В Кореличах матпомощь ко Дню Победы получили 14 человек

Згодна з рашэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь штогод да Дня Перамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, якія пацярпелі ад яе наступстваў, выплачваецца матэрыяльная дапамога. У гэтым годзе выплата матэрыяльнай дапамогі праводзіцца з 25 красавіка па 4 мая. Сёлета  яе атрымалі 14 карэліччан.

У госці да інваліда вайны Мікалая Пяцько завіталі цэлаю гурбой — у хату адзін за адным увайшлі першы намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгеній Бусько, старшыня Ярэміцкага сельвыканкама Сяргей Барычэўскі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Інэса Сямібратава, вучні Ярэміцкай базавай школы, мясцовы паштальён. Усе яны прыйшлі сёння, каб павіншаваць Мікалая Аляксандравіча з надыходзячым Днём Перамогі, выказаць словы падзякі за мірнае жыццё і гады плённай стваральнай працы.

— Дзякуючы вашаму пакаленню мы жывём у мірнай квітнеючай краіне, — адзначыў Яўгеній Бусько. — Абяцаем, што будзем шчыра працаваць на карысць нашай Радзімы.

Разам з гасцямі гаспадар праспяваў знакамітую “Малдаванку”.

З прыемнай місіяй завіталі госці, да якіх далучыліся вучні сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы, і да жыхаркі райцэнтра, малалетняга вязня вайны Феафаніі Верамейка. Жанчыне пажадалі доўгіх гадоў жыцця і моцнага здароўя.

Наступным адрасатам стала жыхарка в. Валокі Цырынскага сельвыканкама Ніна Шэйман. Да віншаванняў далучылася старшыня Цырынскага сельскага выканаўчага камітэта Аксана Гомза і адзінаццацікласнікі Цырынскай СШ.

— Памятаю, мы пачулі тупат ног па даху памяшкання, дзе хаваліся, а людзі пачалі крычаць: нас нарэшце вызвалілі! — успамінае дзень вызвалення з фашысцкага палону Ніна Іванаўна. — Гэта было сапраўднае свята: нам, дзецям, далі па дзве галеты і па кавалачку масла. Той смак быў незвычайным. Мы частаваліся, заплюшчваючы ад задавальнення вочы, і ўсміхаліся.