Депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Александр Сонгин рассказывает о фестивале национальных культур

Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне — вельмі маштабнае, прыгожае і значнае мерапрыемства, якое дэманструе талерантнасць беларускага народа да людзей розных нацыянальнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі нашай краіны, — лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання па Замкавай выбарчай акрузе № 57, старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі» Аляксандр Сонгін.

— Ужо ў пачатку фестывалю, падчас шэсця, атрымліваеш эмацыянальны зарад ад таго, як прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў сустракаюць цябе, ад тых цёплых слоў, якія чуеш у свой адрас. Гэта настолькі моцны зарад энергіі, што ён захоўваецца на доўгі час, — дзеліцца дэпутат.

Фестываль паказвае, што на адной тэрыторыі могуць мірна суіснаваць людзі розных нацыянальнасцяў.

— Не было нічога, што выклікала б непрыманне і непаразуменне, нават у прадстаўнікоў тых нацыянальнасцяў, паміж якімі на дзяржаўным узроўні існуюць пэўныя палітычныя і эканамічныя непаразуменні. На фестывалі гэта ніяк не праяўлялася — усе талерантныя, прыязныя, што яшчэ раз даказвае: нягледзячы на меркаванні асобных палітыкаў, людзі хочуць жыць у міры і згодзе, — упэўнены Аляксандр Генрыхавіч. — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка слушна адзначае, што суседзяў не выбіраюць. Яны ад Бога. Таму неабходна жыць у міры і згодзе. І мы дэманструем гэта не толькі фестывалем, але і нашым паўсядзённым жыццём і працай. Са свайго боку мы імкнёмся да плённай сумеснай працы. На жаль, нашы заходнія суседзі ствараюць вобраз ворага ў асобе Беларусі, што не дазваляе спакойна суіснаваць простым людзям.

Расказаў Аляксандр Генрыхавіч і аб тым, чым здзіўляў гасцей фестывалю польскі падворак:

— На нашым падворку панавала пераемнасць пакаленняў: былі і дзеці, і дарослыя, і больш сталыя прадстаўнікі палякаў Беларусі. Зразумела, не абышліся без разынак. У гэты раз мы выпякалі старапольскія пернікі. Увогуле, гродзенцаў цяжка здзівіць, бо побач мяжа з Польшчай, і людзі ведаюць, што такое бігас, флякі, і тым не менш, з задавальненнем спрабавалі гэтыя стравы.

Падводзячы вынік, дэпутат гаворыць, што ўсе мы адно цэлае, і імкнемся жыць у міры і згодзе:

— Фестываль, дзе ўдзельнічаюць многія народы, паміж якімі няма непаразуменняў, — добрае гэтаму пацверджанне.

Сяргей СТОЛЯР