В Кореличах состоялась научно-практическая конференция педагогов

На базе ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы” адбылася  раённая навукова-практычная канферэнцыя педагогаў “Асоба. Адукацыя. Грамадства”.

Напрамкі ў развіцці  адукацыі, фарміраванне мадэлі сучаснай школы патрабуюць адпаведнасці ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў выклікам часу, хуткай рэакцыі на падзеі, змены, якія адбываюцца, уменні дакладна вызначаць тыя характарыстыкі прафесійнай дзейнасці, якія будуць ключом да поспеху ў найбліжэйшай будучыні. Таму пляцоўка навукова-практычнай канферэнцыі дазваляе вырашаць у ходзе дыскусійнага абмеркавання і абмену вопытам надзённыя праблемы  адукацыі.

Сёлета канферэнцыя прыцягнула жадаючых падзяліцца вопытам работы. Свае даследаванні прадставілі 25 педагогаў з 14 устаноў адукацыі раёна.  Работа  была арганізавана па 5 секцыях, дзе разгарнуўся абмен думкамі па актуальных пытаннях педагогікі.  Дзесяць напрацовак былі прадстаўлены на суд кампетэнтнага журы падчас працы  секцыі “Арганізацыя педагагічнага працэсу з выкарыстаннем сучасных педагагічных тэхналогій”. Актыўнымі сталі педагогі, якія абаранялі свае напрацоўкі ў секцыі “Рэалізацыя праграмы выхавання ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі”, –  гэта шэсць работ. Столькі ж  напрацовак абаронена ў секцыі “Сучасныя падыходы да рэалізацыі спецыяльнай адукацыі”,  тры – у секцыі “Эфектыўны педагагічны вопыт сістэмы дашкольнай адукацыі”.

Адкрыла мерапрыемства начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч, якая пажадала ўдзельнікам поспеху, а членам журы –  справядлівага судзейства.

Падчас падрыхтоўкі матэрыялаў  удзельнікамі канферэнцыі закрануты шырокі спектр пытанняў. Педагогі,  выхавацелі ўстаноў дашкольнай адукацыі прэзентавалі сваю работу па  патрыятычнаму выхаванню, настаўнікі-дэфектолагі асаблівую ўвагу надалі гульнявым тэхналогіям.  Пачаткоўцы акцэнтавалі сваю ўвагу на метадах і прыёмах павышэння пазнавальнай актыўнасці малодшых школьнікаў. Настаўнікамі-прадметнікамі вывучаны тэхналогіі, інтэрактыўныя метады і сродкі матывацыі да вучэбнай дзейнасці.

Лепшыя работы адзначаны дыпломамі аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама.

Дыпломы І ступені атрымалі  Вольга Шугля,  ДУА “Дзіцячы сад №2 г.п. Карэлічы”, Алена Русецкая,  ДУА “Дзіцячы сад г.п. Мір”, Алена Вярбіцкая,  ДУА  “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”  і Іна Хіневіч, ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай”.

Дыпломы ІІ ступені ўручылі Вользе Старжынскай, ДУА “Дзіцячы сад № 1 г.п. Карэлічы”, Святлане Шамкаловіч, ДУА “Красненская сярэдняя школа Карэліцкага раёна”, Наталлі Байдэльдзінавай, ДУА “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна”,  Але Бойка, ДУА “Сярэдняя школа г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай”, Вользе Маліноўскай,  ДУА “ Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”.

Уладальнікамі  Дыпломаў ІІІ ступені сталі Тамара Мажэйка, ДУА “Райцаўская сярэдняя школа імя У. А. Галавача”, Ірына Кохап,  ДУА “Красненская сярэдняя школа Карэліцкага раёна”, Кацярына Раковіч, ДУА “Красненская сярэдняя школа Карэліцкага раёна”, Іна Кошур, ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы”, Юрый Юрчык,  ДУА “Красненская сярэдняя школа Карэліцкага раёна”.

Слова  — удзельнікам

Уладальнік Дыплома І ступені, выхавацель ДУА “Дзіцячы сад №2 г.п. Карэлічы” Вольга Шугля падзялілася:

-Усе выступленні калег былі карыснымі і важнымі. У ходзе дзелавых нефармальных зносін адбыўся абмен вопытам і напрацоўкамі, абмеркаваны актуальныя праблемы навучання і выхавання, зроблены канструктыўныя прапановы па арганізацыі навучальнага працэсу, павышэння яго якасці. Канферэнцыя прайшла на высокім метадычным узроўні, прадуктыўна, канструктыўна і эмацыйна. Асабіста я сёння прадстаўляла матэрыял, над якім вялася праца на працягу года. Змест майго  вопыту накіраваны на рэалізацыю задач вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі па накірунку ”Дзіця і грамадства” і змяшчае метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі работы з выхаванцамі па фарміраванні асноў грамадзянска-патрыятычнай культуры. Матэрыялы могуць выкарыстоўваць выхавацелі дашкольных устаноў адукацыі ў рабоце з дзецьмі другой малодшай групы. Думаю, што ўдзел у такіх мерапрыемствах дае імпульс для самаўдасканалення кожнаму настаўніку.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара