Оператор машинного доения МТК «Райца-2» СПК «Свитязянка-2003» Галина Гуцева знает секрет большого молока: «Все мы душой болеем за производство, ведь от каждого из нас зависит общий успех»
Напярэдадні свята Працы асаблівыя словы ўдзячнасці неабходна сказаць працаўнікам малочнай галіны – аператарам машыннага даення. Прафесія гэта вядома з даўніх часоў, і лёгкай яе не назавеш. У стагоддзе тэхнічнага прагрэсу на прылаўкі магазінаў такія прадукты харчавання, як малако, масла, сыр, смятана паступаюць у прыгожых упакоўках. І мы часам забываем, што за ўсім гэтым стаіць цяжкая праца даяркі. Зрэшты, прагрэс унёс у працу гэтых людзей карэктывы – ручное даенне змянілася механізаваным, а прафесія стала называцца інакш: аператар машыннага даення. Вось толькі графік работы “гаспадынь малочных рэк” застаўся ранейшым. З першымі пеўнямі яны ўжо завіхаюцца з апаратамі ў руках, а дадому – глыбокай ноччу. Прычым, у любое надвор’е, у будні і святы. Бо карова – істота жывая, і мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.
Карэспандэнт пабывала на адным з вядучых малочнатаварных комплексаў раёна – “Райца-2” у СВК “Свіцязянка-2003”, пазнаёмілася з аператарам машыннага даення Галінай Гуцавай і даведалася, у чым сакрэт вялікага малака.
– Вядома, галоўным тут, як і ў любой справе, з’яўляецца чалавек, – адзначыла Галіна Аляксандраўна. – Калектыў даярак нашага комплексу складаецца з васьмі чалавек. Усе дружныя, працавітыя, і кожная з работніц вартая пахвалы. Многія аддалі жывёлагадоўлі ўжо не адзін год сваёй працоўнай дзейнасці.
Сама Галіна Аляксандраўна родам з в. Дуброва Райцаўскага сельскага Савета. Адразу пасля заканчэння школы атрымала прафесію майстра-плодаагародніка, два гады па размеркаванні працавала на Ждановіцкім цяплічным камбінаце. Потым давялося асвоіць прафесію зборшчыка фарфоравых вырабаў на Добрушскім фарфоравым заводзе. Але і ў гэтай прафесіі не суджана было застацца. Час ішоў, вырашыла вярнуцца ў бацькоўскі дом. На радзіме спачатку хадзіла ў паляводства, а потым больш дзесяці гадоў працавала санітаркай спачатку ў Райцаўскай бальніцы, а потым і ў амбулаторыі. Рашэнне змяніць прафесію і пайсці працаваць у СВК прыйшло нечакана і раптоўна. І вось жанчына ўжо больш пятнаццаці гадоў працуе на ферме. Сёння, праз гады пасля першай у яе жыцці дойкі, можна ўжо з упэўненасцю гаварыць аб прызванні.
– Раней думала, што прызванне – гэта калі табе хочацца стаць настаўнікам, аграномам, ветурачом. А прафесія даяркі быццам бы занадта будзённая для мары. Але цяпер жа перакананая: любімай справай можа стаць на першы погляд самае звычайнае. Калі ж яно з’яўляецца такім, то і справы ладзяцца, – прызнаецца суразмоўца.
Дарэчы і тое, што за апошнія тры месяцы калектыў МТК “Райца-2” атрымаў 3093 кілаграмы ад каровы, а гэта ў сярэднім 33,6 кг малака гатункам “экстра” на карову. Ёць немалы ўклад у агульную справу і Галіны Аляксандраўны.
На пытанне, як аператары машыннага даення дасягнулі такіх поспехаў, яна адказала:
– Усе мы душой хварэем за вытворчасць, бо агульны поспех нараджаецца з намаганняў кожнага.
У даярак няма замацаваных груп жывёл. Двухзменка прыйшлася жанчынам па душы. За змену ўтрох яны дояць 815 рагуль. Па старой звычцы не завуць каровак па мянушках, бо і сюды прыйшла лічбавізацыя – замест мянушкі нумар. Кожную і па вымені можна пазнаць, і да нораву жывёлы прызвычаіцца. Ёсць яшчэ нешта, без чаго, па цвёрдым перакананні, поспеху не дасягнуць. Сакрэт гэты – любоў да жывёл. Немалаважную ролю, па словах суразмоўцы, адыгрывае і стаўленне кіраўніцтва гаспадаркі да працаўнікоў, забяспечанасць калектыву ўсім неабходным – ад якасных кармоў да спраўнага сучаснага абсталявання. Апора таксама на спецыялістаў – заатэхніка і ветэрынара, на сябровак-даярак, з якімі можна падзяліцца і цяжкасцямі, і радасцю.
У клопаце і працы бяжыць жыццё. Галіна Аляксандраўна выгадавала сына Яўгенія, які ўжо парадаваў матулю ўнучкай Ангелінкай. Хоць і жыве сын з сям’ёй у г. Баранавічы, па выхадных прыязджаюць на вёску, дзе заўсёды іх чакае любячае матчына сэрца. У вольны ад працы час жанчына з цікавасцю сочыць за спартыўнымі навінамі, асабліва за раённымі.
– Вельмі люблю спорт. Калі была крыху маладзейшая, заўсёды прымала ўдзел у раённых спаборніцтвах. Яшчэ са школы добрыя вынікі па бегу былі. Не раз выступала за мясцовую медустанову, а калі ўладкавалася на працу ў СВК, то і годнасць гаспадаркі абараняла. Мне гэта цікава. І калі ў раёнцы пішуць артыкулы пра спаборніцтвы, крос, заўсёды шукаю прозвішчы знаёмых і шчыра радуюся іх поспехам.
Так і жыве, і працуе старанная сельская даярка, радуючыся поспехам родных, блізкіх і проста знаёмых, усведамляючы, што яе праца абарочваецца карысным прадуктам на абедзенным стале кожнага з нас.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара