Кореличчане рассказывают, почему важно любить и беречь государственные символы
Дзень Дзяржаўных сцяга, герба і гімна Рэспублікі Беларусь у нашай краіне адзначаецца ў другую нядзелю мая.
Калі некалькі гадоў таму дзяржсімвалы размяшчаліся ў асноўным на адміністрацыйных будынках, а таксама ў асабліва значныя для рэспублікі дні, то апошнім часам яны паўсюдна. Усё часцей колеры нашага сцяга, малюнак герба прысутнічаюць у элементах адзення, на канцылярскіх таварах, аўтамабілях. У час жніва сцяг горда ўзнімуць на камбайны перадавікі ўборачнай. Напярэдадні значнага свята спыталі жыхароў Карэліччыны, чаму важна паважаць сімвалы нашай краіны?
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Данілавіч БУЙ:
– Герб, сцяг, гімн – дзяржаўныя сімвалы, якія адлюстроўваюць наша гістарычнае мінулае, сённяшняе жыццё і будучыню. Здабытая незалежнасць прайшла праз гарніла рэвалюцыі, Першай сусветнай вайны, грамадзянскай вайны, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны нашаму пакаленню беларусаў разам з усім савецкім народам прыйшлося абараняць гэтыя сімвалы, суверэнітэт і незалежнасць, не шкадуючы сябе. І сёння чырвоны колер на беларускім сцягу для мяне сімвалізуе часцінку таго Чырвонага Сцяга, які горда быў узняты савецкімі салдатамі над Рэйхстагам.
Настаўнік ДУА “Красненская сярэдняя школа Карэліцкага раёна” Юрый ЮРЧЫК:
– Перакананы, што паважаць і шанаваць дзяржаўныя сімвалы – гэта святы абавязак усіх членаў нашай вялікай беларускай сям’і. Яны прадмет гонару і крыніца патрыятызму. Іх паважаюць у кожным доме, яны асацыіруюцца з сапраўдным Грамадзянінам, Сем’янінам, Працаўніком. Для мільёнаў беларусаў дзяржаўная сімволіка ўвасабляе дасягненні краіны. Пад чырвона-зялёным сцягам Беларусь ужо тры дзесяцігоддзі дынамічна развіваецца, сцвярджае сябе на міжнароднай арэне, прадстаўляе нашу краіну ў іншых дзяржавах. Гімнам пачынаюцца ўсе значымыя мерапрыемствы, а каманды спартсменаў, з гонарам паклаўшы руку на сэрца, спяваюць яго падчас камандных гульняў, або ўзняўшыся на п’едэстал пераможцаў. Такія сімвалы, як герб і сцяг, неабходна шанаваць, таму што менавіта яны паказваюць усяму свету: мы – незалежная дзяржава, з намі трэба лічыцца і нас трэба паважаць.
Урач-неўролаг УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца” Вольга МЯЦЕЛІЦА:
– Дзяржаўныя сімвалы – гэта сімвалы суверэннай дзяржавы, люстэрка нашых нацыянальных каштоўнасцяў, ідэнтычнасці нашага народа, якое раскрывае яго душу, гісторыю, памкненні. Гэта ж наша гісторыя, адлюстраванне нашага “я”. Мы, беларусы, заўсёды ганарыліся сваёй сімволікай. Наш сцяг мае ўнікальны арнамент, які ідзе з глыбіні стагоддзяў, у ім — нашы традыцыі, і наша свядомасць. Калі мы губляем традыцыі, мы губляем краіну, губляем суверэнітэт. Існуючая сімволіка адпавядае рэаліям сучаснага развіцця беларускай дзяржавы. Гэта ўсё наша, роднае, знаёмае: зялёныя лугі, мары пра шчасце, пра багаты ўраджай. Пра гэта гаворыць і кожны элемент герба краіны. Ён нясе энергетыку спакою і дабрабыту. Беларусы – гэта людзі працы і стварэння. Мы ніколі не былі агрэсарамі, толькі абаранялі сваю зямлю, свабода якой каштавала нам вельмі дорага. Пра міралюбнасць нагадваюць і першыя радкі нашага гімна: “Мы, беларусы, мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі”. Сімвалы нашай краіны паважаць і берагчы павінен кожны, хто лічыць сябе патрыётам і ганарыцца сваёй Радзімай. Важна памятаць, што гэта наша спадчына, гонар, апора і абярэг нацыі.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і з архіва газеты «Полымя»