В Кореличах подвели итоги конкурса «Пасхальная радость»

Раённая выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Вялікодная радасць”, якая праходзіла на Карэліччыне з 15 красавіка па 15 мая, — адна з самых добрых акцый, якая падарыла радасць не толькі яе ўдзельнікам, але і членам журы. Трапяткія і непапасрэдныя работы, якія даслалі ўмельцы з усяго раёна, прыцягваюць да сябе погляд, міжволі прымушаюць падоўгу спыняцца каля кожнай працы. Усе работы, а сёлета іх было прадстаўлена больш за 40, аб’яднаны адной важнай і галоўнай асаблівасцю — яны перадаюць настрой галоўнага хрысціянскага свята, свята са святаў і ўрачыстасці з урачыстасцяў — Светлага Хрыстовага Уваскрасення.

Прадстаўленыя на конкурс работы ацэньваліся журы, у складзе якога загадчык сектарам культуры Карэліцкага райвыканкама Наталля Шпакоўская, дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік, загадчык мастацкага аддзялення Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Анастасія Чычкан і мастак-афарміцель Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Аляксандр Заблоцкі. Прымаў удзел у выбары лепшых работ і святар Мікалай Орса.

— Сёлета конкурс праводзіцца другі раз, — адзначыла Наталля Гароднік. — Вельмі прыемна, што ў гэтым годзе павялічылася колькасць прадстаўленых работ. Кожны ўдзельнік уклаў душу ў сваю працу, таму вельмі складана было ацэньваць.

Дыпломамі “За арыгінальнасць і творчы падыход” былі адзначаны работы Марыі Нячай, вучаніцы Жухавіцкага філіяла ДУА “Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў”, і Дар’і Кужалевіч, вучаніцы ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы”.

Дыплом “За крэатыўнае мастацкае мысленне” атрымала вучаніца ДУА “Мірская дзіцячая школа мастацтваў” Аляксандра Піскун.

Дыпломам “За высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства” была ўзнагароджана работа аддзела культуры і вольнага часу “Лукскі Дом культуры”.

У намінацыі “Лепшая велікодная работа. Выяўленчае мастацтва” дыплом лаўрэата 1-ай ступені атрымала Анастасія Чычкан з Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў. Дыпломам 1-ай ступені адзначана работа вучаніцы ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы” Аляксандры Бусько.

У намінацыі “Лепшы велікодны сувенір. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” дыпломам лаўрэатаў 1-ай ступені адзначаны работы Іны Кошур з ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы” і выхаванца ДУА “Карэліцкая дзіцячая школа мастацтваў” Ільі Жука. Прыз глядацкіх сімпатый атрымала Алена Шахава з аддзела культуры і вольнага часу “Жухавіцкі Дом культуры”. Дыпломам 2-ой ступені адзначана работа вучаніцы ДУА “Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы” Сафіі Ульянка. Дыпломам 1-ай ступені ўзнагароджана Наталля Кандэра з ДУА “Дзіцячы сад г.п. Мір”. Прыз глядацкіх сімпатый у гэтай намінацыі атрымала аматарскае аб’яднанне “Чараўнікі” аддзела культуры і вольнага часу “Цырынскі Дом культуры”.