Журналист «Полымя» отправился в рейд с ГАИ

У красавіку-маі бягучага года міжраённы аддзел ДАІ па абслугоўванні Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Навагрудскага РАУС праводзіць прафілактычныя рэйды, падчас якіх супрацоўнікі аўтаінспекцыі правяраюць выкананне аўтамабілістамі правіл праезду скрыжаванняў, пешаходных пераходаў, а таксама выкананне хуткаснага рэжыму і правіл абгону. Як паказвае практыка, рэальную эфектыўнасць прафілактычных мерапрыемстваў пераацаніць складана, бо парушальнікаў выяўляецца нямала.

— На жаль, статыстыка не радуе, — расказвае начальнік МА ДАІ па абслугоўванні Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Навагрудскага РАУС Дзмітрый Аскерка. — У бягучым годзе павялічылася колькасць ДТЗ з нуля да трох. Рост звязаны з парушэннем правілаў праезду скрыжаванняў, абгону і няправільнага выбару хуткасці руху. Таму аўтаінспекцыя ў красавіку-маі будзе ўзмоцнена выяўляць парушэнні, у тым ліку выкарыстоўваючы транспартныя сродкі без святлографічнай афарбоўкі.

У адзін з рэйдаў разам з аўтаінспектарамі выехаў і карэспандэнт “Полымя”. Накіроўваемся на скрыжаванне ў райцэнтры з найбольш актыўным рухам. На гэты раз едзем не ў службовым аўтамабілі ДАІ з пробліскавымі маячкамі, а на звычайнай легкавушцы.

— Нішто так не дысцыплінуе вадзіцеляў і пешаходаў, як прысутнасць патрульнага аўтамабіля ДАІ. А ў дадзеным выпадку мы нясём службу на аўтамабілях стандартнай афарбоўкі, без звыклых апазнавальных знакаў і мігалак. Такія метады працы выбраны з мэтай прафілактыкі правапарушэнняў і прадухілення дарожна-транспартных здарэнняў. Усе ўдзельнікі дарожнага руху абавязаны выконваць ПДР незалежна ад прысутнасці або адсутнасці вартавых дарог, — расказвае Дзмітрый Віктаравіч.

Сапраўды, такі спосаб кантролю дае свае вынікі: у ходзе рэйду выяўлена адно парушэнне правілаў перасячэння скрыжаванняў, пяць парушэнняў правілаў пераходу скрыжаванняў пешаходамі, тры парушэнні хуткаснага рэжыму.

У ходзе рэйду разам з інспектарам ДАІ працавалі спецыялісты ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна” і валеолаг ДУ “Карэліцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”, якія ў рамках правядзення рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Дом без гвалту” расказвалі ўдзельнікам дарожнага руху аб арганізацыях і ўстановах, якія аказваюць дапамогу тым, хто пацярпеў ад дамашняга гвалту, а таксама аб неабходнасці неадкладнага інфармавання праваахоўных органаў аб вядомых фактах сямейнага недабрабыту, уручалі ўлёткі і буклеты з інфармацыяй прафілактычнага характару.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара