Яўстафій Пастарнацкі — летапісец Мірскай царквы
Цёплым жнівеньскім днём 1865 г. на кірмашовай плошчы ў мястэчку Мір спынілася паштовая карэта. З яе выйшла сямейная пара, якая дабіралася з Мінска да Міра не вельмі зручным шляхам, таму што чыгунка, па якой можна будзе хутчэй і больш камфортна даехаць з Мінска да станцыі Гарадзея, а адтуль ужо на экіпажы да Міра (16 вёрст), з’явіцца толькі праз 6 гадоў. І хаця падарожнікі былі стомлены доўгім пераездам, пад’язджаючы да мястэчка, яны паспелі заўважыць старажытны Мірскі замак, цудоўны помнік дойлідства XVI ст., не раз пашкоджаны ў час войнаў, але ўсё яшчэ велічны і прыгожы. Сонца ўжо пачало хавацца за гарызонт, але яго промні яшчэ асвятлялі ўязную браму і пяць вежаў замка, якія ўзнесліся над невялікай рачулкай на вышыню амаль 25 метраў. Чырвоныя сцены мураванага гмаху яркай плямай выдзяляліся на фоне зялёных дрэў.
Падарожнікі накіраваліся да хаты мясцовага святара. Мужчына і маладая жанчына ў сціплым дарожным убранні спяшаліся, бо трэба было паспець уладкавацца на начлег. Па плошчы яны прайшлі міма мураванага будынка старажытнага касцёла з высокаю званіцаю. З другога боку плошчы іх погляду адкрылася жахлівая карціна – мірская праваслаўная святыня, Троіцкая царква, ляжала ў руінах пасля пажару, які не так даўно знішчыў не толькі храм і дом святара, але амаль палову мястэчка. Малады святар цяжка ўздыхнуў – шкада было старажытнай святыні, што некалі стварылі залатыя рукі мясцовых майстроў. Жонка зразумела, аб чым ён падумаў, і пяшчотна прытулілася да яго, нібы хацела сказаць, што разам яны справяцца з усімі цяжкасцямі.
Адзін з лепшых выхаванцаў Мінскай духоўнай семінарыі, Яўстафій Пастарнацкі, адмовіўшыся ад вучобы ў Маскоўскай акадэміі па стане здароўя, быў пасвечаны ў святары да Мірскай Троіцкай царквы 26 жніўня 1865 года і прызначаны памочнікам настаяцеля на дыяканскую вакансію і законанастаўнікам адразу двух навучальных устаноў – Мірскага двухкласнага павятовага вучылішча і Мірскага народнага вучылішча, а праз год яшчэ і Мірскай жаночай змены.
У той час святаром старажытнай Троіцкай царквы ў Міры быў састарэлы протаіерэй Лука Кудрыцкі. Прызначаны ў 1840 г. настаяцелем храма, а затым навагрудскім віцэ-благачынным, ён шмат зрабіў для вяртання мясцовых жыхароў ва ўлонне праваслаўя пасля далучэння ўніятаў. Сваёй шчырай верай, любоўю да людзей ён умеў дастукацца да іх сэрцаў. Айцец Лука заваяваў усеагульную павагу прыхаджан не толькі сваімі пропаведзямі, павучаннямі і гутаркамі, якія знаходзілі водгук у іх душах, але і асабістым прыкладам добрых адносін у сямейным жыцці, а таксама сваёй ветлівасцю, дабрынёй і прыстойнасцю. Вялікі быў яго маральны ўплыў і як законанастаўніка мясцовага прыходскага вучылішча на маладое пакаленне.
Цяжка было перажыць 66-гадоваму настаяцелю страту храма і свайго дома. Радавала толькі тое, што прыхаджане змаглі выратаваць іканастас і царкоўную маёмасць. Надзею на лепшае ўсяляла і тое, што цяпер у яго з’явіўся малады, разумны і энергічны памочнік – святар Яўстафій Пастарнацкі.
Айцец Яўстафій прыехаў у Мір напярэдадні вялікага праваслаўнага свята, якое адзначаецца ў гонар Прасвятой Багародзіцы. Сяляне спяшаліся да гэтага часу прыбраць з палёў хлеб, каб асвяціць у царкве насеннае зерне. 28 жніўня 1865 года рабіць гэта давялося ў невялікай драўлянай Георгіеўскай царкве. Пазней набажэнства адбывалася ўжо ў будынку былога рымска-каталіцкага касцёла, які пасля паўстання 1863 – 1864 гг. быў зачынены. (У 1920-я гг. храм вернуты каталікам, у 1948 г. закрыты, пасля рэстаўрацыйных работ у 1990-я гг. зноў дзейнічае. – С.К.)
17 лістапада 1865 г. касцёл быў пераасвячоны ў праваслаўную царкву імя свяціцеля і цудатворца Мікалая. Спачатку інтэр’ер храма ўпрыгожваў іканастас Св. Троіцкай царквы, выратаваны падчас пажару, але давялося зрабіць капітальны рамонт старажытнага будынка і прывесці яго ў адпаведны праваслаўнаму храму выгляд.
9 мая 1867 г., у дзень храмавага свята ў гонар Св. Мікалая, у Міры сабралася шмат народа (у гэты дзень у Міры звычайна адбываўся вялікі кірмаш). Сярод іншых былі тут службоўцы з Навагрудка і каля 20 святароў. Напярэдадні ў мястэчка быў прывезены абраз, які імператар Аляксандр ахвяраваў Мірскай царкве. Раніцай царкоўныя званы склікалі людзей на набажэнства. Пад гукі цудоўнай музыкі і спеваў падчас крыжовага ходу мясцовы благачынны асяніў народ святым царскім дарам, а потым абраз з выяваю Святога Аляксандра Неўскага, пакрыты срэбранай з пазалотай рызай, заняў падрыхтаванае для яго месца ў царкве. Пасля набажэнства багамольцы з вялікай пашанай пакланяліся святыні. Незвычайная ўрачыстасць, якую ў Міры раней нікому не даводзілася бачыць, запомнілася народу на доўгія часы.
У 1867 г. для храма быў заказаны новы іканастас, на стварэнне якога царква выдаткавала 1200 рублёў, з іх каля 300 ахвяравалі прыхаджане. На наступны год новы пяціярусны разны іканастас, аздоблены 22 абразамі з абліччам Збавіцеля ў цэнтры, упрыгожыў адноўлены храм. Справа, на месцы былога алтара, змешчаны быў старадаўні абраз Божай Маці, які раней знаходзіўся ў Св. Троіцкай царкве, злева – храмавы абраз свяціцеля Мікалая. 9 чэрвеня 1868 г. архіепіскап Мінскі Міхаіл урачыста асвяціў адноўленую царкву.
Яўстафій Пастарнацкі паспяваў не толькі аднаўляць храм і праводзіць набажэнства. Як законанастаўнік адразу некалькіх школ, ён настойліва і далікатна далучаў дзяцей да хрысціянскіх каштоўнасцей, выхоўваючы ў іх лепшыя чалавечыя якасці. І ўжо за 1867-1868 навучальны год атрымаў падзяку епархіяльнага начальства і Мінскай дырэкцыі народных вучылішч за стараннасць у справе народнай адукацыі. У 1871 годзе зноў быў узнагароджаны за дбайнае выкананне сваіх абавязкаў. Годам раней была адзначана і старанная праца яго жонкі, настаўніцы жаночай змены Мірскага вучылішча Вольгі Пастарнацкай.
Але і гэтым не абмяжоўвалася асветніцкая дзейнасць святара. У вольны ад службы час ён з цікавасцю вывучаў дакументы царкоўных архіваў, збіраючыся напісаць летапіс Мірскай царквы. Сабраў звесткі і пра стан адукацыі ў Міры, з якіх вынікала, што школа пры Мірскай царкве існавала здаўна, святары базыльянскага манастыра вучылі дзяцей грамаце пераважна на польскай мове, потым амаль 20 гадоў аб царкоўнай школе клапаціўся святар Лука Кудрыцкі. У 1860 г. у Міры было адкрыта аднакласнае прыходскае вучылішча, праз два гады замест яго – два аднакласныя народныя, а ў 1864 г. – двухкласнае народнае вучылішча. У снежні 1865 г. адбылася яшчэ адна важная падзея – у Міры з’явілася яшчэ і двухкласнае павятовае вучылішча, а народнае зноў стала аднакласным з жаночай зменай. Кожны год як павятовае, так і народнае вучылішча наведвала каля 80 вучняў, у жаночай змене вучылася каля 45 дзяўчынак. У асноўным гэта былі дзеці мясцовых жыхароў. На той час у Міры, як сведчыць Я. Пастарнацкі, людзей праваслаўнага веравызнання налічвалася 1400, каталікоў – 63, магаметан – 104, яўрэяў – каля 3000. Акрамя цэркваў у мястэчку была мячэць, пяць яўрэйскіх малітоўных дамоў (школ) і ешыбот – вышэйшая школа яўрэйскай духоўнай адукацыі.
Даследчыцкую працу святара перарвала трагічная вестка – 11 студзеня 1869 года ён даведаўся аб смерці бацькі. З болем у сэрцы сын праводзіў у апошні шлях роднага чалавека, які адышоў у вечнасць на 56-м годзе жыцця. Ігнацій Пастарнацкі пасля заканчэння Полацкай духоўнай семінарыі з 1838 г. служыў у Дукорскай царкве Ігуменскага павета. Паводле дакументаў, у мястэчку Дукора 6 лістапада 1840 г. нарадзіўся і 15 снежня быў ахрышчаны Яўстафій Пастарнацкі. Пазней, калі юнак вучыўся ў Мінскім духоўным вучылішчы, а затым у семінарыі, ён прыязджаў на канікулы да бацькоў у в. Пяцеўшчына (недалёка ад Мінска), дзе з 1850 жылі яго бацькі. У сям’і, акрамя Яўстафія, было яшчэ 6 дзяцей.
Вяртаючыся ў Мір, Яўстафій Пастарнацкі не захапляўся, як звычайна, прыгожымі краявідамі, што паўставалі наўкола, а быў пагружаны ў самотныя думкі аб тым, што бацька рана пайшоў з жыцця, браты яшчэ не скончылі вучобу і не ўладкаваліся ў жыцці, і трэба будзе дапамагчы матулі, на руках у якой засталася малая сястрычка. Дома, у Міры, яго чакала жонка Вольга з малымі дзецьмі – двухгадовай дачкой Німфадораю і сынам Сяргеем, які нядаўна з’явіўся на свет.
Справіцца з перажываннямі айцу Яўстафію заўсёды дапамагала работа, і цяпер ён з галавой акунуўся ў вывучэнне царкоўных дакументаў і іншых гістарычных крыніц, ствараючы летапіс Мірскай царквы. Яго настойлівая праца дала свой плён – у 1869 годзе ў некалькіх нумарах “Мінскіх епархіяльных ведамасцяў” было надрукавана гэта цікавае гістарычнае даследаванне. Пазней, з’яўляючыся на працягу шэрагу гадоў рэдактарам “Мінскіх епархіяльных ведамасцяў”, Яўстафій Пастарнацкі стане ініцыятарам збору звестак аб цэрквах епархіі, а потым складзе на падставе гэтых матэрыялаў “Зборнік апісанняў цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі” (1879 г.), куды ўвойдзе і дапрацаваная ім гісторыя Мірскай царквы. Гэта выданне атрымае станоўчы водгук Расійскай бібліяграфіі і будзе прызнана арыгінальнай працай, якая можа служыць узорам для напісання падобных прац для ўсёй краіны.
У сваёй даследчай працы Яўстафій Пастарнацкі не абмежаваўся гісторыяй толькі Мірскай царквы. Тут можна знайсці шмат звестак з гісторыі Міра. Расказвае даследчык і пра распаўсюджванне праваслаўнага хрысціянства на навагрудскай і мірскай зямлі, з’яўленне ў XIII ст. у ваколіцах Міра знакамітага Лаўрышаўскага манастыра.
Вывучаючы запісы ў метрычнай кнізе Мірскай царквы, даследчык зробіць здагадку, што царква стала ўніяцкай у 1679 г., і першым уніяцкім святаром быў Самуіл Зубовіч. У 1705 г. Карл Станіслаў Радзівіл заснаваў у Міры базыльянскі манастыр, пры якім і знаходзілася тады ўніяцкая царква. У 1824 г. Мірскі базыльянскі манастыр быў зачынены, Св. Троіцкая царква стала прыходскай, а ў 1839 г. была зноў ператворана ў праваслаўную. Успамінае Яўстафій Пастарнацкі добрым словам Філарэта Малышэўскага, які быў настаяцелем царквы ў пераходны перыяд ад закрыцця манастыра да 1839 г., а потым стаў архіепіскапам Ніжагародскім. Піша ён і пра закрыццё Мірскага касцёла, пра пажар у Міры ў 1865 г. і страту праваслаўнага храма. Адраджаць праваслаўную святыню давядзецца мірскаму летапісцу.
Яўстафій Пастарнацкі павучаў народ не толькі з царкоўнага амвона. Па сваёй ініцыятыве ў 1869 г. ён арганізаваў у Міры нядзельную школу, распрацаваў праграму заняткаў і дзяліўся сваім вопытам на старонках “Мінскіх епархіяльных ведамасцяў”. З артыкула “Нядзельныя гутаркі пры Мірскай Мікалаеўскай царкве” ад 30 мая 1870 г. можна даведацца, што з 9 лістапада 1869 г. да 5 красавіка 1870 г. у будынку народнага вучылішча ён правёў 23 гутаркі, якія доўжыліся каля двух гадзін, прычым кожны раз паслухаць святара збіралася каля 200 чалавек. Гэта былі ў асноўным дарослыя людзі. У наступныя два гады колькасць заняткаў і вучняў не паменшылася. У 1872 г. дапамогу настаяцелю ў добрай справе пачаў аказваць яго памочнік, святар Мікалай Каранцэвіч. Заняткі нядзельнай школы праводзіліся, як правіла, з кастрычніка да мая, улічваючы тую акалічнасць, што летам многія мірскія рамеснікі ў нядзелю прадавалі свае вырабы на кірмашы, а ў зімовы час гандаль пераносіўся на панядзелак. 6 верасня 1872 г. Яўстафій Пастарнацкі атрымаў падзяку епархіяльнага начальства за старанную працу на гэтай ніве.
Па прыкладзе Мірскай прыходскай царквы святары Карэліцкай, Турэцкай і некаторых іншых цэркваў таксама пажадалі адкрыць пры сваіх храмах нядзельныя школы. Асветніцкая праца айца Яўстафія не знікла дарма – усё часцей прыхаджане сталі звяртацца да яго з просьбаю даць ім пачытаць кнігі дадому, таму ён пачаў клапаціцца аб стварэнні царкоўнай бібліятэкі, тым больш што ў мястэчку падрастала шмат дзяцей, якіх таксама трэба было далучаць да чытання, а некалькіх кніг і часопісаў духоўнага зместу было ўжо недастаткова. Гэту справу пазней завершыць святар Фелікс Сцяпура, які адкрые пры Мірскай царкве бясплатную бібліятэку.
20 студзеня 1871 г. на 45-м годзе святарства пайшоў з жыцця протаіерэй Лука Феадоравіч Кудрыцкі, які вучыў народ жыць дабрадзейна і богаўгодна. Настаяцелем Мірскай Мікалаеўскай царквы становіцца Яўстафій Пастарнацкі. Праз год ён быў прызначаны благачынным 2-й акругі Навагрудскага павета.
Сваё святарства айцец Яўстафій адзначыў аднаўленнем Св. Троіцкай царквы, якая ўжо сем гадоў ляжала ў руінах. Дзякуючы айцу Яўстафію, 2 лютага 1872 г. на агульным сходзе прыхаджане прынялі рашэнне ў бліжэйшы час адрадзіць храм і неадкладна прыступілі да будаўнічых работ. І ўжо праз тры гады святыня паўстала з руін.
