Да 50-годдзя Карэліцкага раённага краязнаўчага музея. Больш 13 тысяч экспанатаў і 6,5 тысяч наведвальнікаў у год

Дзень учарашні

Музей у Карэлічах, дзе адбылося маё станаўленне як пісьменніка-краязнаўцы

Святлана КОШУР, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, ветэран працы:

— Краязнаўчы музей у Карэлічах быў адкрыты 50 гадоў таму, 29 чэрвеня 1974 г., да 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першым дырэктарам музея стаў Іван Аляксеевіч Шыбут, які сабраў шмат цікавых экспанатаў для музейнай экспазіцыі, сярод іх дакументы і фотаздымкі падпольшчыкаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, Герояў Сацыялістычнай Працы, прадметы этнаграфіі і іншае. Іван Аляксеевіч плённа працаваў у музеі да выхаду на пенсію, у 1986 г. яго замяніў на гэтай пасадзе В. В. Чартко, а потым В. У. Уласевіч, якая да гэтага працавала навуковым супрацоўнікам. У 1988 г. будынак музея быў падрыхтаваны да капітальнага рамонту, якім займаліся І. А. Шыбут (1990 г.), В. М. Мароз (1991 г.) і Э. А. Арабей (1994–1995 г.).

І.А. Шыбут (пасярэдзіне) з аднакурснікамі, 1965 г. Маскоўскі інстытут культуры

Я прыйшла працаваць у музей навуковым супрацоўнікам у чэрвені 1989 года. Давялося займацца зборам матэрыялаў для новай экспазіцыі, распрацоўваць тэматыка-экспазіцыйны план, працаваць над стварэннем новай экспазіцыі разам з галоўным захавальнікам фондаў Т. С. Варабей, мясцовым мастаком П. Л. Коршунам, гродзенскімі і мінскімі мастакамі. У снежні 1994 г. была аформлена першая зала музея, а 4 чэрвеня 1995 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё новай экспазіцыі “Зямля і людзі”, якое было прымеркавана да 600-годдзя з дня першага ўпамінання аб Карэлічах у пісьмовых крыніцах. На наступны год гэтай экспазіцыі, якая і сёння жыве ў музеі, споўніцца 30 гадоў!

У новай экспазіцыі знайшлі адлюстраванне тэмы: “Старажытныя помнікі на тэрыторыі раёна”, “Край у X-XVIII ст.ст.”, “Земляробчыя каляндарныя абрады беларусаў”, “Сельская гаспадарка краю ў XX ст.”, “Нашы славутыя землякі”, “Вялікая Айчынная вайна на тэрыторыі раёна”, “Прырода Карэліцкага раёна”. Я распрацоўвала амаль усе гэтыя тэмы (па археалогіі вялікую дапамогу аказаў наш зямляк У. У. Хартановіч, прыродай шмат займалася Т. С. Варабей, некаторыя цікавыя экспанаты па тэме Сярэднявечча адшукала В. М. Мароз). Да кожнай залы я напісала экскурсы, ды і першую экскурсію  для жыхароў і гасцей раёна сама правяла ў дзень урачыстага адкрыцця новай экспазіцыі.

На прэзентацыі выставы «У свеце навукі», 2011 г.

У музеі, які неўзабаве ўзначаліла І. М. Цівунчык, пастаянна праводзіліся аглядныя і тэматычныя экскурсіі, была распрацавана праграма музейных заняткаў для вучняў малодшых класаў, арганізоўваліся сустрэчы з удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, мерапрыемствы, прысвечаныя гісторыі раёна і нашым славутым землякам. Для нашых гасцей спявалі салісты оперы  Антаніна Гіль і Аляксандр Кеда, чытаў свае вершы артыст Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Коласа Пятро Ламан, іграў артыст Марыінскага тэатра Васіль Жучэнка, распавядала пра свае спартыўныя дасягненні чэмпіёнка Еўропы Тамара Шыманская, адкрывалі таямніцы прыгажосці таленавітыя мастакі, дзяліліся сваімі дасягненнямі беларускія навукоўцы. Кожны год у музеі рыхтаваліся перасоўныя выставы, з якімі жыхары раёна маглі пазнаёміцца на раённых святах, у школах і іншых установах. Для школьнікаў і дарослага насельніцтва чыталіся лекцыі на краязнаўчую тэматыку.

Салістка Днепрапятроўскага тэатра оперы і балета А. Гаркуша (Гіль) у музеі на прэзентацыі выставы, 2007 г.

Чэмпіёнка свету Тамара Шыманская ў час прэзентацыі выставы «Зорка беларускага спорту», 2001 г.

Чвэрць стагоддзя я аддала працы ў музеі, і за  гэты час мне ўдалося вярнуць для беларускай культуры імёны некаторых нашых землякоў, якіх не ведалі на радзіме. Далёка ў іншых краінах я адшукала звесткі пра мастака Валянціна Рамановіча, кінарэжысёра Людмілу Дзянькевіч, якія нарадзіліся ў Карэлічах. Пра трагічны лёс рэдактараў заходнебеларускіх газет Алеся Карповіча з Трашчыч, Алеся Вільчыцкага з Міра, Уладзіміра Варавы з Жухавіч я таксама ўпершыню расказала беларускаму чытачу на старонках перыядычных выданняў і ў сваіх кнігах. Напісала шэраг артыкулаў і асобныя раздзелы для кнігі “Памяць” Карэліцкага раёна. Рэгулярна выступала з дакладамі на Карэліцкіх краязнаўчых чытаннях. У 2002 г. стала лаўрэатам прэміі імя А.І. Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў 2002 г.” у намінацыі “Музейны работнік года”.

Важнай падзеяй у маім жыцці стала ўступленне ў рады Саюза пісьменнікаў Беларусі (2012 г.), што паслужыла штуршком для далейшай творчай працы і натхніла на стварэнне кнігі “Залатая падкова Свіцязі” (2016 г.). За гэту кнігу ў другі раз была ўзнагароджана прэміяй імя А. І. Дубко ў намінацыі “Пісьменнік года”. У гэты час я ўжо пакінула працу ў музеі, але з краязнаўствам не развіталася і працягваю ім займацца і цяпер. На сённяшні дзень з’яўляюся аўтарам 10 краязнаўчых кніг і больш за 300 публікацый у перыядычных выданнях, навуковых і літаратурных зборніках, літаратурным альманаху “На Нёманскай хвалі”. У 2023 годзе ў Выдавецкім доме “Звязда” пабачыла свет мая новая кніга “Праз паціну часу. Сцежкамі свіцязянскай зямлі”, у якой я прыадкрываю таямніцы гісторыі свіцязянскага краю, расказваю пра таленавітых людзей, якіх узгадавала непаўторная ў свай прыгажосці зямля.

Я вельмі ўдзячна лёсу за тое, што ён прывёў мяне на працу ў музей, дзе адбылося маё станаўленне як пісьменніка-краязнаўцы.

Дзень сённяшні
Гісторыя Карэліччыны: самабытная, непаўторная, нязведаная

Пра Карэліцкі раённы краязнаўчы музей, яго сённяшні дзень, накірункі ў працы расказвае дырэктар Ларыса Уладзіміраўна КУЗЬМІЧ.

— Ларыса Уладзіміраўна, з нагоды юбілею музея нагадайце аб тым, хто стаяў ля вытокаў Карэліцкага раённага краязнаўчага музея і аб важных звестках з яго гісторыі.

— Збор матэрыялаў пра гісторыю раёна пачала Валянціна Антонаўна Клімаш. Гэтую справу прадоўжыў Іван Аляксеевіч Шыбут, які стаў першым дырэктарам музея.

14 лістапада 2006 года музей атрымаў юрыдычны статус: установа культуры «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей».

— Хто ўнёс найбольш значны ўклад у функцыянаванне экспазіцый у музеі?

— Гэта аўтары экспазіцый В. М. Мароз, С. А. Кошур, Т. С. Арабей, У. У. Хартановіч, Я. В. Мазан і мастакі А. В. Шахрай, А. П. Ступень, В. К. Шарэль, П. Л. Коршун, А. І. Хаўрулін, А. Кузняцоў.

— Што ўяўляе сабой сёння экспазіцыя музея?

— Экспазіцыя музея складаецца з наступных раздзелаў: «Край ад часоў першабытных да ХVІІІ стагоддзя», «Земляробчыя каляндарныя абрады беларусаў ХІХ стагоддзя», «Сельская гаспадарка краю ў ХХ стагоддзі», «Нашы славутыя землякі», «Вялікая Айчынная вайна на тэрыторыі раёна», «Прырода краю», «Карэліччына: другая палова ХХ-ХХІ стагоддзя».

Зала Вялікай Айчыннай вайны папоўнілася новымі матэрыяламі, прысвечанымі генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Хачу адзначыць, што кожная экспазіцыя ўнікальная па-свойму. Пры правядзенні экскурсій, музейных урокаў, заняткаў супрацоўнікі ўстановы стараюцца выкарыстаць новыя формы работы: квэсты, гульні, віктарыны, крыжаванкі, пазлы, каб зацікавіць наведвальнікаў музея.

— Наколькі багатыя фонды музея?

— Музейны фонд Карэліцкага раённага краязнаўчага музея па сваёй структуры складаецца з асноўнага і навукова-дапаможнага. На сённяшні час налічваецца 13291 экзэмпляр,  асноўны фонд — 9685, а навукова-дапаможны — 3606 адзінак.

— Чым напоўнены працоўныя дні супрацоўнікаў музея?

— Сёння супрацоўнікі музея не замыкаюцца толькі працай у яго сценах. З’яўляемся актыўнымі ўдзельнікамі раённых мерапрыемстваў, дзе прадстаўляем свае тэматычныя выставы. Яны прысвечаны важным дзяржаўным святам і падзеям раёна. Да прыкладу, «Цяжкі шлях уз’яднання», «80 гадоў у курсе падзей», «Сімвалы Вялікай Перамогі», «Карэліччына ўчора і сёння», «Вызваленне Беларусі: падзеі, людзі і подзвігі», «Ганаровыя грамадзяне зямлі Карэліцкай», «Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем». Працуем над новай тэматычнай выставай, прысвечанай 80-годдзю з дня ўтварэння Гродзенскай вобласці. Гэта дае магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй Карэліччыны вялікаму колу ўдзельнікаў і гасцей свят.

— Сёння ў краіне шмат увагі надаецца пытанню генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Якая роля тут належыць музею?

— Цесна супрацоўнічаем з раённым аддзелам Следчага камітэта. Збіраем і рыхтуем інфармацыйныя звесткі аб падзеях і ўдзельніках Вялікай Айчыннай вайны. У дадзены момант збіраем звесткі для ўстанаўлення пяці памятных таблічак на месцах увекавечвання памяці аб героях і падзеях вайны: каля помніка Мікалаю Гастэлу ў аграгарадку Райца, каля бюста Уладзіміру Зянонавічу Царуку ў аграгарадку Ярэмічы, у спаленай у гады вайны вёсцы Лядкі, у аграгарадку Ярэмічы на месцы існаваўшага ў гады Вялікай Айчыннай вайны гета, у аграгарадку Турэц на месцы масавага знішчэння мірных жыхароў.

— Якому яшчэ накірунку ў працы надаецца пэўная ўвага?

— Карэліцкі раённы краязнаўчы музей займаецца і зборам гісторыка-культурнай спадчыны. Гэтая праца асабліва актывізавалася ў апошні час, калі людзі самі выказваюць жаданне здаць рэчы родных у музей. Хачу выказаць словы падзякі ўсім тым, хто прынёс дарагія для іх рэчы сваякоў, якія папоўняць фонды нашага музея. У якасці яскравага прыкладу нагадаю, што 5 чэрвеня 2024 года дзеці ветэрана вайны Адзярэйкі Аляксандра Аляксандравіча падаравалі музею 28 экспанатаў. Сярод якіх — ордэн Чырвонай Зоркі, медаль «За баявыя заслугі», ордэн Вялікай Айчыннай вайны І ступені, ордэнскія кніжкі, ваенны білет, пасведчанне партызана Беларусі і іншыя каштоўныя рэчы. Гэта памяць аб людзях Карэліцкай зямлі, якія змагаліся за нашы мір і спакой. Гэта гісторыя роднага краю.

— Што Вас натхняе ў працы?

— Гісторыя Карэліччыны самабытная, непаўторная, нязведаная. Радуе, што музей наведваюць не толькі вучні Карэліцкага, але і Навагрудскага раёна, прыязджаюць са сталіцы сувораўцы, вучні мінскіх школ, прыходзяць іншыя наведвальнікі. Цікавасць да гісторыі ў падрастаючага пакалення відавочна, бо без мінулага няма будучага.

Галіна СМАЛЯНКА