Жительница Кореличского района Елена Черкас 20 лет назад переехала из России в Беларусь, которая стала для нее вторым домом

Сярод вясновых свят  дата другое красавіка  асаблівая.  Яна адзначаецца не толькі на дзяржаўным узроўні, але і ў многіх сем’ях Беларусі і Расіі. Лёсы дзвюх краін аб’яднаныя назаўжды. У нас падобныя мовы, роднасная культура, агульная гісторыя. А колькі руска-беларускіх сем’яў!  Як нас можна падзяліць?

.

— Пераязджаць на новае месца жыхарства заўсёды трывожна, а калі гэтае месца яшчэ і ў іншай краіне, то трывожней удвая. У галаве шмат сумненняў і страху ад невядомасці,  але  галоўнае — усё ўзважыць і рашыцца, — пачынае свой аповед Алена Аляксандраўна. — Мой бацька Аляксандр Іванавіч быў родам з Пухавіч Мінскай вобласці, але доўга жыў і працаваў лётчыкам грамадзянскай авіяцыі ў Архангельску. Заўсёды марыў вярнуцца ў Беларусь, бо недзе  ў глыбіні душы цепліліся далёкія ўспаміны  аб маленькай радзіме. Калі маці з бацькам  выйшлі на пенсію, то вырашылі прыехаць на Радзіму бацькі. Купілі дом у Клецкім раёне. А следам за бацькамі прыехалі і мы. Спачатку на адважны крок рашылася сястра, якая зараз жыве ў Мінску, а потым і я з мужам Уладзімірам і сынам Арсеніем.

У 2004 годзе Чэркасы прыехалі ў Мір, купілі ў гарпасёлку  цудоўны вялікі дом, дабудавалі,  зрабілі ўсё на свой густ.

— У нас від на жыхарства, грамадзянства  атрымліваць не сталі, — патлумачыла суразмоўца. —  Мы бясплатна карыстаемся сацыяльнай сферай, нават у выбарах   можам удзельнічаць.

Жанчына ўвесь час працавала настаўнікам па класе “фартэпіяна” ў Мірскай дзіцячай школе мастацтваў. Муж  Уладзімір  займаўся  рамесніцкай справай, ствараў керамічныя вырабы, не так даўно яго не стала. Сын Арсеній, паспяхова скончыўшы школу, паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Зараз жыве і працуе ў г. Мінску,  стварыў сям’ю. Яго жонка Ксенія – беларуска, вельмі лагодная і сапраўдная гаспадыня.

На пытанне, ці хочацца назад у Расію,  Алена Аляксандраўна адказала:  калі была маладзейшая,  не было калі думаць пра гэта, а зараз крыху і цягне: настальгія, усё ж такі там пражыта вялікая частка жыцця.

– Людзі адпачываць едуць у цёплыя краіны, а я  ў Расію. Вядома, з’ездзіць трэба, тым больш, там засталіся родныя, – гаворыць Алена Аляксандраўна і дадае: – Але ўсё ж  рада таму, што воляю лёсу апынулася ў Беларусі.  Шчаслівая, што родным   стаў менавіта  Мір. Тут жыццё цячэ мерна, людзі добрыя, усе адзін аднаго ведаюць. Мы з мужам  марылі пра сям’ю, дзяцей, дом – усё  спраўдзілася.  Галоўнае цяпер, каб усе былі здаровыя і каб у Беларусі заўсёды панаваў мір!

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара