Г.п. Кореличи стал еще одним населенным пунктом Гродненской области, где прошел IV Всебелорусский Крестный ход (+видео)


24 чэрвеня г.п. Карэлічы стаў яшчэ адным населеным пунктам Гродзеншчыны, дзе прайшоў IV Усебеларускі хрэсны ход “Царква і армія”, прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Капсула-сімвал хрэснага ходу была дастаўлена ў райцэнтр прадстаўнікамі Навагрудскага раёна. Сёлета Усебеларускі хрэсны ход праходзіць пад дэвізам “Памяць. Вера. Айчына”. Яго асноўная мэта – увекавечванне памяці і ўслаўленне подзвігу савецкага народа.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі кіраўніцтва і спецыялісты раённага выканаўчага камітэта, сілавыя структуры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, прафсаюзы, духавенства, калектывы прадпрыемстваў, ведамстваў і службаў, прыхаджане.

Урачыстая сустрэча Усебеларускага хрэснага ходу “Царква і армія” адбылася на мемарыяльным комплексе “Зорка”, дзе адбыўся мітынг-рэквіем. З прывітальнай прамовай да яго ўдзельнікаў звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксей Гаўрош.

– Юбілейны 80-ы год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – гэта свята ўрачыстасці духу і нязломнай волі народа-пераможцы. Гістарычную памяць пра гэта мы беражліва захоўваем. Яна дае магчымасць ўсведамляць сапраўдную цану мірнага жыцця. Горка чуць, балюча бачыць, як герояў абвяшчаюць злачынцамі, а злачынцаў – героямі. Вялікая Айчынная не была вайной рускіх з немцамі. Гэта была вайна з нацызмам. Савецкія салдаты разам з саюзнікамі прынеслі народам свету вызваленне ад “карычневай чумы». Памяць аб тых грозных ваенных гадах, як нястомны народны смутак, назаўжды застанецца ў сэрцах людзей, якія жылі разам у адзінай краіне. Сёння толькі разам — царква, армія, народ — мы можам супрацьстаяць любым пагрозам і выклікам. Мы сабраліся тут, каб ушанаваць памяць воінам, якія аддалі свае жыцці, каб мы — і будучыя пакаленні жылі ў міры і згодзе.

Важнасць падзеі ў сваім выступленні адзначыў і начальнік абасобленай групы ваеннага камісарыяту Навагрудскага і Карэліцкіх раёнаў Яўгеній Гарлуковіч.
Настаяцель храма Святых апосталаў Пятра і Паўла Ігар Пірог адзначыў неабходнасць духоўнага выхавання моладзі:

 

– Усебеларускі хрэсны ход з’яўляецца пацвярджэннем, што царква і армія адзіныя, паколькі абарона нашай Айчыны – гэта агульная справа. Мы не дзелім наш народ, а прыкладаем усе намаганні, каб людзі жылі ў міры і згодзе. Мы памятаем, што мір нам дастаўся дарагой цаной, цаной нявінных ахвяр з ліку мірнага насельніцтва і воінаў-абаронцаў. Вера натхняла ў цяжкія часы, давала надзею на перамогу. Наша задача захаваць вечную памяць загінулых.

Мітынг завяршыўся хвілінай маўчання, трохразовым залпам салюту і ўскладаннем кветак да падножжа мемарыялу.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў, прадстаўнікі сельвыканкамаў раёна па чарзе заклалі ў спецыяльную капсулу зямлю з месцаў пахаванняў загінулых на тэрыторыі раёна. Пасля правядзення забора зямлі ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся ў храм Святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе адбылося яе асвяшчэнне і памінальная літыя. Потым святыня ўрачыста была перададзена дэлегацыі са Стоўбцаў.

IV Усебеларускі хрэсны ход стартаваў 9 мая ў Свята-Пятра-Паўлаўскім кафедральным саборы ў Гомелі і завершыцца 29 чэрвеня ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску. Святары наведваюць месцы бітваў і воінскіх пахаванняў, праводзяць памятныя літыі, па дробцы збіраюць у капсулу зямлю з месцаў пахаванняў воінаў-вызваліцеляў. Пасля заканчэння хрэснага ходу капсулы з зямлёй будуць устаноўлены ў капліцы ў імя святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў Гомелі.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара