Травы пайшлі  ў рост, а  касілкі – у ход. Як на Карэліччыне ідзе касавіца (+інфаграфіка)

У Карэліцкім раёне  актыўна вядзецца нарыхтоўка травяных кармоў, вынік якой шмат у чым вызначыць прадуктыўнасць малочнага статка, яго здароўе, захаванасць і, у выніку, эканамічную эфектыўнасць галіны жывёлагадоўлі гаспадарак рэгіёна. Сёння сельгаспрадпрыемствы скошваюць і здрабняюць раннія зёлкавыя травы, люцэрну і канюшыну. Нарыхтоўваць  кармы трэба своечасова і якасна. На будучы ўраджай – вялікія планы, бо травастой сёлета нядрэнны, таму справа толькі за аператыўнай уборкай.

Журналіст газеты “Полымя” назіраў за працэсам корманарыхтоўкі ў ДП “Племзавод Карэлічы”.

Агульная  плошча сельгасугоддзяў сельгаспрадпрыемства  – 2751 га.  Сёлета ў гаспадарцы запланавана нарыхтаваць 500 тон  сена, 11 тысяч тон сіласу і 10 тысяч тон сенажу. Гэтага, па словах спецыялістаў сельгаспрадпрыемства, будзе дастаткова, каб пракарміць пагалоўе і мець прафіцыт. У ДП “Племзавод Карэлічы”  агульная колькасць пагалоўя  буйной рагатай жывёлы –  2115 галоў, таму план корманарыхтоўкі сур’ёзны.

— У справе корманарыхтоўкі важна ўсё: скошванне, варушэнне, здрабненне і трамбоўка, — гаворыць выконваючы абавязкі кіраўніка сельгаспрадпрыемства  Раман Шэўка. – Дастатковая  вясновая вільгаць і цёплае надвор’е  спрыяюць атрыманню добрай зялёнай масы. Наша асноўная задача — убіраць травы своечасова, каб захаваць пажыўнасць пры закладцы кармоў, тады будуць добрыя надоі і прывагі.

Травы першага ўкосу ў гаспадарцы ўбраны са 158 гектараў, нарыхтавана больш за 335 тон зялёнай масы.

На полі, размешчаным недалёка ад аграгарадка Палужжа, працуе  кормаўборачны камбайн  і зганяюцца ўжо падрыхтаваныя  валкі. Тут на 46 гектарах вырасла нядрэнная люцэрна, якая пасля кашэння, здрабненння адвозіцца МАЗамі і трактарамі на сянажную траншэю  каля МТФ “Людвікава”. Работа ідзе зладжана, прастояў няма. А ўсё гэта дзякуючы руплівай працы механізатараў і вадзіцеляў.

— Першы ўкос — гэта толькі пачатак корманарыхтоўкі, працы наперадзе яшчэ шмат, — растлумачыў механізатар Сяргей Лагута. — Касавіца звычайна заканчваецца прыкладна ў канцы верасня, так што тэхніка будзе працаваць практычна без перапынку.

Механізатар Сяргей Лагута

Для Сяргея Уладзіміравіча праца на кормаўборачным камбайне — справа звыклая. Больш трыццаці гадоў ён працуе ў гэтай гаспадарцы  і амаль 20 гадоў прымае ўдзел у нарыхтоўцы кармоў. Адказны механізатар, які з любоўю ставіцца да даручанай справы.  Кажа, за змену нарыхтоўвае па 300, а то і больш тон сенажу, калі надвор’е спрыяе,  — вынік нядрэнны, але і працаваць трэба па 12 гадзін у дзень. Але і гэта не стрымлівае руплівага гаспадара зямлі.

У тандэме з камбайнерам працуе   Аляксандр Акулік, які  зганяе скошаную люцэрну ў валкі. Ён  робіць сваю справу не толькі прафесійна, але і ўкладвае ў яе душу. Механізатар вопытны, амаль трыццаць гадоў шчыруе ў гаспадарцы.  У 2002 годзе  сеў за баранку трактара.  Яго жыццё, на здзіўленне, простае і правільнае. Ён жыве ў згодзе з сабой, атрымлівае задавальненне ад уласных дзеянняў, а, такім чынам — і ад жыцця ў цэлым. Яно, гэтае жыццё, склалася менавіта так, як павінна было. Сумленнасць, адказнасць, вернасць, гонар былі закладзеныя ў ім яшчэ ў дзяцінстве, а можа — і да нараджэння. Работніка не трэба было вучыць, што такое добра і што такое дрэнна, таму што ён гэта ведаў заўсёды. Гэта было адным з асноўных інстынктаў, якія вядуць па жыцці і вызначаюць  яго лёс.

Больш за дваццаць гадоў працуе на сельгастэхніцы механізатар Аляксандр Акулік

Увогуле, у гаспадарцы працуе шмат адказных і ініцыятыўных людзей, прафесіяналаў сваёй справы, якія стаяць за высокімі вынікамі і паказчыкамі сельгаспрадпрыемства.  Дзякуючы іх працы, гаспадарка па выніках за 2023 год прызнана пераможцай раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці ў галіне сельскагаспадарчай вытворчасці і ўзнагароджана Ганаровым сцягам Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, а таксама пераможцай у спаборніцтве па вытворчасці зерня, атрымаўшы найвышэйшую ўраджайнасць зерневых культур,  і ўзнагароджана пераходным прызам імя Героя Сацыялістычнай Працы Калоша В. Л.

У ДП “Племзавод Карэлічы”  пастаянна надаюць увагу пытанням паляпшэння выкарыстання зямлі, тэхнікі, асноўных і абаротных сродкаў, павышэння прадуктыўнасці жывёлагадоўлі, рэнтабельнасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

КАМПЕТЭНТНА

Ілья Самуйлік, начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі  і харчавання Карэліцкага  райвыканкама:

— У дзевяці сельгаспрадпрыемствах  раёна ўжо нарыхтавана 24 273 тысячы тон сенажу, гэта 14% ад задання, а таксама 109 тон сена, або 1% ад задання. Уборка травяных кармоў  ідзе згона   з графікам. Дастатковая колькасць вільгаці і ўмерана цёплае надвор’е спрыяюць росту траў. Галоўная задача — своечасова і  якасна ўбраць травы, у якіх будзе ўтрымлівацца максімальная колькасць бялку.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара