Председатель Кореличского райисполкома Андрей Гордей провел прием граждан
На асабісты прыём да старшыні Карэліцкага райвыканкама Андрэя Гардзея звярнуліся 13 чалавек. Большасць зваротаў была звязана з пытаннямі добраўпарадкавання.
Так, жыхарка раёна паскардзілася на тое, што па дарозе ў вёску Садовая нельга размінуцца двум аўтамабілям з-за дрэў, якія ўтварылі ўздоўж дарожнага палатна сапраўдны тунэль. Яшчэ адна праблема: зямельныя ўчасткі пасля зносу пустуючых дамоў у сельгасабарот не ўводзяцца, а зарастаюць пустазеллем. Кіраўнік раёна паабяцаў, што па агучаных пытаннях будзе праведзена комплексная праверка з удзелам спецыялістаў.
Яшчэ адзін вясковец паскардзіўся на стан дарогі Малюшычы-Волца:
— Перад дажджамі праехаў грэйдар, падняў пласт дарожнага пакрыцця і ссунуў яго на сярэдзіну. Цяпер там немагчыма праехаць. Да таго ж па дарозе рухаецца цяжкая сельгастэхніка і таксама псуе палатно.
Непакоіць мужчыну і баршчэўнік Сасноўскага, якім зараслі пустуючыя ўчасткі.
Старшыня райвыканкама запэўніў, што гэтыя пытанні будуць разгледжаны з удзелам спецыялістаў і прыняты меры.
— Большасць грамадзян прыйшлі на прыём з пытаннямі, звязанымі з работай служб раёна, і тычыліся добраўпарадкавання. Усе праблемы прыняты да ўвагі, — рэзюмаваў Андрэй Гардзей.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара