Одиннадцатиклассники Кореличчины сдали второй ЦЭ

30 мая адзінаццацікласнікі Карэліччыны здалі другі цэнтралізаваны экзамен. Гэта быў іспыт па мове: рускую мову здавалі 24 выпускнікі, беларускую – 52. Працягласць экзамену – 120 хвілін.

Пасля другога экзамену навучэнцы выходзілі з прыўзнятым настроем. У многіх былі такія эмоцыі, як быццам яны ўжо атрымалі 100 балаў.

Карэспандэнт газеты “Полымя” пагутарыла з некаторымі выпускнікамі адразу ж пасля іспыту, калі хваляванне крыху спала.

Мілана Кудрыцкая, выпускніца ДУА “Красненская сярэдняя школа Карэліцкага раёна”, збіраецца паступаць у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Мара дзяцінства – стаць акцёрам тэатра і кіно. З экзаменацыйнымі заданнямі па рускай мове справілася самая першая.

– Хваляванне было падчас РЭ і першага ЦЭ, але да другога экзамену прайшло. Сёння экзамен прайшоў цудоўна. Так, былі, вядома, заданні, пры выкананні якіх узнікалі сумненні, але я ў сабе ўпэўнена, – радуецца выпускніца. – Думаю, усё будзена выдатна.
Школьніца адзначыла, што ведаў, якія даюць ў школе, хапае для здачы экзамену, але для асабістай ўпэўненасці дадаткова займалася па прадмеце. Яна выказала асаблівыя словы ўдзячнасці педагогу.

Максім Дораш з сярэдняй школы № 2 райцэнтра выбраў для здачы беларускую мову. Спыталася: “Як рыхтаваўся да іспыту?” На што пачула адказ, што старанна слухаў настаўніка на ўроках і рабіў хатнія заданні. Акрамя гэтага, наведваў факультатыўныя заняткі па прадмеце ў школе:

– Падчас экзамену нейкай асаблівай методыкі ў мяне не было. Атрымаўшы заданні, пачаў іх выконваць. Калі справіўся з першай часткай, адразу ж перайшоў да другой. На мой погляд, нічога асабліва складанага не было, большасць заданняў знаёмыя і не раз сустракаліся пры падрыхтоўцы. Разлічваю набраць ад 90 да 100 балаў і спадзяюся, што маё жаданне збудзецца.

Настаўнік ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай” Людміла Кобзева адзначыла:

– Шчыра сказаць, я хвалявалася больш, чым вучні. Рабяты моцныя, працавалі на працягу навучальнага года, займаліся дадаткова. Што тычыцца увогуле ЦЭ, то такая форма іспыту ўжо ў мінулым годзе апраўдала сябе. Лічу, што для выпускнікоў гэта выдатнае рашэнне.
Вынікі другога цэнтралізаванага экзамену падвяла начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч:

– Для ўдзелу ў цэнтралізаваным экзамене на 30 мая папярэдне было зарэгістравана 76 навучэнцаў. Усе яны своечасова з’явіліся на пункт правядзення выпрабавання, ніхто не забыўся пашпарт і пропуск, не было выдаленняў з іспыту, дзеці былі спакойныя і сканцэнтраваныя. Увогуле, усё прайшло без парушэнняў.

Вынікі ЦЭ стануць вядомыя не пазней за 10 рабочых дзён. Выпускнікі школ змогуць азнаёміцца з імі ў асабістым кабінеце на сайце РІКВ. Пасля сканіравання ўсіх экзаменацыйных работ рабяты змогуць убачыць у сваім асабістым кабінеце бланкі з адказамі ЦЭ, прааналізаваць вынікі і параўнаць з адзнакай, якую ім выставяць у атэстат.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара