяць. Прымаем ўдзел у конкурсе на масленічную ляльку.

 

Рыхтаваліся загадзя

Па словах старшага навуковага супрацоўніка Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Аляксея Караяна, да свята Масленіцы рыхтаваліся цэлы тыдзень: складалі загадкі, стваралі фотазону «Масленіца-2024» і віктарыну пра тое, як раней адзначалі свята. На ўрачыстасць прадставілі стравы беларускай народнай кухні, а сам Аляксей Караян быў на свяце Скамарохам, загадваў гасцям загадкі і праводзіў віктарыну.

Карэліцкая раённая бібліятэка ў рамках свята ладзіла цудоўны масленічны стол. На ім чаго толькі не было: бліны з яблыкамі, тварагом, вяндлінай, а таксама духмяная гарбата з мёдам і варэннем. Да яго — дамашняе печыва. Ёсць бліны ў вялікім асартыменце. «Масленіца — гэта цудоўнае свята, якое аб’ядноўвае людзей, дорыць ім добры настрой і вяртае ў мінулае», — адзначае метадыст установы культуры Наталля Казарэз.

Аддзел рамесніцкай дзейнасці «Карэліцкі Дом рамёстваў» арганізаваў выставу-продаж, дзе выстаўлены вышытыя карціны, гліняны посуд, лялькі-абярэгі, вязаныя палавічкі, мядовыя імбірныя пранікі, розныя зёлкі. Як паведаміла загадчык Юлія Баярэнка, людзі не толькі цікавяцца, але і купляюць. Дзеці любяць гуляць у захапляючую гульню «Поле цудаў», у якой разыгрываюцца розныя прызы.

Сяброўству мацнець

— Спакон вякоў адзначаем Масленіцу, — гаворыць загадчык аддзела культуры і вольнага часу «Жухавіцкі Дом культуры» Святлана Абламейка. — Гэта добрае, шчырае і павучальнае свята для нашай моладзі. Кожны яго ўдзельнік атрымлівае зарад энергіі і даведваецца цікавую гісторыю свята. Для старэйшага пакалення гэта цёплы ўспамін пра гады маладосці. Жухавіцкі Дом культуры і СВК «Жухавічы» таксама прымаюць удзел ў свяце. Мы зрабілі на конкурс  масленічную ляльку ў беларускім стылі, каб яшчэ раз падкрэсліць нашы сяброўства і згуртаванасць, наша ўменне працаваць і адпачываць. СВК згатаваў пярловую кашу і разнастайныя бліны, каб паказаць гасціннасць жыхароў жухавіцкай зямлі.

Культарганізатар Кацярына Жамойда дадае, што прыехалі з народным ансамблем песні «Вечарынка», каб падарыць людзям добры настрой і святочную атмасферу, а затым яшчэ паедуць на свята Масленіцу ў Стоўбцы з сяброўскім візітам, каб парадаваць нашых суседзяў. Пажадала, каб гэты святочны дзень застаўся ў сэрцы кожнага ўдзельніка.

Масавае народнае гулянне

Адзін з арганізатараў раённага свята Масленіцы, загадчык аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Аксана Басюк назвала самым масавым народным гуляннем і самым смачным, дзе можна пагуляць і падсілкавацца, што патрэбна чалавеку. Як паказала сёлетняе свята, гэта атрымалася. Пастараліся і работнікі культуры, і працаўнікі прадпрыемстваў, устаноў, сельгаскааператываў, і за гэта ім «Вялікі дзякуй!»

На свяце былі выкарыстаны святочныя традыцыі, якія бытавалі на Карэліччыне ў даўнія часы: хадзілі валачобнікі, з чаго і пачалі свята. Галоўным атрыбутам свята была лялька Масленіца, якая прыносіла людзям радасць, дабрабыт, моц на ўвесь год. У мінулым годзе яна была адна, а ў гэтым годзе арганізавалі конкурс на лепшую ляльку «Гаспадыня-Масленіца». Увогуле, атрымалася: іх даволі шмат, усе пастараліся. Аксана Басюк выказала спадзяванне, што гэтыя лялькі-абярэгі паспрыяюць людзям у жыцці.

 

 

 

 

Атрымалі ўзнагароды

У рамках правядзення раённага свята Масленіца падведзены вынікі

конкурсаў і вызначаны пераможцы: у намінацыі «Арыгінальнасць і яркая самабытнасць» — ААТ «Карэлічы-Лён», у намінацыі «Вернасць традыцыям» — ДУ «ЦСАН Карэліцкага раёна», у намінацыі «Крэатыўны падыход: выкарыстанне нестандартных матэрыялаў, тэхнікі, прыёмаў і прыстасаванняў» — КСУП «Малюшычы».

Спецыяльным Дыпломам за ўдзел у свяце «Карэліцкая Масленіца» ўзнагароджана ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы».

Дыпломы ад РА ГА «Белая Русь» атрымаў СВК «Свіцязянка-2003», ад РА ГА «Беларускі саюз жанчын» — КУСП «Чарняхоўскі-Агра».

Усе астатнія ўдзельнікі адзначаны дыпломамі за ўдзел.

Слова — удзельнікам свята:

Марыя ЛАЎРУШЧЫК,

ветэран працы, жыхарка г.п. Карэлічы:

— Мы прыйшлі з мужам Віктарам Іванавічам на свята, каб душой дакрануцца да нашых традыцый, якія ўшаноўвалі і захоўвалі нашы продкі. Раней людзі гэты тыдзень хадзілі ў госці, пяклі бліны са смятанай, розныя прысмакі. Затым наступае Вялікі Пост, і хочацца пажадаць людзям наблізіцца да Бога. А святы нам патрэбны, каб не ачарсцвела наша душа.

Анастасія ЖУК,

маладая маці з аграгадака Турэц:

— На свята прыехала з сынам Яраславам і дачкой Ульянай. Муж Мікалай круціць культыватар — рыхтуецца да пасяўной, а мы вырашылі паўдзельнічаць у святочным мерапрыемстве провадаў зімы і сустрэчы вясны. Дзецям тут падабаецца. Увогуле, на свяце шмат дзяцей з бацькамі. Свеціць сонейка, і настрой ва ўсіх прыўзняты. Вялікі дзякуй яго арганізатарам.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ

 

2
1