Депутат Гродненского областного Совета депутатов 29-го созыва Эльвира Сороко: «Главная цель всех законотворческих новаций — сохранение суверенитета и независимости Республики Беларусь»
На працягу чатырох гадоў Эльвіра Сарока прадстаўляла Карэліцкі раён у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама з’яўлялася дэпутатам Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў 28-га склікання па Навагрудска-Карэліцкай акрузе № 45. У красавіку бягучага года тэрмін яе паўнамоцтваў у Савеце Рэспублікі скончыўся. Яна па-ранейшаму дэпутат аблсавета ўжо новага, 29-га, склікання.
— Эльвіра Аляксееўна, якімі былі асноўныя напрамкі вашай дзейнасці ў Савеце Рэспублікі і што ўдалося зрабіць за гэтыя гады?
— Чатыры гады ў Савеце Рэспублікі — вельмі важны вопыт работы ў камандзе аднадумцаў. У сесійны перыяд мы з калегамі актыўна ўдзельнічалі ў выкананні задач, якія стаяць перад дзяржавай і грамадствам. Асноўны дакумент, над якім вялася праца, — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Многія палажэнні, якія ў выніку былі ўключаныя ў Канстытуцыю, зыходзілі ад Савета Рэспублікі. У прыватнасці, увядзенне адзінага дня галасавання па выбарах дэпутатаў усіх узроўняў, праца ў фармаце адной сесіі ў год і іншыя.
Акрамя таго, працягвалася работа над законапраектамі па ратыфікацыі міжнародных дагавораў, над сацыяльна значнымі законапраектамі, накіраванымі на развіццё культуры, спорту, забеспячэнне сацыяльнай інтэграцыі людзей з інваліднасцю, аказанне псіхалагічнай дапамогі, якія трэба было правесці ў адпаведнасць з Канстытуцыяй. Планам работы Савета Рэспублікі была прадугледжана распрацоўка актуальных дакументаў, якія заснаваныя на рэальных патрэбах людзей. Усяго было разгледжана больш за 360 законапраектаў, з іх толькі за 2023 год – 110. У іх ліку — законы «Аб Усебеларускім народным сходзе», «Аб народным апалчэнні», «Аб асновах грамадзянскай супольнасці», якія не маюць сусветных аналагаў. Праведзена маштабная работа па карэкціроўцы Выбарчага кодэкса і Закона аб палітычных партыях і грамадскіх аб’яднаннях, у новай рэдакцыі выкладзена шэсць законаў.
Варта адзначыць, што галоўная мэта ўсіх заканадаўчых навацый — захаванне суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальных інтарэсаў, забеспячэнне бяспекі нашых грамадзян. Таму Савет Рэспублікі выкарыстоўвае магчымасці міжнародных парламенцкіх пляцовак і двухбаковых парламенцкіх кантактаў для давядзення пазіцыі Беларусі па актуальных пытаннях глабальнага парадку дня і актыўнага развіцця міжпарламенцкага супрацоўніцтва з тымі, хто ў гэтым зацікаўлены. За перыяд работы члены Савета Рэспублікі сёмага склікання ратыфікавалі шэраг міжнародных дагавораў, накіраваных на ўмацаванне супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, СНД, АДКБ, ЕАЭС. Важным крокам стала далучэнне нашай краіны да міжнародных дагавораў, прынятых у рамках ШАС. Важна, што Савет Рэспублікі прадпрымаў меры рэагавання на актуальныя знешнепалітычныя падзеі, у тым ліку на ўзмацненне знешніх ваенных і эканамічных пагроз, развязаную супраць Беларусі гібрыдную вайну і неправамерныя аднабаковыя прымусовыя меры. Толькі летась прынята 12 заяў і зваротаў, якія былі накіраваныя ў парламенты замежных краін, міжнародныя арганізацыі і апублікаваныя ў якасці афіцыйных дакументаў ААН.
Акрамя таго, мы прымалі ўдзел у розных мерапрыемствах у рамках рэспубліканскіх, абласных і раённых акцый, конкурсаў і праектаў дабрачыннай, грамадзянска-патрыятычнай і творчай накіраванасці, праводзілі маніторынг цэн на тавары першай неабходнасці, сустракаліся з выбаршчыкамі і праводзілі прыёмы грамадзян, дапамагалі ў вырашэнні актуальных для іх пытанняў.
Мы працавалі плённа і вынікова. Уся дзейнасць была арыентавана на павышэнне ўстойлівасці эканомікі, сацыяльнай сферы і абарону нацыянальных інтарэсаў. Радуе, што, нягледзячы на пэўныя складанасці, беларуская эканоміка не толькі захавала ўстойлівасць, але і дэманструе рост. Выконваюцца ўсе сацыяльныя абавязацельствы і гарантыі дзяржавы, павялічваюцца рэальныя даходы насельніцтва і рэальная заработная плата, прычым выключна за кошт росту прадукцыйнасці працы.
— Якія праблемы жыхароў Карэліцкага раёна Вам удалося вырашыць за тэрмін паўнамоцтваў? Хто аказаў значную дапамогу і падтрымку?
— Асноўныя пытанні, з якімі звярталіся жыхары рэгіёна падчас сустрэч, прыёмаў і прамых тэлефонных ліній, датычыліся розных сфер жыцця. Гэта і рамонт дарог, і вываз смецця, і добраўпарадкаванне населеных пунктаў, і іншыя значныя для людзей тэмы. Пры разглядах некаторых зваротаў мне даводзілася выязджаць на месца: у аграгарадкі Лукі, Цырын, Палужжа. Многія праблемы здымаліся ўжо падчас сустрэчы са старшынямі сельвыканкамаў. Важкую падтрымку аказвалі раённы Савет дэпутатаў, раённы выканаўчы камітэт, грамадскія арганізацыі Карэліцкага раёна. Усім вялікі дзякуй за супрацоўніцтва. Асобна хачу адзначыць кіраўніцтва Карэліцкага раёна электрасетак, іх уменне граматна вырашаць актуальныя пытанні. Хачу падкрэсліць, што сур’ёзных скаргаў і зваротаў ад жыхароў раёна не паступала. Гэта сведчыць, што мясцовыя органы ўлады працуюць прадуктыўна, аператыўна рэагуючы на праблемы.
За гады працы ў Савеце Рэспублікі Карэліцкі раён стаў мне вельмі блізкім, таму асабліва прыемна прадстаўляць інтарэсы карэліччан у абласным Савеце дэпутатаў 29-га склікання.
— Што б Вы пажадалі сваім пераемнікам у Парламенце?
— Праца ў Парламенце — няпростая і вельмі адказная. І я хачу пажадаць зноў выбранаму Савету Рэспублікі добрасумленна і якасна працаваць на карысць роднай Беларусі. Паспяховай ім працы, а нашай любімай краіне – міру, дабра і працвітання.
Іна ЛЕЙКА