На планерке у председателя: безопасный детский отдых и празднование 80-й годовщины освобождения Республики Беларусь от немецко-фашистских захватчиков
— Галоўнае — забяспечыць бяспечны летні адпачынак дзяцей, — такую задачу паставіў перад членамі райвыканкама старшыня Карэліцкага раёна Андрэй Гардзей. — Гэта наша першасная задача. Мы павінны зацікавіць дзяцей, зрабіць так, каб яны і ў наступным годзе захацелі адпачыць у лагеры.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ала Шэўка расказала аб падрыхтоўцы ДАЛ “Вясёлка” да летняга аздараўленчага сезона. Сёлета ў летні перыяд запланавана аздаравіць 727 дзяцей: у лагерах з дзённым знаходжаннем — 277, у лагерах з кругласутачным — 345. На Карэліччыне будзе працаваць 13 прышкольных лагераў, дзе запланаваны адпачынак 242 чалавек, 4 лагеры працы і адпачынку (35 чалавек) і 10 неперасоўных палатачных лагераў, дзе адпачнуць 210 чалавек. У ДАЛ “Вясёлка” плануецца правесці чатыры змены. Кіраўнік раёна асабліва спыніўся на арганізацыі адпачынку дзяцей у лагерах працы і адпачынку і палатачных лагерах:
— Ваша задача стварыць умовы для камфортнага знаходжання дзяцей. Не павінна быць так, што прывезлі атрад працаваць на спякоце, дзе яны шукаюць ценю. Падбярыце час і від работ, каб дзеці маглі з камфортам адпрацаваць належныя ім гадзіны. Яшчэ раз падкрэсліваю, галоўнае — бяспека. Тое ж тычыцца і палатачных лагераў. Не павінна быць розніцы паміж дзецьмі, якія адпачываюць у корпусе лагера “Вясёлка” і ў палатцы. Для іх неабходна стварыць аднолькавыя санітарна-бытавыя ўмовы. Усё павінна быць арганізавана на вышэйшым узроўні: пачынаючы ад заезду дзяцей і да апошняй хвіліны яго прыбывання ў лагеры.
Было адзначана, што ў бягучым годзе на падрыхтоўку да аздараўленчага сезона з раённага бюджэту было выдаткавана 19 тыс. руб., са сродкаў Прадстаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва – 2,4 тыс. руб., са сродкаў, заробленых падчас рэспубліканскага суботніка, — 6,9 тыс. руб., уласныя сродкі ДАЛ — 31 тыс. рублёў. На 27 мая было зрасходавана 52,4 тыс. рублёў, што складае 93,7%
Арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна праведзены бягучы рамонт будынкаў, памяшканняў, добраўпарадкаванне тэрыторыі ДАЛ “Вясёлка”: адрамантаваны пешаходныя дарожкі, каля двух спальных карпусоў заліты бетонныя пляцоўкі. Вымашчана пліткай падлога ў будынку клуба. Адрамантаваны ўсе спальныя домікі, альтанкі, будынкі і памяшканні медыцынскага блока, пляцоўкі каля аб’екта харчавання. Праведзена абследаванне і ачыстка дна возера Свіцязь у месцах купання выхаванцаў лагера.
— Выдатна, што прадпрыемствы раёна зрабілі рамонт будынкаў у лагеры, але неабходна да наступнага аздараўленчага сезона зрабіць тэрыторыю лагера, домікі, дзе жывуць выхаванцы, больш яркімі, — нацэліў кіраўнік раёна.
Абмеркавалі на нарадзе выкананне плана аб падрыхтоўцы да святкавання 80-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вольга Гаўрош расказала, што старт мерапрыемствам, прысвечаным святкаванню аднаго з галоўных святаў у нашай краіне, быў дадзены праектам “80 мірных дзён”. На бягучую дату праведзены шэраг мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі, культуры, бібліятэках, Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі, сярод якіх кніжныя марафоны памяці, шэраг музейных урокаў, аўта- і велапрабегі, выставы, дыялогавыя пляцоўкі. Установамі адукацыі раёна праводзіцца акцыя “Няма забытых магіл”, падчас якой валанцёрскія атрады ўдакладняюць месцы пахавання воінаў і партызан, наводзяць на іх парадак і добраўпарадкаванне. Асобна спынілася Вольга Анатольеўна на планах святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
— Неабходна зрабіць такое мерапрыемства, якое запомніцца ўсім, — сказаў кіраўнік раёна. — Свята павінна быць арганізавана якасна, на належным узроўні.
Таксама абмеркавалі пытанне аб выкананні прагнозных паказчыкаў у галіне садзейнічання занятасці ў 2024 годзе.
— Задача кожнага кіраўніка — кадры, — акцэнтаваў увагу Андрэй Гардзей. — Калі кіраўнік не знайшоў чалавека, які будзе працаваць на вашым прадпрыемстве, гэта дрэнны кіраўнік. Калі працаўнік напісаў заяву на звальненне — даведайцеся, у чым прычына. Стварыце такія ўмовы, каб работнік не хацеў перайсці на працу ў суседняе прадпрыемства.
Сяргей СТОЛЯР