Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Жук — спецыяльна для «Полымя»: «Беларусь і Манголія гатовыя развіваць стратэгічнае партнёрства»

Візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Манголію — гэта знакавае мерапрыемства для развіцця абедзвюх краін, — лічыць член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Жук.

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Манголіяй былі ўстаноўлены ў 1992 годзе, аднак сапраўднае збліжэнне пачалося па сутнасці толькі цяпер. Кіраўнікамі краін падпісаны шэраг важнейшых дакументаў, у тым ліку дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве, дарожная карта супрацоўніцтва, якая прадугледжвае ўзаемадзеянне ў галіне эканомікі, сацыяльнай сферы, адукацыі, аховы здароўя і іншых сфер. Відавочна, гэтая сустрэча надасць істотны імпульс для развіцця абедзвюх краін.

Наш Прэзідэнт вельмі пахвальна адазваўся аб Манголіі, адзначыўшы, што мы можам аказваць усялякую падтрымку ў развіцці гэтай краіны па ўсіх напрамках. Нашага нацыянальнага лідара вельмі цёпла прымалі, што яшчэ раз даказвае: мы развіваемся ў патрэбным накірунку, наша знешняя палітыка, міралюбівая, накіраваная на супрацоўніцтва і развіццё ўзаемаадносін з усімі краінамі свету і народамі, прыносіць свае вынікі.

Нашы народы аб’ядноўваюць асноўныя каштоўнасці: жыць у міры і бяспецы, атрымліваць адукацыю і медыцынскую дапамогу, ствараць на карысць сваёй краіны.

Перакананы, што дасягнутыя ў ходзе візіту дамоўленасці істотна актывізуюць беларуска-мангольскае партнёрства.

Іна ЛЕЙКА