Как проходит вторичная занятость школьников в Кореличском районе
Летні адпачынак – гэта актыўная пара сацыялізацыі навучэнцаў, пачатак іх працоўнай дзейнасці.
Як школьніку арганізаваць свой вольны час і прынесці карысць людзям, прымяніць на практыцы свае працоўныя навыкі і навучыцца чамусьці карыснаму, што можа спатрэбіцца ў жыцці, а яшчэ ўбачыць вынік сваёй працы і зарабіць асабістыя грошы на кішэнныя выдаткі? Усё гэта рэальна можна ажыццявіць.
Па словах начальніка аддзела дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Наталлі Гоцка, згодна з выкананнем мер, якія прадугледжаны Дзяржаўнай праграмай “Рынак працы і садзеянне занятасці” на 2021-2025 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2020 года № 777, вучні школ раёна, а таксама навучэнцы Мірскага дзяржаўнага каледжа ў летні перыяд змогуць папрацаваць на базе ўстаноў адукацыі ў Райцы, Жухавічах, Цырыне, Ярэмічах, Турцы, Красным, Луках, Міры, Карэлічах, у Карэліцкай раённай бібліятэцы, Мірскім дзяржаўным каледжы.
Усяго сёлета запланавана арганізаваць 97 часовых рабочых месцаў для навучэнцаў устаноў адукацыі раёна. На арганізацыю другаснай занятасці са сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь выдзелена 31 тыс. 700 рублёў. Па пытаннях працаўладкавання можна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама. Па стане на 20 чэрвеня працаўладкавана 58 падлеткаў, з якіх з васьмю праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, пяць выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечных сем’ях.
Працаўладкаванне моладзі на часовыя працоўныя месцы ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб працы Рэспублікі Беларусь. Працоўны дагавор з асобай ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў можа быць заключаны толькі з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў для выканання лёгкіх работ, якія не з’яўляюцца шкоднымі для здароўя і развіцця непаўналетняга, уключаны і зацверджаны пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь пералік лёгкіх відаў работ, якія могуць выконваць асобы ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў.
Працоўны дзень навучэнцаў 14-16 гадоў доўжыцца 4 гадзіны, а 17-18 – 7 гадзін. Арганізацыя часовай працоўнай занятасці навучэнскай моладзі дапаможа адчуць сябе дарослымі, здабыць самастойнасць і незалежнасць, у тым ліку і фінансавую.
Удзел у другаснай занятасці патрабуе ад працадаўцаў сур’ёзнай падрыхтоўкі, высокай адказнасці за выкананне правілаў тэхнікі бяспекі і аховы працы. Аднак арганізацыі раёна, дзе навучэнцы могуць знайсці працу па душы, не адмаўляюцца ад актыўнай арганізацыі працаўладкавання падлеткаў. Гэта дапамагае вырашыць адразу некалькі задач: заняць навучэнцаў на канікулах, даць ім магчымасць атрымаць першыя, самастойна заробленыя грошы.
Падлеткам вельмі важна ўсведамляць запатрабаванасць у грамадстве і бачыць вынік сваёй працы на карысць людзям. У іх з’яўляецца імкненне зрабіць навакольны свет, у якім жыць нам, дабрэйшым, святлейшым і больш камфортным. Другасная занятасць навучэнцаў – адна з магчымасцяў ўвасобіць задуманае на практыцы праз рэалізацыю сваіх здольнасцяў і магчымасцяў.
Вучаніца сярэдняй школы № 1 райцэнтра Паліна Крывапуст даведалася аб арганізацыі часовага працаўладкавання непаўналетніх і вырашыла абавязкова скарыстацца такой магчымасцю.
– Карэліцкая раённая бібліятэка для мяне з самага дзяцінства была казачнай краінай. А правадніком і добрым настаўнікам у гэтым чароўным свеце стала малады спецыяліст, бібліятэкар Карына Рыжакова. Яна заўсёды раіць, што пачытаць, дапамагае выбраць цікавыя кнігі. Ад яе ўпершыню пачула аб арганізацыі часовага працаўладкавання непаўналетніх, дзякуючы якому можна падчас летніх канікул уладкавацца на працу ў бібліятэку, што даўно было маёй марай. І я вырашыла абавязкова скарыстацца такой магчымасцю. Для гэтага звярнулася ў службу занятасці насельніцтва Карэліцкага райвыканкама з адпаведнай заявай. Сустрэлі мяне тут ветліва, зарэгістравалі зварот, выдалі накіраванне і патлумачылі парадак працаўладкавання. Лічу, што праца на летніх канікулах, акрамя магчымасці чамусьці навучыцца, асвоіць нейкую прафесію, дае магчымасць зарабіць кішэнныя грошы. Чым не альтэрнатыва бяздзейнага баўлення часу?
– Праца ў бібліятэцы – гэта карпатлівая праца, якая патрабуе, перш за ўсё, увагі, уседлівасці і дысцыпліны, – падзялілася навучэнка СШ № 1 райцэнтра Надзея Быліч. – Раней я не працавала ў бібліятэцы. Калі з’явілася магчымасць уладкавацца, я пагадзілася. І бацькі мяне падтрымалі. Два працоўныя тыдні незаўважна падышлі да канца. Я вельмі рада, што атрымала новыя веды і ўменні, адчула, што гэта: самой зарабляць грошы. З нецярпеннем буду чакаць сваю першую заработную плату.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара