В Кореличском районе состоялся автопробег «Беларусь помнит. Помним каждого»

На карце Карэліччыны шмат кропак, якія нагадваюць удзячным нашчадкам салдат Перамогі пра падзеі Другой сусветнай вайны. Каля гэтых памятных месцаў збіраюцца на мітынгі, каб ушанаваць памяць пра тых, хто цаной свайго жыцця здабыў для наступных пакаленняў мір і свабоду.

Напярэдадні Дня Перамогі на Карэліччыне адбыўся памятны аўтапрабег “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”,  у якім прынялі ўдзел спецыялісты арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Пачаўся аўтапрабег на мемарыяльным комплексе “Зорка”,  узведзеным у 1972 годзе ў гонар памяці 227 воінаў і партызанаў, якія загінулі пры вызваленні Карэліччыны ад акупантаў, і 1864 жыхароў раёна, загінулых за Радзіму ў гады вайны.  Ля падножжа “Зоркі”  ўдзельнікі акцыі ўсклалі кветкі.

Наступным прыпынкам стаў помнік землякам, устаноўлены ў агр. Краснае. Затым аўтакалона накіравалася ў агр. Турэц, да помніка воіна-вызваліцеля, далей  у агр. Ярэмічы, дзе ўсклалі кветкі да помніка знакамітаму земляку Уладзіміру Царуку.

— У гэтыя дні ўся краіна аддае даніну павагі салдатам Вялікай Перамогі, — адзначыла загадчык аддзела метадычнай работы ДУК “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і вольнага часу” Аксана Басюк. — Наш святы абавязак — шанаваць іх гераічны ўчынак, перадаваць памяць пра ваеннае ліхалецце нашым дзецям і унукам. Памятаць кожнага!

З Ярэміч аўтакалона накіравалася ў г.п. Мір, дзе зрабіла прыпынак каля брацкай магілы, устаноўленай у 1951 годзе ў цэнтры пасёлка. Тут пахаваны 45 чырвонаармейцаў, якія загінулі ў часы Другой сусветнай вайны.

Наступнай кропкай на карце Карэліччыны, дзе зрабілі прыпынак удзельнікі аўтапрабегу, стаў помнік у агр. Жухавічы, устаноўлены ў 1959 годзе над пахаваннем 149 воінаў, якія загінулі ў 1944 годзе падчас вызвалення в. Малыя Жухавічы.

Наступным прыпынкам стаў помнік Героя Савецкага Саюза Мікалая Гастэлы і землякоў, загінулых на франтах у перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі.

Апошнім прыпынкам стаў помнік знакамітаму генералу Яну Фогелю, які прымаў актыўны ўдзел у вызваленні Карэліччыны і быў смяротна паранены непадалёк ад вёскі Малюшычы.

— Сёлета мы адзначаем васьмідзясятую гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, таму аўтапрабег па памятных мясцінах Карэліччыны вельмі важны, — адзначае намеснік галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце Карэліцкай ЦРБ  Дар’я Нячай. — Нашы землякі змагаліся з ворагам з самага пачатку вайны, прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі, Украіны, Польшчы, дайшлі пераможным маршам да самага Берліна. Наш святы абавязак — памятаць кожнага.

— Многія з помнікаў, якія мы сёння наведалі, я ўбачыла ўпершыню, бо нядаўна працую на Карэліччыне, — кажа бібліятэкар Карэліцкай раённай бібліятэкі Карына Рыжакова. — Важна памятаць пра людзей, якія змагаліся за наша свабоднае і мірнае жыццё, каб мы маглі жыць не ведаючы жахаў вайны, пад мірным небам, у квітнеючай краіне.

 

#ДЕНЬ_ПОБЕДЫ_НА_ГРОДНЕНЩИНЕ

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара