Делегат Всебелорусского народного собрания Фёдор Жук: «Только от нас зависит национальная безопасность Республики Беларусь»
Працягваюцца сустрэчы дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу з працоўнымі калектывамі Карэліччыны. Сустрэчу з калектывам Карэліцкага РУП ЖКГ правялі старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош і дэлегат Усебеларускага народнага сходу дырэктар ААТ “Карэлічы-Лён” дэпутат Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў па Турэцка-Ушацкай выбарчай акрузе №26 Фёдар Жук, які падзяліўся ўражаннямі ад пасяджэння сёмага склікання УНС, якое прайшло ў Мінску 24-25 красавіка 2024 г.
Расказваючы пра пасяджэнне, Фёдар Мікалаевіч адзначыў, што пытанні, якія ўзнімаліся на працягу гэтых двух дзён, тычыліся кожнага беларуса:
— Нам былі прадстаўлены праекты Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь — важных дакументаў у галіне ваеннай бяспекі, якія рэгламентуюць падыходы беларускай дзяржавы да забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў розных галінах. Акцэнт у іх зроблены на недапушэнні ваенных канфліктаў. Беларусы гатовы да супрацоўніцтва з любымі дзяржавамі, нават з тымі, якія вядуць супраць нас агрэсіўную палітыку, пры той умове, што яны зменяць сваю рыторыку ў адносінах да нашай дзяржавы.
У Ваеннай дактрыне раскрыты змест ваеннай палітыкі краіны. У прыватнасці, падкрэсліваецца адсутнасць варожасці да каго-небудзь.
— Мы ні ў каго не просім зямлі, нічога не патрабуем. Мы хочам жыць на сваёй зямлі. Наш народ выпакутаваў гэта права, і мы яго нікому не аддадзім, — прывёў словы Кіраўніка краіны Фёдар Жук.
Дэпутат падкрэсліў, што Усебеларускі народны сход забяспечыць мір і згоду ў грамадстве, захавае і будзе ўдасканальваць беларускую мадэль сацыяльна арыентаванай дзяржавы.
Па меркаванні Фёдара Мікалаевіча, нацыянальная бяспека Беларусі залежыць ад кожнага жыхара нашай краіны. Згадзіўся з гэтай думкай і Аляксей Гаўрош:
— Мы самі павінны стварыць сабе ўмовы для камфортнага пражывання і працы. За нас гэта ніхто не зробіць.