Асвячэнне адноўленага старажытнага храма адбылося 25 мая 1875 г. Напярэдадні ў мястэчка Мір прыбыў Уладыка Мінскі і Тураўскі Аляксандр, з благаславення якога з прыходскага храма ў Св.Т роіцкую царкву быў урачыста перанесены мясцовашанаваны абраз Божай Маці. Дзякуючы брацтву Мірскай царквы гэты абраз быў упрыгожаны новай цудоўнай пазалочанай, срэбнай рызаю з рознакаляровымі стразамі, за што братчыкі заплацілі майстрам 500 рублёў. Пазней Мірскую ікону Божай Маці, пісаную ў візантыйскім стылі, размясцілі над царскімі варотамі так, каб яна пры дапамозе асобага механізма апускалася для пакланення багамольцаў. (На жаль, у час Першай сусветнай вайны абраз быў страчаны. Цяпер на яго месцы знаходзіцца абраз Божай Маці Пачаеўскай, які лічыцца цудатворным. Ён быў дастаўлены са Свята-Успенскай Пачаеўскай лаўры ў 1930-я гг. дзякуючы мірскаму святару Уладзіміру Свірскаму. – С.К.)
Вечарам здзейснілася незвычайная і рэдкая для сельскага прыходскага храма падзея — архірэйскае служэнне з цудоўнымі спевамі хора. А назаўтра прыхаджане сталі сведкамі галоўнай святочнай падзеі – урачыстага асвячэння адбудаванага імі храма. Гэты свяшчэнны абрад з хрэсным ходам і вадасвяццем вельмі ўразіў не толькі прыхаджан храма, але і ўсіх жыхароў Міра, якія сабраліся, каб убачыць хараство царкоўнага свята.
Запала ў душы людзей і павучанне, сказанае настаяцелем храма Я. Пастарнацкім перад пачаткам літургіі. Айцец Яўстафій нагадаў прысутным гісторыю старажытнага храма, расказаў пра тое, што на мясцовашанаваным абразе Божай Маці пры ачыстцы быў заўважаны надпіс – “1552 года”, і гэта азначае, што святыня – сучасніца пабудовы праваслаўнага храма.
“Добры намер і жаданне Бог ніколі не пакідае без сваёй дапамогі. Не пакінуў Ён нас і ў нашай добрай справе. Здзейсненая вамі вялікая і святая справа аднаўлення гэтай святыні хай будзе вялікім урокам і настаўленнем і для дзяцей вашых; хай бачаць яны і вучацца любіць Бога, любіць хараство царкоўнае. Цяпер застаецца нам прыкласці старанне пры харастве нашых храмаў упрыгожваць іх прыгажосцю духоўнаю”, — гаварыў святар людзям.
10 гадоў Яўстафій Пастарнацкі самааддана служыў Богу і людзям у Міры. Епіскап Мінскі Аляксандр цаніў разумнага і таленавітага святара і ў ліпені 1875 г. перавёў яго да Мінскага кафедральнага сабора. 27 ліпеня айцец Яўстафій сказаў сваё апошняе павучанне прыхаджанам пры служэнні ў Мірскай царкве, і былі яго словы, як заўсёды, поўныя любові да людзей, са шчырым пажаданнем ім Божага благаслаўлення на добрыя справы.
Кранальным было і расставанне прыхаджан са сваім духоўным бацькам. Шчырую падзяку айцу Яўстафію за яго бездакорную службу людзі выказалі ў пісьмовай пастанове, складзенай у Мірскім валасным праўленні 13 ліпеня 1875 г. і адпраўленай епіскапу Мінскаму і Бабруйскаму Аляксандру. Пад гэтым дакументам стаяць подпісы 151 чалавека. Мірскае Мікалаеўскае брацтва таксама дзякавала епіскапа за цудоўнага настаяцеля.
Святар Яўстафій Пастарнацкі быў таленавітым і творчым чалавекам, і калі браўся за якую-небудзь справу, то выконваў яе старанна, якасна і з душой. Свой талент ён, як вучыць Святое Пісанне, імкнуўся прымножыць. Можна дапусціць, што калі б ён абраў іншы шлях, то і там змог бы дабіцца значных поспехаў, як яго брат Фёдар, які пасля вучобы ў Мінскай духоўнай семінарыі скончыў медыцынскі факультэт Кіеўскага ўніверсітэта і стаў выдатным вучоным, прафесарам медыцыны, заснавальнікам кафедры шпітальнай тэрапіі Медыка-хірургічнай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу і адным з заснавальнікаў расійскай бальнеялогіі і курорталогіі (кожны медык ведае пра “сімптом Пастарнацкага”, характэрны для хваробы нырак і апісаны вучоным).
Яўстафій Пастарнацкі, акрамя талента прапаведніка, асветніка і летапісца, быў надзелены талентам дойліда. Дзе б ні з’яўляўся святар, там распачыналася будаўніцтва. Ён аднаўляў храмы ў Міры і Снове, Мінскі кафедральны сабор, будынкі Мінскага і Парыцкага жаночых вучылішчаў, Мінскага духоўнага вучылішча. У 1884 г. атрымаў запрашэнне пераехаць у Астрахань, дзе стаў святаром Астраханскага кафедральнага сабора і законанастаўнікам Астраханскага епархіяльнага жаночага вучылішча. І там яго талент дойліда аказаўся запатрабаваны – ён бліскуча выканаў ускладзены на яго абавязак па будаўніцтве новага мураванага будынка епархіяльнага вучылішча. Вярнуўшыся на радзіму, святар зрабіў яшчэ адну важную справу – заснаваў у Мінску епархіяльны свячны завод, які быў пабудаваны па яго праекце. Справамі гэтага завода ён займаўся да апошніх дзён свайго жыцця.
Веды дойліда святар спасцігаў на ўласным вопыце, сам складаў планы і каштарысы, рабіў чарцяжы і не толькі кіраваў будаўніцтвам, а калі трэба было, то браў у рукі будаўнічы інструмент. І пры гэтым ён ніколі не забываў пра асноўныя абавязкі святара.
Вельмі ўражвае адзін выпадак з жыцця Яўстафія Пастарнацкага, пра які расказаў пры развітанні з ім законанастаўнік Мінскай класічнай гімназіі протаіерэй Андрэй Юрашкевіч. Аднойчы айцец Яўстафій прыехаў у вёску, каб здзейсніць чын пахавання над памерлым селянінам. Убачыўшы, што неспрактыкаваныя вясковыя майстры толькі пачалі рабіць труну, ён не змог не дапамагчы ім сваімі ведамі і вопытам – узяў у рукі сякеру і на некаторы час ператварыўся са святара ў цесляра. Рэдкай душы быў чалавек!
Пры ўсёй сваёй занятасці айцец Яўстафій знаходзіў час на захапленне, якое вельмі цешыла яго. Дзякуючы яму каля царквы заўсёды раслі кветкі дзіўнай прыгажосці, якія радавалі вока святара і дастаўлялі радасць прыхаджанам. Кветкі былі рассыпаны на ўсяму шляху ад храма да могілак, калі заслужанага пастыра праводзілі ў апошні шлях. Протаіерэй Мінскага Екацярынінскага сабора пайшоў з жыцця 27 ліпеня 1900 года. Ён знайшоў спачын каля магілы свайго адзінага любімага сына, студэнта Санкт-Пецярбургскай ваенна-медыцынскай акадэміі.
За год да смерці, 6 мая 1899 г., протаіерэй Яўстафій Пастарнацкі паспеў атрымаць заслужаную ўзнагароду – ордэн Святога Уладзіміра 4-й ступені, які даваў права на спадчыннае дваранства і штогадовую пенсію. Дэвіз ордэна – “Польза, честь и слава”.
Святлана КОШУР
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц