В Кореличском районе медицина идет к людям

Амбулаторыя ўрача агульнай практыкі ў аграгарадку Райца Карэліцкага  раёна па выніках работы за мінулы год прызнана лепшай у раёне і адной з лепшых у  Гродзенскай вобласці.  Медустанова ўдастоена Дыплома  ІІ ступені.

Загадчык Райцаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Мікалай Клімко

Калі ў вяскоўцаў ёсць магчымасць на месцы атрымаць неабходныя  ін’екцыі і рэцэпт на лекі, здаць аналізы,  ёсць доктар, да якога можна звярнуцца па дапамогу і пракансультавацца, – гэта пазбаўляе ад шматлікіх праблем і нязручнасцяў. Жыхары Райцаўскага і Малюшыцкага сельскіх Саветаў заўсёды могуць разлічваць на медыцынскую дапамогу, якую ім кваліфікавана аказваюць медработнікі Райцаўскай амбулаторыі.

Каля 9 гадзін раніцы пад’язджаем да дагледжанага,  адрамантаванага  будынка Райцаўскай амбулаторыі. Газончыкі, чысціня вакол,  дзесьці ў вершалінах дрэў заліваецца салавей — як у санаторыі.

—  Ды вы спазніліся, — расчароўвае медсястра, —  наш  доктар, Мікалай Іванавіч, ужо на выездзе. У суседняй вёсцы бабулі дрэнна стала. У нас тут няма калі прахалоджвацца. У дзень каля шасці выклікаў — звычайная справа.

Неўзабаве на парозе з’яўляецца і загадчык амбулаторыі Мікалай Клімко, які тут  працуе вось ужо трыццаць тры гады. Ён  і расказаў  пра  работу медустановы.

– Калектыў амбулаторыі  згуртаваны, вопытны і складаецца з сапраўдных прафесіяналаў.  У зоне абслугоўвання — 27 населеных пунктаў, СВК “Свіцязянка-2003”, КСУП “Малюшычы”, ДУА “Райцаўская сярэдняя школа імя У.А. Галавача”, ДУА “Малюшыцкі дзіцячы сад”. А гэта ні многа ні мала 1844 чалавекі.  У дзень на  прыёме бывае па 30-40 чалавек.

Мясцовыя жыхары выклікаюць  доктара  і на дом. Ёсць спецыяльны  транспарт, таму дабірацца на выклікі не выклікае цяжкасцяў. Вяскоўцы звяртаюцца па дапамогу з рознымі праблемамі. Улетку пацыентаў, як правіла, менш, а вось у сезон прастудных захворванняў наплыў значна павялічваецца.  Тры разы на тыдзень на месцы праводзіцца забор аналізаў, якія адвозім у райцэнтр. Дзейнічае дзённы стацыянар, разлічаны на чатыры ложка-месцы. З  Карэліцкай ЦРБ да нас прыязджаюць вузкія спецыялісты, што, безумоўна, вельмі зручна для мясцовых жыхароў, —  расказвае   загадчык  амбулаторыі. — Карыстаючыся момантам,  ад сябе асабіста, ад усяго калектыву выказваю словы   ўдзячнасці  СВК “Свіцязянка-2003” за выдзяленне сродкаў, правядзенне рамонтных работ у нашай установе аховы здароўя.

Урач-стаматолаг Тамара Мажэйка

З аповеду таксама даведаліся, што ў сельскай медустанове функцыянуюць працэдурны, стаматалагічны кабінеты, а таксама  ёсць  кабінеты дыспансерызацыі і  здаровага дзіцяці.Ні для каго не сакрэт, што залог паспяховай працы любой медыцынскай установы залежыць не толькі ад праведзенага рамонту, ад узроўню аснашчэння абсталяваннем, але і ад супрацоўнікаў, якія граматна і прафесійна выконваюць свае абавязкі.

У Райцаўскай амбулаторыі працуе дружны і згуртаваны калектыў з шасці чалавек, дзе кожны адказна выконвае сваю працу.

– Заслужыць  давер сельскага жыхара можна толькі праявіўшы клопат, дабрыню і чуласць. Наш калектыў зацікаўлены ў падтрыманні здароўя пацыентаў, таму з насельніцтвам у нас поўнае паразуменне. У сельскай мясцовасці людзі добрыя і ўдзячныя, таму працаваць – адно задавальненне, – прызнаецца Мікалай Іванавіч.

Ужо  33  гады  тут працуе ўрачом агульнай практыкі яго жонка Марына Клімко. Ірына Бушэйка –  медсястра,   добра ведае пацыентаў амбулаторыі, а яны – яе. Вяскоўцы ахвотна давяраюць шматгадоваму досведу ўрача-стаматолага Тамары Мажэйка. Старанна выконваюць сваю працу  памочнік урача агульнай практыкі, малады спецыяліст Дзіяна Царук,  медсястра  Антаніна Кавалько, вадзіцель Віталій Карсека, санітаркі Марына Федарака і Вераніка Савоська.

Марына Клімко падчас прыёму пацыента

Санітарка Марына Федарака

У медработнікаў розны ўзрост, але аб’ядноўвае іх адно:

 жаданне дапамагчы людзям паправіць здароўе. І ім гэта ўдаецца. З абсалютнай упэўненасцю можна сказаць, што калектыў Райцаўскай амбулаторыі  –  адзінае цэлае, дзе ўдала спалучаюцца вопыт, прафесіяналізм і веды.

Сказана

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:

— Трэба зрабіць медыцыну, як у нас раней казалі, народнай. Усім даступна, аднолькава. Мы хочам, каб беларусы жылі, заводзілі сем’і, вучыліся, працавалі, адпачывалі ў прыгожых, утульных і камфортных гарадах і вёсках. Пры гэтым ствараць беларусам часам даводзіцца не дзякуючы, а насуперак жыццёвым абставінам. Клопат пра дзяцей, унукаў, усіх, хто працягне наш род, усіх, хто прыйдзе пасля нас — вось сутнасць сённяшняга моманту.

Падчас рабочай паездкі ў Гродна, 2 красавіка 2024 года

У тэму

Галоўны ўрач Карэліцкай ЦРБ Данута Скварада  расказвае аб патэнцыяле раённай бальніцы і аб праблемах,  з якімі сутыкаюцца   медыкі раёна.

— УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца” разлічана на 106 ложка-месцаў. Працуюць аддзяленні: тэрапеўтычнае, педыятрычнае, анестэзіялогіі і рэанімацыі,  міжраённае шматпрофільнае аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі, хірургічнае. Таксама на базе нашай бальніцы прымае пацыентаў  міжраённы цэнтр па гемадыялізе. У паліклініцы працуюць оталарынголаг, акуліст, эндакрынолаг, неўролаг, псіхіятр-нарколаг, інфекцыяніст, кардыёлаг, хірургі, гінеколагі.  З абсталявання — тры апарата УГД высокага класа, эндаскопы, бронхаскоп, фібракаланаскоп. Для правядзення каланаскапіі, да прыкладу, абсталяваны спецыялізаваны кабінет, што дае магчымасць праводзіць працэдуру пад наркозам. Ёсць магчымасць выканаць УГД галаўнога мозгу дзецям, сасудаў шыі, сэрца, унутраных органаў, сасудаў канечнасцяў. Абсталяваны два рэнтген-кабінеты, маецца лічбавы рэнтген-апарат. Для правядзення рэнтген-даследавання сельскага насельніцтва выкарыстоўваецца выязны “Пульмаскан”. Пастаўкі абсталявання ідуць па лініі Міністэрства аховы здароўя за кошт абласнога і раённага бюджэтаў. Увогуле ў апошнія гады значна аднавілася і папоўнілася сучасным абсталяваннем  матэрыяльна-тэхнічная база устаноў аховы здароўя раёна. У 2023 годзе праведзены рамонт усіх сельскіх медустаноў раёна: 5 амбулаторый урача агульнай практыкі  і 11 ФАПаў.

Нашы ўрачы маюць дастатковы вопыт і высокую кваліфікацыю. Зразумела, што патрэбныя тыя, каму гэты вопыт можна будзе перадаць, — маладое папаўненне. Працэс ідзе. У мінулым годзе па размеркаванні прыбылі чатыры ўрача і дзесяць медработнікаў з сярэдняй адукацыяй і адзін спецыяліст з немедыцынскай адукацыяй. Заўсёды да  прыезду моладзі рыхтуемся яшчэ ў маі. Я сама езджу ў медыцынскія ВНУ і каледжы, размаўляю з выпускнікамі і вельмі рада, калі мае прапановы прымаюцца. Са свайго боку мы абяцаем ім не толькі магчымасць прафесійна ўдасканальвацца, набіраць вопыт, але і ствараем максімальна камфортныя бытавыя ўмовы.

Жыць і працаваць  на Карэліччыне вельмі цікава, а людзі, пра здароўе якіх мы клапоцімся, гэта заслугоўваюць.

“ Здароўе і жыццё пацыентаў – тое, дзеля чаго мы працуем”

Вялікі старажытнагрэчаскі філосаф Сакрат сказаў: ”Усе прафесіі — ад людзей, і толькі тры — ад Бога: педагог, суддзя і доктар”. Адсюль відаць, што стаць добрым педагогам, справядлівым суддзёй і адказным урачом можа не кожны. Асабліва гэта правіла тычыцца людзей у белых халатах, якія лічаць выбраную імі прафесію  прызваннем.

Сёлета на выніковай калегіі Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ўрач-эндакрынолаг Карэліцкай  ЦРБ Алена  Хілімон  атрымала  Падзяку  старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

– Больш чым за 35 гадоў працы ў сістэме аховы здароўя я не раз была ўдастоена ганаровых узнагарод і ацэнкі сваёй работы. Заўсёды прыемна, калі тваю працу шануюць і паважаюць, таму  Падзяка Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта – добры стымул для таго, каб і далей працаваць на вынік. У наш няпросты час, на мой погляд, узнагароды варты кожны медыцынскі работнік. Мы шмат зрабілі і будзем працягваць рабіць, каб зберагчы здароўе нашых пацыентаў. Вельмі ўдзячна ўсяму  калектыву і кіраўніцтву медустановы. Гэта наша агульная заслуга, ацэнка няпростай, але вельмі важнай працы, –  адзначыла Алена Хілімон.

Успамінаючы свае першыя крокі ў медыцыне і шматгадовую  практыку, яна гаворыць, што, калі ёй бывае вельмі цяжка на душы, то на памяць  прыходзяць  аднойчы   пачутыя словы: “Не заўсёды бывае так, як мы хочам. Сапраўдны доктар павінен спяшацца лячыць і вылечваць людзей, і чым хутчэй ён прыступіць да гэтага працэсу, тым больш на яго рахунку будзе выратаваных жыццяў”.

Родам Алена Хілімон з вёскі Барацін Красненскага сельвыканкама.  У 1988 годзе пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па размеркаванні прыехала працаваць урачом-эндакрынолагам на Карэліччыну.

– Прысвяціць сябе высакароднай прафесіі  марыла з дзяцінства,– Мне вельмі падабаліся людзі ў беласнежных халатах.  Яны мне здаваліся нейкімі чараўнікамі, а дзіцячыя гульні былі звязаны толькі з адной тэматыкай — лячэннем. Вось і вырашыла пасля заканчэння школы паступаць у мыдыцынскі інстытут. Шлях у прафесію быў няпростым, але мэта была пастаўлена і яе неабходна было дасягнуць,  – дзеліцца ўспамінамі Алена Уладзіміраўна.

На пытанне: “Якім павінен быць сапраўдны ўрач?” —  жанчына не раздумваючы адказала, што ён павінен мець жаданне дапамагаць людзям і з любоўю ставіцца да сваёй прафесіі. Гэтыя звычайныя якасці неабходны  для таго, каб стаць прафесіяналам у сваёй сферы. Добра, калі іх дапоўняць такія рысы характару, як уменне ладзіць з людзьмі, тактоўнасць, а таксама аналітычны склад розуму, выдатная памяць і працаздольнасць.

Несумненна, прафесія ўрача – адна з самых старажытных і самых патрэбных. У любы час года,  любому чалавеку практычна штодня можа спатрэбіцца медыцынская дапамога. І якой яна будзе, залежыць ад чалавека, які аднойчы даў клятву Гіпакрата і верны дадзенаму слову да канца сваіх дзён. Пажадаем жа нашым урачам поспеху ў барацьбе з хваробамі і бясконцай любові да ўсяго прыгожага на зямлі!

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара