У рамках рэспубліканскай акцыі “ Беларусь памятае. Памятаем кожнага” ў аграгарадку Цырын адбыўся ўрачысты мітынг, прысвечаны святу Вялікай Перамогі
У цэнтры аграгарадка, дзе размешчаны помнік у гонар загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, жыхары Цырынскага сельсавета, школьнікі і дашкаляты.
Адкрыла мітынг старшыня Цырынскага сельвыканкама Аксана Гомза. Яна павіншавала прысутных з надыходзячым святам і адзначыла, што гэты вясновы дзень, 9 Мая, скрозь дзесяцігоддзі мірнага жыцця ўсё гэтак жа адклікаецца ў сэрцах беларусаў болем, гонарам і бясконцай удзячнасцю пераможцам. Вечная слава сапраўдным героям! Нізкі паклон нашым дарагім ветэранам.
Дырэктар ДП “Лукі-Агра” Мікалай Гавіна адзначыў:
– Колькі б гісторыя аддаляла нас ад крывавых падзей Вялікай Айчыннай вайны, у нашай памяці застануцца тыя людзі, якія цаной свайго жыцця падарылі нам мірнае неба і квітнеючую зямлю. З кожным годам становіцца ўсё менш ветэранаў. Я звяртаюся да моладзі: шануйце кожнае імгненне, пражытае побач са сведкамі жывой памяці. Памятайце: мір – самае каштоўнае, што ёсць на зямлі.
Са словамі віншавання да прысутных звярнуўся намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч. Ён назваў 9 Мая асаблівым днём для ўсіх нас. Гэта свята нашай агульнай памяці, вялікага подзвігу, нацыянальнага гонару і славы.
— Сёння непарушная памяць аб суровай праўдзе вайны, якая застанецца з намі як увасабленне мужнасці, патрыятызму і вечнага смутку аб тых, хто з’яўляецца для нас прыкладам самаахвярнага служэння Айчыне, а ўвекавечанне ратнага подзвігу напоўнена глыбінным духоўным сэнсам і ўважлівым стаўленнем да захавання памяці аб загінулых, — адзначыў Ігар Раманавіч. — Наўрад ці ў Беларусі ёсць сям’я, якую не кранула б тая вайна. Мы расказваем дзецям і ўнукам пра подзвіг нашых салдат, шануем іх памяць, беражліва яе перадаём з пакалення ў пакаленне. Гэта наша гісторыя, гісторыя нашай сям’і, гісторыя нашай краіны.
Шмат гучала на мітынгу слоў пра гераічны подзвіг нашага народа. Важна, каб нашы нашчадкі ведалі пра вайну толькі са слоў ветэранаў, кінастужак і з кніг, і ніколі не бачылі ўсіх тых жахаў, якія выпалі на долю абаронцаў.
Настаяцель храма святога Архангела Міхаіла ў аграгарадку Цырын, протаіерэй Алег Сушко адслужыў малебен у памяць аб загінулых.
Удзельнікі мітынгу хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых і ўсклалі кветкі да падножжа мемарыяла і магіл.
Пасля ўрачыстасці намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч, дырэктар ДП “Лукі-Агра” Мікалай Гавіна, старшыня Цырынскага сельвыканкама Аксана Гомза і работнікі Цырынскага Дома культуры павіншавалі жонку памерлага воіна Ніну Дзмітрыеўну Барэйку і малалетняга вязня нацызму Ніну Іванаўну Шэйман. Акрамя шчырых слоў, песні-віншавання з нагоды свята, жанчынам уручылі харчовая наборы.
#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара