«Я прошла дорогами ада»: воспоминания бывшей малолетней узницы концлагеря жительницы Малюшичей Евгении Владимировны Захарчук
Сёлета спаўняецца восем дзесяцігоддзяў з таго незабыўнага летняга дня, калі тэрыторыя Беларускай ССР была вызвалена ад фашысцкай навалы. У адзіным парыве абараніць сваю зямлю, сваіх родных і блізкіх, незалежнасць Радзімы падняліся прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, народы ўсіх рэспублік. І пасля вызвалення родных земляў беларускія салдаты і партызаны не спыніліся — наперадзе была Еўропа, дзе чакалі вызвалення тысячы землякоў. На тэрыторыі Германіі і акупіраваных ёю краін дзейнічала больш за 14 тысяч канцэнтрацыйных лагераў, турмаў і гета. З 1933 па 1945 год праз іх прайшло каля 20 мільёнаў чалавек з 30 краін свету, з іх каля 12 мільёнаў загінулі. Яшчэ больш шакіруе тое, што кожны пяты вязень быў дзіцем.
Нягледзячы на тое, што з моманту заканчэння Другой сусветнай вайны прайшло ўжо шмат гадоў, вязні, якія асабіста прайшлі праз жахі фашысцкіх засценкаў, да сённяшняга дня не могуць забыць той страшны час. Вядома, з кожным годам сведак тых падзей застаецца ўсё менш. На 1 красавіка на тэрыторыі Карэліцкага раёна пражывае толькі дзевяць чалавек, якія маюць статус малалетніх вязняў. Сярод іх — жыхарка агр. Малюшычы Яўгенія Уладзіміраўна Захарчук. Калі пачалася вайна, ёй было ўсяго 13 гадоў. У сям’і была яшчэ малодшая сястра, якая моцна хварэла. У жніўні 1943 года пачаўся набор моладзі для вывазу ў Германію. Замест хворай сястры маці ўзяла на зборны пункт у Цырын яе, Жэньку, спадзеючыся, што з-за маленькага росту яе не возьмуць. Аднак…
— У памяці ўсплываюць тагачасныя думкі, — успамінае Яўгенія Уладзіміраўна. — Думала, што паеду далёка, многае ўбачу. Але, калі праязджалі паўз Малюшычы, пачула крык маці: “А дзіцятка маё!”. Гэтыя словы, яе голас назаўжды засталіся ў памяці.
Яўгенію забралі разам з дваццаццю аднавяскоўцамі. Спачатку была Эстонія, затым Польшча, горад Быдгашч. Жыць прыходзілася за калючым дротам, харчавацца чым прыйдзецца, працаваць на немцаў.
— Канешне, было складана, — успамінае жанчына са слязьмі на вачах. — Чысціш бульбу, хочацца есці, але нельга.
Знаходзячыся ў палоне, Яўгенія Уладзіміраўна зведала шмат пакут, але ёй чамусьці шанцавала крыху больш, чым астатнім. Ворагі гвалтавалі маладых дзяўчат. Было зразумела, што “чарга” дайшла і да Яўгеніі. Каб выратаваць яе, суседкі паклалі Жэньку на матрац, на яе — цюфяк, зверху леглі самі. У калідоры раздаліся крокі. Ішло трое мужчын. Невядома чаму, але яны пасварыліся прама за дзвярыма і пайшлі.
І вось нарэшце доўгачаканае вызваленне. Яўгенія сустрэла яго на тэрыторыі Польшчы, але дамоў трапіла не адразу. Вязні ішлі разам з нашымі войскамі і збіралі трафеі. Сем месяцаў Яўгенія праслужыла вольнанаёмнай у воінскай часці: пасвіла і даіла кароў, дапамагала на кухні. У гэтай жа часці і сустрэла Перамогу. Зладзілі развітальны вечар, а ёй выдалі прэмію — адрэз шоўку на сукенку.
— Вярталася дахаты, а думкі былі аб тым, ці чакае там хто-небудзь, — успамінае жанчына. — Невядома было, ці засталіся ўжывых матуля і сястра.
Прыход дадому супаў з Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пасляваеннае жыццё было складаным: дапамогі чакаць не прыходзілася, кожны кавалак хлеба даваўся цяжка і быў на ўліку. На плечы легла адказнасць за састарэлую маці і хворую сястру.
Хутка пасля вайны прыйшло паведамленне, што бацька, які кінуў сям’ю, калі Яўгеніі было шэсць, загінуў на вайне. Устала пытанне: каму плаціць пенсію (у другой сям’і засталося чацвёра дзяцей).
“Мы як-небудзь пражывём, хай другая сям’я карыстаецца льготамі,” — вырашылі на сямейным савеце.
Першыя спробы ўладкавацца на працу былі складанымі, аднак у 1946 годзе Яўгенію Уладзіміраўну аформілі тэлефаністкай у мясцовым вузле сувязі. Радасці яе не было межаў, бо вельмі падабалася ёй злучаць людзей, гарады для размоў. А затым перайшла працаваць паштальёнам. Напаўняючы велізарную сумку газетамі, часопісамі і лістамі, абслугоўвала не адну вёску. Яна не толькі прыносіла навіны, але і сагравала адзінокіх людзей цёплым словам, пісала за іх лісты, выконвала розныя іх пажаданні. Улічваючы вялікі аб’ём работ, раённы вузел сувязі выдаў ёй і яе калегам-паштальёнам ровары. Так і адпрацавала Яўгенія Уладзіміраўна добрасумленна, бездакорна, выдатна ведаючы свой участак працы, 38 гадоў. І за ўвесь гэты час ні разу не было папрокаў у яе адрас, а толькі падзякі і ўзнагароды за прафесіяналізм. Надзеленая ад прыроды душэўнай дабрынёй, жаночым абаяннем і сціпласцю, яна карысталася павагай у родным калектыве і сярод жыхароў вёсак.
Усё сваё свядомае жыццё яна прысвяціла сваёй невялічкай сям’і: сястры і маці. Лёс не падарыў ёй мужа, дзяцей, хаця прапаноў было шмат. Ахвяруючы сабой, жыла для другіх, змагла супрацьстаяць выпрабаванням лёсу, захаваць высокамаральныя чалавечыя якасці, выжыць насуперак усяму, пакінуць права выпраменьваць Дабрыню, Чалавечнасць, Высакароднасць і ні на што не наракаць. Засталася адна, але вакол – яе родныя, блізкія, знаёмыя.
— Жыццё, як кніга, — кажа яна, перабіраючы старыя фотаздымкі. — Кніга вельмі захапляючая. Нямала старонак перагарнула і чытала б яе бясконца… Бо яна адначасова і мера майго свядомага існавання на гэтай зямлі. Жыць трэба спакойна і набожна, з усімі ў згодзе, ні з кім не сварыцца і ні на што не наракаць.
10 красавіка, у дзень выхаду гэтага матэрыялу, Яўгенія Уладзіміраўна пайшла з жыцця. Калектыў газеты «Полымя» выказвае шчырыя спачуванні яе родным і блізкім.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара, з сямейнага архіва гераіні і адкрытых інтэрнэт-крыніц