Из воспоминаний жительницы деревни Новое Село Марии Александровны Генак про Великую Отечественную войну

Вайна… якое страшнае слова. Ад яго па целе бягуць мурашкі і замірае сэрца. Яна вераломна ўварвалася ў наш Дом, бязлітасна разбурыўшы лёсы, сем’і, гарады і вёскі. Больш чым тры гады беларуская зямля літаральна стагнала ад зверстваў нацыстаў. У разбуральным пажары загінуў кожны трэці жыхар краіны. Многія ў дзяцінстве не раз прасілі пажылых сваякоў: “Раскажы пра вайну!” Але не ўсе былі гатовы падзяліцца  сваім страшным досведам.  Карэспандэнт раённай газеты ”Полымя” накіравалася ў вёску Новае Сяло  Ярэміцкага сельскага Савета. Тут сустрэлася з Марыяй Георгіеўнай Грышкевіч,  якая  падзялілася ўспамінамі сваёй маці  аб падзеях 1943 года.

Марыя Георгіеўна Грышкевіч

– Вялікую Айчынную вайну ў нашай сям’і ўспаміналі рэдка: цяжкі адбітак пакінула яна ў сэрцах многіх родных. Але калі ўсё ж  пра трагічныя падзеі заходзіла гаворка, то ўспаміналі звычайна  родных і блізкіх людзей, якім не давялося ўбачыць салютаў Вялікай Перамогі.  Загінулых  родзічаў было вельмі шмат. Нехта не вярнуўся з вайны, а хтосьці разам з жыхарамі роднай вёскі зажыва быў спалены,   –  пачала свой расказ Марыя Георгіеўна. – Мая маці,  Марыя Аляксандраўна Генак, нарадзілася ў 1919 годзе і ўсё жыццё пражыла ў вёсцы Новае Сяло.  Нашу вёску  спальвалі двойчы: у лютым, а потым у ліпені 1943 года. Абодва разы людзей зганялі ў адрыны, дзе яны задыхаліся ад дыму, а тых, хто спрабаваў выратавацца праз вокны, спынялі кулямі. Мая матуля заўсёды лічыла, што нарадзілася пад шчаслівай зоркай. Калі паліцаі  наведаліся з крывавай місіяй у Новае Сяло,  яна  з малодшай сястрой Зінай былі ў Панямоні. Ужо вярталіся дадому. Не паспелі дайсці да вёскі, як іх перапыніў апрануты ў чорнае адзенне чалавек  з кулямётам за плячыма і сказаў, каб  туды не ішлі. Дзяўчатам адразу было зразумела чаму, і праз тыдзень, калі  яны вырашылі вярнуцца, усё стала яшчэ больш зразумелым. Стэфанію Сініцу спалілі з двухмесячным дзіцем, бабулю Вольгу Чарадойлу – з двума ўнукамі, Марылю Генак – з чатырма дзецьмі… Гэта чакала і маю маму, і яе сястру, бо іх бацька, Георгій Сцяпанавіч, быў  партызанам.

Марыя Аляксандраўна Генак

Георгій Сцяпанавіч Генак

Ён пасля вызвалення акупіраванай немцамі тэрыторыі лавіў бандэраўцаў у лясах пад Баранавічамі.  Заўсёды гаварыў, што лепш  бы на вайну пайшоў: бой ёсць бой, а тут, у лесе, за кожным кустом маглі быць бандыты і ўсюды падпільноўвала варожая куля.

Расказвалі бацькі і пра цяжкае пасляваеннае жыццё. Жылі адразу ў зямлянках, спалі на сухім пырніку,  потым пачалі будавацца. Яны абодва працавалі ў калгасе. Бацька быў адмысловым будаўніком і кавалём, а маці працавала паляводам.

Напэўна, амаль у кожнай сям’і ёсць бясцэнныя рэліквіі, якія дапамагаюць захоўваць памяць аб мінулых днях. Ёсць такія рэчы і ў нашай сям’і: фатаграфіі,  узнагароды, дакументы-сведкі эпохі: лісты, даведкі, узнагародныя лісты. Я ведаю пра вайну па расказах родных, фільмах і кнігах, але добра разумею, што вайна – гэта заўсёды боль, разбурэнне, незаменныя страты блізкіх людзей, ды і для тых, хто прайшоў вайну, яна не прайшла бясследна, — напрыканцы размовы  сказала суразмоўца.

Гісторыі пра Вялікую Айчынную вайну неабхода перадаваць з пакалення ў пакаленне ў кожнай сям’і. Нават калі саміх удзельнікаў падзей ужо няма ў жывых, тыя самыя апавяданні трэба паўтараць дзецям, унукам і праўнукам. Часта гэта адзіная памяць: нават фотаздымкі, якія звычайна беражліва захоўваюцца ў альбомах, могуць згубіцца, а вось асаблівыя гісторыі — не. Толькі так мы зможам захаваць гістарычную праўду аб Другой сусветнай вайне.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара і з архіва героя публікацыі