Инженеры Кореличского района приняли участие в открытом уроке в СШ №1 райцентра
Штогод 4 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень інжынерыі, прымеркаваны да дня ўтварэння Сусветнай федэрацыі інжынерных арганізацый у 1968 годзе, якая аб’ядноўвае інжынераў са 103 краін свету. З нагоды свята ў ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы” быў праведзены адкрыты ўрок, на які запрасілі інжынераў прадпрыемстваў Карэліччыны.
Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі інжынер электрасувязі Карэліцкага ўчастка электрасувязі Слонімскага занальнага вузла электрасувязі Антон Васілеўскі, інжынер-механік ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка” Уладзімір Гіз, інжынер-праграміст Карэліцкага РУП ЖКГ Віталій Камароўскі і інжынер-энергетык СВК “Маяк-Заполле” Эдуард Раковіч. Кожны з іх расказаў аб тым, як ён прыйшоў у прафесію, чым цікавая яго спецыяльнасць, з якімі цяжкасцямі і праблемамі можна сутыкнуцца ў працы. Старшакласнікі з цікавасцю слухалі аповеды прафесіяналаў сваёй справы і задавалі пытанні. Разважаючы аб значнасці прафесіі, Эдуард Раковіч адзначыў:
— Нельга сказаць, што адна прафесія больш значная за іншую. Я лічу, што галоўнае, каб кожны чалавек, незалежна ад таго, дзе і кім ён шчыруе, атрымліваў ад гэтага задавальненне, быў, як кажуць, на сваім месцы. Тады ён будзе сумленна працаваць, і яго намаганні прынясуць карысць усім.
З гэтай высновы выходзіць іншая — пасля школы неабходна выбіраць прафесію, якая табе па душы, не гнацца за дыпломамі, не марнаваць час за нелюбімым заняткам.
— Не павінна быць такога, каб выпускнік паступаў вучыцца на нейкую спецыяльнасць, толькі з-за таго, што гэтага захацелі яго бацькі, — лічыць Уладзімір Гіз. — Бацькі павінны толькі параіць вну, падтрымаць выбар свайго дзіцяці, дапамагчы выбраць найлепшую ўстанову адукацыі, дзе навучаць той прафесіі, да якой цягнецца іх дзіця.
Адзінаццацікласнік Яраслаў Кандрусік лічыць такія мерапрыемствы вельмі карыснымі:
— Пасля заканчэння школы я планую паступаць у вну на інжынерную спецыяльнасць, таму вельмі карысна сёння было паслухаць людзей, якія шмат гадоў прысвяцілі гэтай прафесіі, ведаюць яе тонкасці. Вельмі добра, што да нас завіталі інжынеры рознага профілю, мы змаглі параўнаць прыватнасці кожнага накірунку гэтай спецыяльнасці.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара