Фестиваль «Еремичские маски» состоялся в Кореличском районе
Ярэмічы — цудоўны куточак на Карэліччыне. Ён прываблівае не толькі навакольнымі краявідамі, але талентамі і гасціннасцю. У нядзелю, 26 мая, яны ажылі па-сапраўднаму: тут прымалі гасцей, якія прыехалі на свята, раздзяліць радасць прыйшлі і вяскоўцы. Ім было што паслухаць і што паглядзець. Добрае надвор’е спрыяла правядзенню ўрачыстасці — атрымаўся сапраўдны карнавал.
Які ён, карнавал па-ярэміцку? Як абяцалі напачатку ўдзельнікі свята, так і атрымалася: радасць і забавы, жарты і смех, святочнае прадстаўленне, весялосць на тварах ва ўсіх. Каралева сцвярджала, каб усё прайшло як на любым маскарадзе, немагчыма абысціся без танцаў. Парадавала выступленне танцавальнага калектыву «Каблучок» Ярэміцкай базавай школы танцам «Смайлікі».00
Далей жа Каралева запрашае надзець маскі: «У нас ёсць маскі спачування і ліслівасці, і нават маскі для дабра і разумення. Для смутку, смеху, павагі і годнасці, і цуда-маскі для любові і спагады».
Конкурсная праграма пачынаецца. Паказваюць гульнёвыя праграмы аддзелы культуры і вольнага часу «Жухавіцкі Дом культуры» («Тайна залатога ключыка») і «Красненскі Дом культуры»(«Чупа-Чупс»).
«Прыгоды Бабкі Ёжкі і Кікімары» — такую праграму паказалі работнікі Мірскага Дома культуры.
Радуе выступленне студыі роставых лялек «Яркае свята для ўсіх» Дзятлаўскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці (кіраўнік Іван Каско) сваім інтэрактыўным шоу «Чабурашка і сакрэт выдатнага настрою».
Сваё выступленне падрыхтавала група «Марсіяне» сектара «Варанчанскі сельскі клуб» аддзела культуры і вольнага часу «Цырынскі Дом культуры».
Узорны тэатр роставых лялек «Шчарсунок» Шчорсаўскага СДК Навагрудскага аддзела культуры і народнай творчасці (кіраўнік Ядзвіга Моніч) прадстаўляе спектакль «Як лыска ваўком быў».000
Аддзелы культуры і вольнага часу «Райцаўскі Дом культуры», «Малюшыцкі Дом культуры» і «Баранавіцкі Дом культуры» дэманструюць праграму «Зоркі сышліся» і атрымлімліваюць гучныя апладысенты ўдзельнікаў карнавала.
І ў рэшце рэшт, не засталіся ў даўгу і самі гаспадары. Народны тэатр гульні «Ярэміцкія маскі» (кіраўнік Валянціна Падалянчык) парадавалі прысутных тэатралізаванай пастаноўкай «Казкі пераблыталіся».
Кожнае выступленне заварожвала па-свойму і ўзнімала настрой, але вердыкт вынесла журы. Дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік дала высокую адзнаку: «Свята ўдалося, атрымалася яркім і ўзняло настрой ва ўдзельнікаў і гледачоў. Гэтыя ўражанні надоўга застануцца ў нашай памяці».
Падведзены вынікі карнавала: лепшым казачным героем прызнана Святлана Абламейка (Жухавічы), Каралём карнавала — Іван Каско (Дзятлава), Каралевай карнавала — Марына Зайцава (Ярэмічы), лепшы касцюм карнавала — «Ярэміцкія маскі», найлепшае маскараднае шоу — «Зоркі сышліся», самы крэатыўны касцюм — «Марсіяне», лепшы экакасцюм — «Прыгоды Бабкі Ёжкі і Кікімары», загадка маскарада — Красненскі Дом культуры. Супер-калектывам прызнаны «Шчарсунок», а супер-мульцігероем —»Яркае свята для ўсіх». Пераможцы ўзнагароджаны Дыпломамі. Дыплом за ўдзел ўручаны Турэцкаму Дому культуры.
Карнавал сабраў не толькі шмат ўдзельнікаў, але і гледачаў. Як гаворыцца, ад старога да малога яго ўдзельнікі радаваліся добраму святу. Падчас яго правядзення працавалі Горад майстроў, гульнёвыя пляцоўкі, батут, горкі, цір, малышы маглі паласавацца прысмакамі.
Завіталі да ярэмічан і суседзі з песняй — цудоўныя мелодыі трыо «Кава» з г. Стоўбцы.
СЛОВА — УДЗЕЛЬНІКАМ СВЯТА:
Аксана НАЗАРЭВІЧ,
жыхарка аграгарадка Ярэмічы:
— Мне падабаецца, калі людзі нясуць радасць адзін аднаму. І сёння я прыйшла, каб яе атрымаць. Сама люблю дарыць радасць іншым, імкнуся дапамагчы і словам, і справай. Гэтаму вучу і сваіх дзяцей. Сёння нашы сыны Дзмірый і Іван выступаюць з дзецьмі ў танцы «Смайлік». Спадзяюся, што яны ў будучым не зменяць гэтаму добраму накірунку. Калі дорыш радасць людзям, то самому становіцца радасна на душы. Дабро рабіць — дабро будзе.
Наталля СІНІЦА,
маці траіх дзяцей, жыхарка вёскі Вялікая Вобрына:
— Заўсёды прыходзім на святы і прымаем у іх актыўны ўдзел. Да таго ж, удзельнічаюць дзеці. Вось сёння ўсе трое дачок: Анастасія, Дар’я, Ксенія. Прыйшлі на свята і бабулі Вераніка Феліксаўна і Таіса Паўлаўна. Усе разам імкнёмся радаваць іншых і самі радавацца. Ярэміччына — наш цудоўны край, які багаты на добразычлівых і таленавітых людзей. Калі хтосьці хоць раз пабудзе ў Ярэмічах, то захоча сюды зноў вярнуцца. Хачу выказаць падзяку кіраўніку танцавальнага гуртка «Каблучок» Дасько Наталлі Міхайлаўне, якая дапамагае развіваць таленты нашых дзяцей.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Аксаны БАСЮК