На планерке у председателя: профилактика происшествий, «земельная амнистия» и празднование Дня Победы
Узмацніць прафілактычную работу па папярэджанні пажараў і ўтапленняў – такое даручэнне старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей даў адпаведным службам на штотыднёвай аператыўнай нарадзе.
Па словах начальніка Карэліцкага РАНС Дзяніса Стадольніка, з пачатку года выратавальнікі 51 раз выязджалі на ліквідацыю надзвычайных сітуацый. Напрыклад, 10 красавіка ў вёсцы Трашчычы Жухавіцкага сельсавета адбылося загаранне сухой расліннасці на плошчы 0,5 га.
14 красавіка ў рэспубліцы адбыўся рэзанансны выпадак: у вёсцы Ястрабель Бярозаўскага раёна падчас пажару прыватнага дома загінулі чацвёра дзяцей. Загінулым было ад двух месяцаў да шасці гадоў, з агню выратаваліся маці дзяцей і яшчэ адно дзіця.
— Назіральныя камісіі павінны ўзмацніць прафілактычную працу, растлумачваць людзям правілы пажарнай бяспекі. Асаблівую ўвагу трэба надаваць дзецям, якія могуць гуляць з запалкамі, — сказаў Андрэй Гардзей.
— Купальны сезон яшчэ не пачаўся, а вадаёмы ўжо забіраюць жыцці людзей, — выказаў занепакоенасць кіраўнік раёна. — Сёлета ў раёне патанула два чалавекі. Яны адправіліся на рыбалку і не былі апранутыя ў выратавальныя камізэлькі.
У сувязі з гэтым даручэнне АСВОДу і праваахоўнікам – павялічыць колькасць рэйдаў каля вадаёмаў, праверыць папераджальныя таблічкі.
Абмеркавалі на нарадзе і работу па ўзаконьванні факту самавольнага заняцця зямель. У ліпені мінулага года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон “Аб змяненні кодэксаў”. Гэтым дакументам грамадзянам прадастаўлена магчымасць узаконьвання з 1 верасня 2022 года факту самавольнага заняцця зямель, так званая «зямельная амністыя». Такім чынам, у людзей з’явілася магчымасць узаконіць самавольна занятыя зямельныя ўчасткі і капітальныя будынкі, якія знаходзяцца на гэтых участках. Як праходзіць «зямельная амністыя» ў раёне, расказала намеснік начальніка аддзела землеўпарадкавання Карэліцкага райвыканкама Ірына Чачотка:
— У Карэліцкім раёне маецца 562 такія ўчасткі, з іх 215 у Карэлічах, 99 у г.п. Мір і 248 у сельскіх населеных пунктах. У выніку працы з насельніцтвам 22 чалавекі адмовіліся ад зямельных надзелаў, яшчэ 22 участкі афармляюцца ў новых межах, у дачыненні да 37 пры паўторным абследаванні не пацверджаныя факты самавольнага заняцця. У план работы на бягучы год уключана яшчэ 277 такіх участкаў. Да 1 верасня 2025 года па законе гэтая работа павінна быць завершана.
— Часта бывае так, каб узаконіць участак, уладальніку трэба перамясціць плот на некалькі метраў, а гэта зручней зрабіць вясной ці летам. Таму трэба больш аператыўна дапамагчы грамадзянам разабрацца ў сітуацыі і ўзаконіць фактычную сітуацыю з зямлёй, — сказаў Андрэй Гардзей.
Падрабязна спыніліся падчас нарады і на канцэпцыі святкавання Дня Перамогі. На думку кіраўніка раёна, гэтае свята — даніна павагі кожнага з нас загінулым героям і тым, хто, перажыўшы жахі вайны, жыве побач з намі. Сёння ў раёне пражываюць тры ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, два інваліды з дзяцінства з прычыны ранення, дзве сям’і загінулых і 7 вязняў нацызму. З 25 красавіка па ўказе Прэзідэнта кожны з іх атрымае матэрыяльную дапамогу да Дня Перамогі ў памеры ад адной да чатырох тысяч рублёў. Асаблівая ўвага ў перадсвяточныя дні гэтая катэгорыя грамадзян адчуе ад прадстаўнікоў мясцовай улады, дэпутатаў і валанцёраў з ліку моладзі і ветэранаў працы.
Абмеркавалі на нарадзе і пытанні добраўпарадкавання. Так, на вуліцы Гагарына ў г.п. Карэлічы з’явяцца новыя лаўкі і ўрны, у рамках рэспубліканскага суботніка працягнецца навядзенне парадку на вуліцах і ў дварах, абрэзка дрэў і азеляненне.
Іна ЛЕЙКА