Журналист «Полымя» отправился в рейд с сотрудником РОЧС в рамках профилактической акции «За безопасность вместе!»
15 красавіка на Карэліччыне стартавала прафілактычная акцыя “За бяспеку разам!”, накіраваная на павышэнне ўзроўню бяспекі насельніцтва.
— За першы квартал бягучага года назіральнымі камісіямі Карэліцкага раёна было абследавана 1804 дома, дзе пражываюць шматдзетныя сем’і, адзінокія і адзінока пражываючыя пенсіянеры, інваліды, асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, — расказаў начальнік Карэліцкага РАНС Дзяніс Стадольнік. — Пры наведванні звярталася ўвага на стан пячнога абсталявання, электраправодкі, наяўнасць і працаздольнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Супрацоўнікі РАНС праводзяць з грамадзянамі прафілактычную работу, нагадваюць правілы супрацьпажарнай бяспекі, заклікаюць бацькоў не пакідаць дзяцей без нагляду і навучыць іх правілам бяспечных паводзін. Выратавальнікі акцэнтуюць увагу на тым, што лепшы спосаб навучыць дзіця бяспецы — асабісты прыклад.
Падчас праверак было выяўлена 62 парушэнні супрацьпажарнай бяспекі, 23 з якіх было выпраўлена, на кантролі яшчэ 39.
У адзін з рэйдаў разам са старшым інспектарам сектара нагляду і прафілактыкі Карэліцкага РАНС Паўлам Купрасам адправіўся журналіст “Полымя”. Мэта паездкі — абследаваць умовы пражывання адзінокіх пажылых грамадзян раёна.
Па першым адрасе — адзінока пражываючы мужчына, інвалід. У час візіту ў доме дзядулі завіхаецца сацыяльны работнік. Супрацоўнік РАНС уважліва аглядае печ, правярае работу аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Не так даўно ў доме мужчыны ўстанавілі святло-гукавую прыладу апавяшчэння аб пажары. Выратавальнік просіць нас выйсці і паглядзець, ці спрацуе прыбор. Праз імгненне на вуліцы раздаецца гучны піск — прылада спраўная.
У адным з дамоў г.п. Мір пражывае былы ўрач, ветэран працы Лілія Дзівакова. У сваім паважаным узросце жанчына не страціла пачуцця гумару — калі расказвае пра сябе, жартуе. Не так даўно ёй таксама ўстанавілі святло-гукавую прыладу, чым Лілія Сцяпанаўна вельмі задаволена:
— Прызнаюся чэсна, спачатку адмовілася. Але сацыяльны работнік настаяла на ўстаноўцы, за што ёй вялікі дзякуй. Цяпер адчуваю сябе ў бяспецы.
Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы ў раёне праводзіцца аднаўленне пячнога абсталявання, электраправодкі, устаноўлена 55 святло-гукавых прылад на агульную суму 7253,4 рублі.
За час сумеснага рэйду мы наведалі некалькі домаўладанняў, і толькі ў адным былі выяўлены парушэнні: выратавальнік заўважыў, што печка неатынкаваная. Гаспадарам прадастаўлены тэрмін для выпраўлення парушэння.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара