В Кореличах состоялся парад в честь Великой Победы (+видео)


Дзень Перамогі – свята гонару нашага народа, яго велічы, мужнасці і адвагі,   свята, якое аб’ядноўвае пакаленні. “Памятае Вена, памятаюць Альпы і Дунай…” і Карэлічы памятаюць Пераможны май… 9 Мая  –  гэта рубеж: канец і новы пачатак – канец вайны і пачатак новага жыцця.

Святочныя мерапрыемствы ў гэты дзень у г.п. Карэлічы пачаліся  на  плошчы 17 Верасня. Тут  адбылося тэатралізаванае тэматычнае паказальнае шэсце “У імя міру  на зямлі”. Дзякуючы яму перад вачыма жыхароў і гасцей райцэнтра як кінахроніка прайшлі падзеі Вялікай Айчыннай вайны ад яе пачатку ў 1941 годзе і да Пераможнага мая 1945 года. Увесь боль і трагедыю беларускага народа,  і радасць доўгачаканай перамогі ўклалі ў яго ўдзельнікі  тэатралізаванага шэсця. У многіх прысутных на вачах з’яўляліся слёзы — беларусы не хочуць вайны, яны за мір і стварэнне на зямлі.

Аддаць даніну памяці і павагі тым, хто мужна змагаўся ў баях, і тым, хто не вярнуўся з поля бою, прыйшлі кіраўніцтва і спецыялісты раённага выканаўчага камітэта, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, прафсаюзы, духавенства, кіраўнікі і працоўныя калектывы прадпрыемстваў, арганізацый, ведамстваў і службаў, карэліччане і госці райцэнтра.

Вераніца святочных мерапрыемстваў працягнулася каля мемарыяльнага комплексу “Зорка”,  дзе адбыўся тэатралізаваны  мітынг-памяць “Нам 41-ы не забыць, нам вечна славіць 45-ы”.

Пачалася ўрачыстасць тэатралізаваным пралогам “Фота, даўжынёю ў жыццё”, якая прымусіла кожнага з прысутных яшчэ раз прапусціць праз прызму свайго ўспрымання ўсю трагічнасць падзей 1941-1945 гадоў.

Да ўдзельнікаў мітынгу звярнуўся старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Гардзей.

— Дзень Перамогі — асаблівае свята, дзень нашай агульнай памяці. Нельга забываць тых, хто ішоў насустрач смерці па дарогах вайны, хто ў тыле сваёй працай набліжаў перамогу, хто страціў самых дарагіх людзей. Сённяшняе  пакаленне ў вечным і неаплатным даўгу перад гэтай святой памяццю.

Кожны наш куток зямлі дыхае мужнасцю і гераізмам. Легендарнай старонкай Прынёманскага краю стала падрыўная дзейнасць Мірскіх і Ярэміцкіх камсамольцаў-падпольшчыкаў і партызан. Сярод іх — Міхаіл Андрэевіч Белуш, на яго рахунку 8 пушчаных пад адхон эшалонаў. Гісторыяй цэлай краіны стаў гераізм Уладзіміра Царука і Паўла Жалезняковіча, вызваліцеля нашых  вёсак Яна Фогеля,  які 8 ліпеня 1944 быў  смяротна паранены ў баі каля вёскі Малюшычы.

У нашым раёне загінулі 132 партызаны і падпольшчыкі, больш за 4 тысячы мірных жыхароў былі знішчаны фашысцкімі катамі, не вярнуліся з поля бітвы каля 2 тысяч чалавек.

Наш абавязак —  беражліва захоўваць памяць пра кожнага героя, які змагаўся за  мірнае неба. Кожны з іх — гэта  вышэйшае ўвасабленне мужнасці нашага народа, узор  адданасці Айчыне.

З кожным годам усё менш і менш застаецца ветэранаў, тых сапраўдных герояў  страшнай  вайны.  Сёння ў Карэліцкім раёне пражывае тры ветэраны Вялікай Айчыннай вайны: Буй Уладзімір Данілавіч, Кужалевіч Надзея Пятроўна, Хіневіч Вольга Іосіфаўна. Нельга не захапляцца вашымі слаўнымі баявымі і працоўнымі перамогамі. Тыя выпрабаванні, якія выпалі на вашу долю, падуладна было вынесці толькі людзям адважным і моцным духам, тым, хто любіць сваю Радзіму і свой народ!

Гады не аддалілі падзеі тых грозных ваенных гадоў — яны назаўжды засталіся ў нашай памяці, як сімвал усеагульнага гераізму на фронце і ў тыле. Наш абавязак — увекавечыць імёны і захаваць праўду аб мужнасці і самаадданасці савецкіх людзей. Няхай удзячная памяць аб’ядноўвае ўсіх нас супраць новых войнаў і жорсткасці! Захоўваючы памяць аб гераічных і трагічных падзеях, мы павінны зрабіць усё для ўмацавання беларускай дзяржавы, для яе далейшага руху наперад.

Старшыня райвыканкама выказаў   словы віншавання з Днём Перамогі ўдзельнікам мітынгу і ўсім  жыхарам раёна:

— Ад усёй душы жадаю вам, паважаныя карэліччане, моцнага здароўя. Няхай заўсёды на нашай цудоўнай зямлі пануе мір і спакой, у кожным калектыве – згуртаванасць і творчы дух, а ў кожным доме будзе шчасце, дастатак і дабрабыт. Няхай пачуццё гонару за Вялікую Перамогу дапамагае нам у ажыццяўленні самых грандыёзных планаў на карысць Карэліччыны і Рэспублікі Беларусь! Са святам! З Днём Вялікай Перамогі!

Выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу VII склікання Аляксандр Сонгін:

-Шаноўныя сябры! Самай кровапралітнай падзеяй дваццатага стагоддзя стала Другая сусветная вайна. Яна прынесла гора і беды шматлікім краінам, не засталася ў баку і  Беларусь. Нездарма наша краіна пасля яе заканчэння стала паўнапраўным членам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Успомніце дарагіх ветэранаў, якія скупа расказвалі аб ваенных падзеях. Таму што нават успамін пра іх прыносіў нясцерпны боль.  Нават і сёння пасля ўбачанай у пачатку мітынгу тэатралізацыі стыне кроў ў жылах: страшныя падзеі давялося перажыць нашым продкам.

Сёння шмат гарачых галоў, якія б хацелі перапісаць гістарычную праўду, дзеля таго, каб пачаць новую вайну. І наша з вамі задача —  данесці  страшную памяць да маладога пакалення, бо толькі памяццю і руплівай працай мы зможам захаваць мір.

У сваім выступленні начальнік адасобленай групы Карэліцкага раёна Яўген Гарлуковіч адзначыў, што ў нашай краіне шмат свят. Мы ўсведамляем іх значнасць і важнасць, паважаем і шануем,  але Дзень Перамогі  выдзяляем з усіх таму, што не было ў гісторыі чалавецтва больш лёсавызначальнай і трагічнай падзеі, чым Другая сусветная вайна. Мы будзем вечна памятаць, якой цаной дасталася нашаму народу Перамога над фашызмам. Перамога дасталася нам дарагой цаной. Хай ніхто і ніколі ні сёння, ні ў будучым не забывае пра гэта. Быць годнымі памяці людзей, якія прынеслі нам вялікую перамогу,  — святы абавязак усіх жывых.

Жывыя яшчэ ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і людзі, якія перанеслі ўсе жахі ваеннага ліхалецця. Яны  — жывая памяць і самая вялікая каштоўнасць. Дай Бог, каб мы гэта памяталі і даражылі імі, каб вучыліся ў іх жыццю.

Нізкі паклон вам, дарагія ветэраны! Дзякуй за ваш подзвіг, за мірнае неба над намі.

-Магутная і квітнеючая Беларусь — лепшы помнік загінулым і жывым, усім, хто ў жорсткіх бітвах абараніў незалежнасць нашай краіны, — заключыў прамоўца.

Слова трымаў  благачынны Карэліцкіх цэркваў, протаіерэй Мікалай Орса. Ён звярнуўся да прысутных са словамі віншавання і нагадаў аб значнасці гэтай вялікай падзеі для нашага народа, і аб неабходнасці захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне памяць пра герояў,  аддалі свае жыцці за блізкіх сваіх. Заклікаў усіх памятаць гісторыю, таму што ў таго, хто не памятае гісторыі,  няма будучыні.

Хвілінай маўчання, залпам салюту ўшанавалі памяць загінулых на вайне. Да падножжа мемарыяльнага комплексу “Зорка” ўсклалі кветкі, гірлянду, вянкі. Удзельнікі мітынгу накіраваліся на свята, якое прадоўжылася на галоўнай плошчы райцэнтра. Тут жыхароў райцэнтра і гасцей чакала святочная праграма “Перамога ў сэрцах пакаленняў”, падрыхтаваная творчымі калектывамі раёна і індывідуальнымі выканаўцамі.

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ

Кацярына КУКАНАВА

Фота Іны ЛЕЙКІ

Відэа Сяргея СТОЛЯРА