В Кореличах поздравили малолетнего узника нацизма Глеба Кришеня

Напярэдадні свята Перамогі  супрацоўнікі Карэліцкага РАУС сумесна з навучэнцамі СШ №2 г.п. Карэлічы наведалі  былога малалетняга вязня нацызма Глеба Аляксандравіча Крышэня.

Гаспадар з  непрыхаванай радасцю сустрэў гасцей. Гэтаму чалавеку з няпростым лёсам пасля вайны  ўдалося  скончыць школу, паступіць у Гомельскі чыгуначны інстытут, стаць інжынерам. Больш за 40 гадоў ён  працаваў на чыгунцы, распрацаваў не адзін праект рэканструкцыі станцый, складаў графікі руху цягнікоў ад Брэста да Польшчы. Разам з жонкай Варварай Глебаўнай у любові і ласцы выхавалі трох дачок, прычакалі ўнукаў.

Успамінаючы перажытае, гаворыць:

— У гады вайны мы свайго лёсу не выбіралі. Добра, што нашы дзеці і ўнукі цяпер яго гаспадары.

Безумоўна,  такія сустрэчы даюць магчымасць пагаварыць па душах, успомніць і параўнаць, як працавалі раней і цяпер, нагадваюць пра тое, як важна быць уважлівымі да сведкаў вайны, якія застаюцца ў страі.

У завяршэнне візіту Глебу Аляксандравічу ўручылі кветкі  і падарунак, пажадаўшы яму і яго сям’і моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, дабрабыту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

— Віншаванні ветэранам, былым малалетнім вязням і ўсім тым, хто перажыў страшэнную навалу вайны, маюць вялікае значэнне. Бо гэта спосаб выказаць сваю падзяку і павагу людзям, якія аддалі частку свайго жыцця ў імя абароны нашай краіны. Віншаванні падтрымліваюць іх дух і паказваюць, што подзвігі не забытыя, цэняцца маладым пакаленнем, — сказала  інспектар інспекцыі па справах непаўналетніхі  Карэліцкага РАУС Ірына Парэйка.

У гэты ж дзень Глеб Аляксандравіч  атрымаў віншаванні з надыходзячым святам  ад начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іны Богуш,  старшыні  Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў  Наталлі Высоцкай, работнікаў ЦСАН Карэліцкага раёна.

Яны ў сваіх прамовах  адзначылі, што мір — самае каштоўнае для беларусаў. Свабода і незалежнасць даліся нам нялёгка. Сёння, успамінаючы аб тым цяжкім шляху, які прайшлі нашы бацькі і дзяды, мы захоўваем гісторыю, вучым падрастаючае пакаленне шанаваць іх подзвігі, любіць сваю краіну.

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ

КАЦЯРЫНА КУКАНАВА

Фота аўтара