Знакомимся с памятниками природы республиканского значения, расположенными в Кореличском районе
Гісторыя стварэння ахоўных прыродных тэрыторый бярэ свой пачатак з часоў Старажытнай Грэцыі і Старажытнага Рыма. Тады былі створаны першыя такія тэрыторыі. Ва ўсім свеце ёсць мноства запаведнікаў, заказнікаў, нацыянальных паркаў, існуе шмат розных помнікаў прыроды. Помнікі прыроды – гэта ўнікальныя прыродныя аб’екты: азёры, пячоры, гаі, камяні-валуны, пяшчанікі, рэдкія дрэвы, якія ахоўваюцца дзяржавай. На тэрыторыі Карэліцкага раёна таксама ёсць месцы дзіўнай прыгажосці і асаблівага прыцягнення.
Спецыялістамі сектара спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама распрацаваны турыстычны маршрут “Памяць, створаная і захаваная прыродай”, у які ўключаны помнікі прыроды рэспубліканскага значэння, рамешчаныя на тэрыторыі раёна. Маршрут уключае наступныя аб’екты: кангламераты Смольчыцкія (в. Вялікія Тупалы), агаленне “Цімошкавічы” (в. Баранавічы), каштан васьмітычынкавы “Райцаўскі” (агр. Райца), заказнік Свіцязянскі, валун “Чортаў камень” асташынскі (в. Асташын), узгорак “Гара Замак” (в. Беразавец), валун “Вялікі камень” чыжыноўскі (в. Чыжыноўцы), парк “Мір” (г.п. Мір) і гідралагічны заказнік “Міранка”. Карэспандэнт газеты ”Полымя” адправілася ў дарогу і наведала тры некранутыя рукой чалавека месцы.
Першы прыпынак – вёска Вялікія Тупалы Малюшыцкага сельскага Савета. Тут, на ўскрайку лесу, як сведак і ўдзельнік далёкіх шматвяковых прыродных працэсаў знаходзіцца геалагічны помнік прыроды “Смольчыцкія кангламераты”. Гэтым пяшчаным глыбам як мінімум 15 тыс. гадоў. Узніклі яны дзякуючы Скандынаўскаму ледніку. Да сённяшняга часу захаваліся 15 глыбаў памерам больш за 3 метры. Найбольшая глыба размяшчаецца ў цэнтральнай частцы. Даўжыня складае 11,8 м, вышыня – 7,8, акружнасць – 23,7 м, вага – больш за 800 т.
Смольчыцкія кангламераты ўзніклі ў выніку цэментацыі галькі і жвіру і ўтвараюць унікальны для Беларусі скальны ландшафт.
Вяскоўцы гасцінна паказваюць дарогу жадаючым наведаць і зрабіць памятныя фотаздымкі каля незвычайнага помніка прыроды, міжвольна адчуўшы сябе гаспадарамі гары. Па словах мясцовых жыхароў, гэтае месца апошнім часам карыстаецца асаблівай папулярнасцю. Бывае так, што за выхадныя прыязджаюць сюды каля дзесяці машын.
Так, часта бывае, што мы за мітуснёй і спешкай часам не заўважаем дзіўнай любаты навокал, багацця і разнастайнасці прыроды. А апынуўшыся сярод гэтай некранутай рукою чалавека прыгажосці і незвычайнасці, бачыш своеасаблівы нязвыклы для вока пейзаж, пачынаеш па-асобаму зазначаць неабсяжнасць прастораў цудоўнай прыроды.
Далей па маршруце – геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння – агаленне “Цімошкавічы”. Яно знаходзіцца недалёка ад вёскі Баранавічы Малюшыцкага сельскага Савета. Перад тым, як трапіць на месца, зазірнула ў мясцовы Дом культуры. На парозе мяне сустрэла кіраўнік музея ўстановы культуры “Сінявокае багацце” Зоя Зусько. Жанчына вызвалася быць правадніком да месца. Шлях стаў для нас сапраўдным “квэстам”. Вось мы прыблізіліся да агалення. Нашаму погляду адкрыўся працягласцю ў паўтара кіламетра стромкі яр, пакрыты расліннасцю. Час няўмольна імчыцца наперад, змяняючы рэльефы і ландшафты, і тут, дзякуючы размыванню схілаў паводкавымі і ліўневымі водамі, у многіх месцах агаленне разбурана.
– Гэта міжледніковыя пласты, якія, акрамя торфу, пяску, дробнага каменю, змяшчаюць раслінныя астанкі і ракавіны малюскаў. Узрост слаёў, паводле навуковых даследаванняў, адпавядае пачатку верхняга антрапагену, або мікулінскаму міжледавікоўю. Мясцовыя жыхары не надаюць асаблівай увагі гэтаму месцу, для большасці – гэта звычайны роў, – зазначыла Зоя Дзмітрыеўна. – У 1980-х гадах групай беларускіх вучоных было даследавана гэтае месца. У вывучаемай пародзе было заўважана насенне грабу, клёну, бярозы, дубу, хваёвых дрэў і іншых раслін. А гэта сведчыць пра тое, што ў перыяд мікулінскага міжледавікоўя наяўнасць хваёвых і лісцевых лясоў не выключана.
Пасярэдзіне рова працякае крынічны ручай, які ўпадае ў раку Неўда. Мясцовасць вільготная, з-за чаго тут перыядычна падаюць дрэвы. Паколькі месца ахоўнае, паваленыя дрэвы не прыбіраюць, і гэта стварае асаблівы антураж некранутай прыроды. А каб адчуць увесь гэты вайб спаўна, неабходна замерці і прыслухацца – загадкавы і таямнічы плёскат вады, а дрэвы… нават пры невялікім ветры – іх ствалы злавесна рыпяць.
Геалагічныя помнікі прыроды на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца асабліва ахоўваемымі аб’ектамі і ўяўляюць каштоўнасць у навуковых, прыродна-гістарычных, культурна-пазнавальных і аздараўленчых адносінах. Гэты тэзіс, абвешчаны ў 1961 г. у першым законе «Аб ахове прыроды», не страціў сваёй значнасці і ў цяперашні час. Статус іх, як асабліва ахоўных, замацаваны ў законах і іншых заканадаўчых актах, якія тычацца аховы прыроды і нетраў у прыватнасці. Колькасць ахоўных геалагічных аб’ектаў у краіне перавышае 500. Аднак варта канстатаваць, што многія буйныя і каштоўныя валуны і геалагічныя агаленні зніклі.
Пазнаёміўшыся з Цімошкавіцкімі каштоўнасцямі, удосталь нацешыўшыся краявідамі і атрымаўшы адпаведную гаму эмоцый, свой кірунак трымаю ў Райцаўскі сельскі Савет.Адна з галоўных славутасцяў тут – стары каштан, якому прысвоена заслужанае званне “помнік прыроды”. Гэты ганаровы статус манументальна замацаваны на памятным знаку з надпісам на беларускай мове: “Каштан васьмітычынкавы – ахоўваецца дзяржавай”.
Па словах мясцовых жыхароў, пасаджанае дрэва было прывезена былой гаспадыняй шляхецкай сядзібы Раецкай з Парыжскай выставы ў далёкім XIX стагоддзі.
Я крыху спазнілася, не давялося мне ўбачыць пышную квецень векавога дрэва, але, гледзячы на амаль адцвіўшыя суквецці, трэба адзначыць, што яны маюць незвычайны выгляд – замест звыклых бела-ружовых пялёсткаў нагадваюць даўгаватыя плады.
– Іншая назва каштана васьмітычынкавага – конскі каштан жоўты – яго кветкі жоўта-зялёныя і ліставыя пласціны з завостраннем. Характэрна тое, што ўвесь арэал распаўсюджвання гэтай разнавіднасці каштана засяроджаны ў ЗША, гэта значыць для нашых месцаў гэтае дрэва ўнікальнае, – зазначыла цяперашняя гаспадыня сядзібнага дома Раецкіх Вера Салдатава. – Доўгі час дрэва не маглі размножыць, але цяпер ужо ёсць маладыя гадаванцы. Калі да нас прыязджаюць наведвальнікі, я заўсёды звяртаю іх увагу і на прыродную альтанку. Хоць гэта і не помнік прыроды, але мы ганарымся і ахоўваем векавечныя дрэвы старажытнага парка.
Жанчына паказала яе і мне. Расказала, што клён гатунку «явар» лічыцца ахоўнікам сям’і. Пяць ствалоў гэтага дрэва растуць з аднаго кораня. Іх кроны, дзякуючы густой лістоце, ствараюць густы шацёр. Тут з лёгкасцю можна схавацца ад непагадзі і палячага сонца. Гэта прыродная альтанка была закладзена таксама першай гаспадыняй сядзібы.
Міжвольна мяне апанавала думка-роздум: жыццё чалавека вельмі падобна на жыццё дрэва. Усе дрэвы, як і людзі, у кожнага ад нараджэння свой лёс. Ці людзі – як дрэвы? Галоўнае, што іх аб’ядноўвае – хтосьці надзелены сілай змагацца з праблемамі, якія ўзніклі аднекуль, а некаторыя імгненна складаюць свае рукі-галіны і гэтым значна скарачаюць сваё жыццё. А дрэвы старажытнага сядзібнага парка Раецкіх, нягледзячы ні на якія нягоды, сталі магутнымі прыгажунамі, шумяць летам густой лістотай… Цікава, каб яны гаварылі, якія тайны паведалі б нам?..
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара