В Кореличах соревновались санитарные и пожарные дружины района
31 мая на стадыёне “Юнацтва” прайшлі традыцыйныя штогадовыя спаборніцтвы санітарных і добраахвотных пажарных дружын раёна. Удзел у іх прынялі 7 санітарных і 8 пажарных дружын. Свае каманды выставілі сельгаспрадпрыемствы і арганізацыі раёна.
Удзельнікаў павіталі начальнік райаддзела МНС Дзяніс Стадольнік і галоўны ўрач УАЗ “Карэліцкаяцэнтральная раённая бальніца” Данута Скварада. У сваіх прамовах яны жадалі ўдзельнікам поспехаў і адзначалі, што такія спаборніцтвы спрыяюць адпрацоўцы ўменняў і навыкаў пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый, ацэньваюць узровень гатоўнасці ў нестандартнай сітуацыі аказаць на належным узроўні медыцынскую дапамогу. Важна пастаянна ўдасканальваць гэтыя навыкі, абменьвацца вопытам з калегамі.
Пасля ўрачыстага адкрыцця камандзіры каманд атрымалі стартавыя нумары і прыступілі да выканання пастаўленых задач.
Спаборніцтвы сярод сандружын прайшлі ў пяць этапаў: праверка табельнага абсталявання санітарнай дружыны, праца ў ачагу камбінаванага і хімічнага паражэння, а таксама інфекцыйнага захворвання. Удзельнікі каманд санітарных дружын дэманстравалі тэарэтычныя веды, адказваючы на пытанні дасведчаным членам журы.
Пажарныя дружыны ў сваю чаргу праходзілі пажарную эстафету і баявое разгортванне ад мотапомпы.
Спаборніцтвы паказалі, што ўсе члены санітарных і пажарных добраахвотных дружын адказна падрыхтаваліся да выпрабаванняў, і барацьба за лідарства вялася на працягу ўсяго конкурсу.
Падводзячы вынікі раённых спаборніцтваў, арганізатары падзякавалі ўсім за ўдзел і за тое, што члены добраахвотных санітарных і пажарных дружын гатовы падставіць сваё плячо і дапамагчы ў выпадку надзвычайных сітуацый.
– На жаль, мы не застрахаваныя ні ад тэхнагенных катастроф, ні ад прыродных катаклізмаў або стыхійных бедстваў, таму павінны ўмець на сваіх працоўных месцах аператыўна адрэагаваць на ўзніклыя сітуацыі яшчэ да прыбыцця супрацоўнікаў адпаведных службаў, бо першыя хвіліны пасля любога надзвычайнага здарэння, як правіла, вырашальныя. І сённяшнія спаборніцтвы паказалі, што вы гатовыя да падобных здарэнняў, – адзначыў Дзяніс Стадольнік. Ён уручыў узнагароды пераможцам.
Лепшай пажарнай дружынай раёна стала каманда ДП “Чарняхоўскі-Агра”, срэбра дасталася дружыне СВК “Жухавічы”, трэцяе месца – ДЛГУ “Навагрудскі лясгас” Карэліцкае лясніцтва”.
Лепшы вынік сярод санітарных дружын паказалі работнікі ААТ “Карэлічы-Лён”. Срэбра ў каманды ДП “Чарняхоўскі-Агра”. Замыкае тройку лідараў СВК “Маяк-Заполле”.
Каманды-пераможцы прадставяць Карэліцкі раён на абласных спаборніцтвах.
Падчас правядзення раённага мерапрыемства супрацоўнікі ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці” правялі прафілактычную вулічную акцыю “Апельсін смачней!”, прымеркаваную да Сусветнага дня без тытуню. У ходзе яе правядзення ўдзельнікам быў прапанаваны шэраг альтэрнатыў згубнай звычцы. Работнікі сферы культуры прапаноўвалі абмяняць цыгарэты на апельсіны.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара